Юрыдычны каледж пры Беларускім дзяржаўным універсітэце з’яўляецца адным з ключавых элементаў у падрыхтоўцы спецыялістаў прававой сферы. Тут робяць стаўку не толькі на тэорыю, але і на практыку, што дазваляе выпускнікам хутка ўключацца ў прафесійную дзейнасць.
На прававым полі
Сёння ў каледжы 435 навучэнцаў. На працягу многіх гадоў іх колькасць застаецца стабільнай, аднак апошнім часам назіраецца паступовы рост.
Асаблівасцю гэтай навучальнай установы з’яўляецца тое, што рыхтуюць спецыялістаў толькі па адной спецыяльнасці — «Правазнаўства». Больш за 25 гадоў каледж мэтанакіравана забяспечвае краіну кадрамі ў галіне права.
А яго галоўная місія — падрыхтоўка спецыялістаў сярэдняга звяна для дзяржаўных і праваахоўных органаў. Найбольш запатрабаванымі яны застаюцца ў судовай сістэме — працуюць сакратарамі судовых пасяджэнняў, памочнікамі суддзяў, у канцылярыях і архівах судоў.
Значная частка выпускнікоў ідзе ў органы ўнутраных спраў і органы прымусовага выканання. Акрамя таго, яны задзейнічаны ў сферы кадравай службы і юрыдычнага суправаджэння розных ўстаноў — ад адукацыі і аховы здароўя да сельскай гаспадаркі. Попыт на такіх спецыялістаў стабільна высокі.
У нагу з часам
Сучасны юрыст павінен не толькі дасканала ведаць заканадаўства, але і валодаць навыкамі работы з інфармацыйнымі сістэмамі, базамі даных, лічбавымі платформамі. Таму каледж абнаўляе адукацыйныя праграмы і ўключае новыя тэмы як у тэарэтычныя курсы, так і ў практычную падрыхтоўку. Прычым на апошняй робіцца акцэнт, падкрэслівае старшыня цыклавой камісіі вучэбных прадметаў грамадзянска-прававога профілю Дар’я СУДНІЧЭНКА. У адрозненне ад вышэйшых навучальных устаноў, дзе значная ўвага ўдзяляецца глыбокай тэарэтычнай базе, у каледжы адукацыя арыентавана менавіта на прыкладны вынік. Акрамя таго, тэрміны навучання ў ім значна карацейшыя: пасля дзевяці класаў — тры гады, пасля адзінаццаці — два. Гэта патрабуе больш інтэнсіўнага і мэтанакіраванага навучальнага працэсу.
Ключавой адметнасцю навучання ў юрыдычным каледжы назваў выразную практыка-арыентаванасць і выкладчык, адвакат Мінскай калегіі адвакатаў Георгій БУХАЎ. Навучэнцы выконваюць прыкладныя заданні, складаюць юрыдычныя дакументы і аналізуюць канкрэтныя кейсы. Разам з тым, адзначае ён, тэарэтычная база і навуковая дзейнасць таксама застаюцца важнай часткай адукацыйнага працэсу: навучэнцы каледжа ўдзельнічаюць у канферэнцыях, конкурсах даследчых работ і супрацоўнічаюць з вядучымі навуковымі пляцоўкамі краіны.
— Нягледзячы на распаўсюджаны стэрэатып пра перанасычанасць рынку юрыстамі, попыт на кваліфікаваных спецыялістаў застаецца высокім, — канстатуе Георгій Бухаў. — Аднак менавіта матываваныя і ініцыятыўныя навучэнцы, якія шукаюць магчымасці для развіцця за межамі вучэбнай праграмы, у выніку становяцца найбольш запатрабаванымі.
Асаблівае задавальненне, прызнаецца выкладчык, прыносіць работа з маладымі людзьмі, якія сапраўды зацікаўлены ў прафесіі:
— Калі пасля заняткаў у навучэнцаў гараць вочы і ўзнікае жаданне паглыбляць веды — гэта і ёсць галоўны вынік працы педагога. Не менш важнай лічу і сувязь паміж пакаленнямі выпускнікоў — яна стварае своеасаблівую прафесійную супольнасць, дзе былыя і цяперашнія студэнты падтрымліваюць адзін аднаго і разам фарміруюць моцную юрыдычную школу.
Індыкатар цікавасці — высокі прахадны бал
Цікавасць моладзі да юрыдычнай адукацыі застаецца стабільна высокай. Прафесія прыцягвае магчымасцямі кар’ернага росту і высокім сацыяльным статусам. Пра гэта сведчыць і конкурс пры паступленні: прахадныя балы ў апошнія гады дасягаюць 9,7-9,8 на бюджэтную форму навучання.
Навучэнец другога курса юрыдычнага каледжа БДУ Адам МАЗОЛЬ прызнаецца: выбар прафесіі для яго быў не выпадковым, а паступовым і асэнсаваным. Яшчэ ў школьныя гады ён сур’ёзна захапіўся гісторыяй і грамадазнаўствам, паспяхова ўдзельнічаў у алімпіядах, займаў прызавыя месцы. Гэтыя прадметы і прывялі яго да юрыспрудэнцыі.
Пасля дзявятага класа перад хлопцам паўстаў выбар: працягваць навучанне ў школе з наступным паступленнем ва ўніверсітэт ці паспрабаваць сябе ў прафесіі раней. Адам паступіў у каледж. Важную ролю адыгралі і водгукі аб юрыдычным каледжы як прэстыжнай установе, што рыхтуе высокакваліфікаваных спецыялістаў. Акрамя таго, юрыспрудэнцыя прыцягнула яго магчымасцю не толькі аналізаваць і шукаць рашэнні, але і прыносіць карысць грамадству. «Закон — гэта інструмент дабра і справядлівасці», — кажа ён. І менавіта такое разуменне становіцца для маладога чалавека галоўным арыенцірам у прафесійным жыцці.
Выбар прафесіі як шлях да мары — так апісвае сваю гісторыю навучэнка другога курса юрыдычнага каледжа БДУ Кацярына АКСЁНАВА. Цікавасць да юрыспрудэнцыі ўзнікла ў яе яшчэ ў дзяцінстве і ў значнай ступені была звязана з сямейнымі традыцыямі — сястра вучылася ў гэтым каледжы. У школьны перыяд Кацярына заўважыла ў сабе лідарскія задаткі і прыйшла да высновы, што менавіта юрыспрудэнцыя дазволіць развіць іх у поўнай меры. На яе думку, гэта сфера патрабуе ўмення выступаць, аргументаваць сваю пазіцыю і браць на сябе адказнасць — якасці, якія яна хацела ў сабе ўмацаваць.
Юрыдычны каледж БДУ сёння — гэта прыклад таго, як профільная ўстанова можа эфектыўна адказваць на выклікі часу, сумяшчаючы традыцыі і сучасныя падыходы ў адукацыі.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Ксеніі ЛІННІК