Днямі Асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Польшчы (ZMPD) звярнулася да ўрада з патрабаваннем урэгуляваць крызіс на граніцы з Беларуссю, піша БелТА са спасылкай на польскае выданне WNP.
Перавозчыкі нясуць фінансавыя страты
У звароце пазначана, што пасля трынаццацідзённага закрыцця Варшавай граніцы (нагадаем, польскі бок у аднабаковым парадку прыняў пастанову аб закрыцці граніцы ў сувязі з правядзеннем беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2025») польскія перавозчыкі апынуліся «ў вельмі складанай аператыўнай, фінансавай і гуманітарнай сітуацыі».
— Рашэнне аб закрыцці граніцы было аб'яўлена ўсяго за два дні да яго ўступлення ў сілу, без папярэдняга аналізу эканамічных наступстваў і кансультацый з прадстаўнікамі міжнароднай транспартнай галіны. У выніку сотні польскіх грузавікоў апынуліся на беларускім баку, не маючы магчымасці вярнуцца дадому, — гаворыцца ў звароце.
Пасля адкрыцця пагранічнага пераходу ў «Казловічах» (з польскага боку — «Кукурыкі») сабралася вялізная чарга са звыш 3 тысяч фур, якія больш за восем дзён вымушаны прастойваць у чарзе на выезд з Беларусі ў Польшчу.
У арганізацыі заклікалі ўрад Польшчы неадкладна перавесці ў пункт пропуску «Кукурыкі» з польскага боку дадатковых супрацоўнікаў, бо цяпер гэта адзіны пункт пропуску, які абслугоўвае грузавыя аўтамабільныя перавозкі паміж Польшчай і Беларуссю. Таксама распрацаваць «рашэнні для перанакіравання часткі грузаперавозак на іншыя пункты перасячэння граніцы» для аднаўлення нармальнага патоку грузаў.
— Гэта сітуацыя пагражае не толькі цякучасці міжнародных перавозак, але і бяспецы людзей і пазіцыям польскіх кампаній на ўсходніх рынках. З-за прастою і немагчымасці выканаць кантракты польскія перавозчыкі рызыкуюць страціць заказы, якія могуць узяць на сябе кампаніі з іншых краін, — гаворыцца ў звароце.
Пытанне эканомікі і чалавечай годнасці
Польскае выданне Gazeta Prawna адзначае, што чаканне мытнага афармлення часам расцягваецца да 10 дзён.
— Для перавозчыкаў кожны дзень прастою грузавіка вядзе да страты сумы ў 350 еўра, — заявіў кіраўнік Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў (ZMPD) Ян Бучак. Доўгая чарга з грузавікоў цягнецца да граніцы, але парковачных месцаў не хапае. Паводле яго слоў, сітуацыя, якая склалася, таксама «стварае гуманітарныя праблемы».
Выданне адзначае, што чарга грузавікоў, якія чакаюць уезду ў Польшчу, ужо налічвае амаль 4 тысячы транспартных сродкаў і працягвае расці.
— Гэта не проста транспартная праблема — гэта пытанне эканомікі і чалавечай годнасці. Урад павінен дзейнічаць неадкладна, — перакананы Ян Бучак.
ZMPD таксама прапанавала тэрмінова стварыць міжведамасную крызісную групу з удзелам прадстаўнікоў урада, Краёвай адміністрацыі казначэйства і галіновых арганізацый, каб знайсці дзейсныя рашэнні і вярнуць нармальнае функцыянаванне граніцы.
У Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі адзначалі, што работа польскіх кантралюючых службаў толькі пагаршаецца. Аб’ёмы прыёму польскім бокам зніжаюцца на працягу ўсяго часу пасля пастановы Польшчы зноў аднавіць работу на польска-беларускай граніцы.
— Аб’ёмы прыёму зніжаюцца ўвесь час пасля пастановы Польшчы зноў аднавіць работу на польска-беларускай граніцы. Так, яшчэ 25 верасня польскія службы аформілі 680 транспартных сродкаў, праз два тыдні — амаль у два разы менш, — адзначылі днямі ў ведамстве.
Людзі жывуць у фурах
Кіроўцы велікагрузаў каля тыдня стаяць у чэргах на беларуска-польскай граніцы. Пра гэта паведамілі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».
Адзін з кіроўцаў грузавіка расказаў, што выезду чакае з 7 кастрычніка.
— Цяпер палякі прымаюць 400 машын, але прымалі па 600 машын за дзень (да закрыцця граніцы. — Заўв. рэд.), — адзначыў мужчына.
Яшчэ адзін беларускі кіроўца таксама чакае выезду ўжо больш за сем сутак.
— У Брэсцкім раёне жыву, і мне крыху лягчэй. Чым займаюцца іншыя, асабліва палякі, хто прыязджае сюды, наогул незразумела. Знаёмы жыве ўвесь гэты час у кабіне фуры. У палітыку я ўнікаць не хачу, тут у кожнага свае погляды, але неяк дамаўляцца трэба, — упэўнены ён.
Некаторыя палякі ўсе гэтыя дні застаюцца, каб перачакаць у Беларусі, а хтосьці наважваецца з’ехаць дадому праз пункт пропуску «Брэст» на легкавым аўто. Калі ж падыходзіць электронная чарга велікагруза, даводзіцца зноў вяртацца.
Польскі кіроўца падзяліўся з журналістамі, што афармленне на беларускім баку праходзіць хутка.
— Нашы затрымліваюць. Я толькі выгружаю і еду назад, і то трэба ў чарзе чакаць. Машыну пакідаю на паркоўцы і дадому еду легкавіком, — расказаў ён.
— Перавозчыкі стаяць, чакаюць. Польская мытня працуе лёгкімі тэмпамі. Быццам бы ўсе сядзяць на месцах, працуюць, але руху ніякага. За ўсе гады, што працую, такога не бачыў. Для чаго сваіх жа, так скажам, перавозчыкаў караюць рублём? — не разумее адзін з кіроўцаў у чарзе.
— Да нас (у Беларусь. — Заўв. рэд.) мы заязджаем хутка. А ў бок Польшчы — не. Хацелася б, каб палякі лепш працавалі, пажвавей, — выказаў жаданне кіроўца фуры.
Начальнік мытнага паста «Казловічы» Іван Дземічаў адзначыў, што аб’ёмы прыёму грузавых транспартных сродкаў польскім бокам застаюцца на нізкім узроўні на працягу ўсяго часу пасля пастановы Польшчы зноў аднавіць работу на польска-беларускай граніцы.
— У сярэднім кантралюючыя органы сумежнага боку працуюць на 25-30 % ад існуючых магчымасцяў. Тым часам чарга грузавых транспартных сродкаў на выезд з Беларусі з кожным днём павялічваецца, — дадаў ён.