Top.Mail.Ru

Каласальны зарад эмоцый і ўражанняў атрымалі ўдзельнікі прэс-тура ад наведвання ўнікальнага куточка Беларусі

Жывая зямля


Журналісты і актыўныя прадстаўнікі беларускай інтэрнэт-супольнасці адправіліся ў прэс-тур з нагоды 40-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Далучыліся да іх і карэспандэнты «Звязды». Мы пазнаёміліся з прамысловым, культурным і навукова-экалагічным патэнцыялам развіцця Хойніцкага раёна, які ў красавіку 1986-га апынуўся ў ліку найбольш пацярпелых.


Пачаўся прэс-тур з наведвання знакавага месца Хойнікшчыны — помніка Смутку, на мармуровай стэле якога выбіты назвы 24 населеных пунктаў раёна, якія вясной 1986-га прынялі на сябе найбольшую радыяцыйную нагрузку. Тым цікавей, як асабіста пераканаліся ўдзельнікі прэс-туру, расказаць шырокаму колу інтэрнэт-фаловераў, падпісчыкаў сацыяльных сетак, чытачоў традыцыйных СМІ аб тым, чым сёння жыве тэрыторыя, якая, нягледзячы на ўсе выклікі пасля аварыі на ЧАЭС, перажывае новае жыццё і працягвае вельмі актыўна развівацца.

Запаведнік з асаблівай місіяй

Цэнтральным аб’ектам маршруту стаў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Гэта ўнікальная прыродаахоўная і навуковая прастора на землях Хойніцкага, Брагінскага і Нараўлянскага раёнаў была створаная ў 1988 годзе. І запаведнік, тэрыторыя якога цяпер перавышае 217 тысяч гектараў, не класічны, бо спалучае функцыі аховы прыроды, навуковых даследаванняў і эксперыментальна-гаспадарчай дзейнасці. Яго развіццё знаходзіцца ў полі пастаяннай увагі Прэзідэнта Беларусі. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова наведваў гэту навуковую прырода-ахоўную ўстанову, і па выніках яго візітаў і пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы прымаліся рашэнні аб рэалізацыі новых праектаў развіцця тэрыторыі, якія сёння асабліва ўражваюць.


Галоўны прынцып — бяспека

Першае, што адзначаюць наведвальнікі запаведніка, — нязвыклая цішыня. Тут няма транспартнага ці вытворчага шуму — толькі гукі прыроды. І на гэтым фоне асабліва прыкметна, як тэрыторыя мяняецца без удзелу чалавека.

— Калі чалавек пакінуў гэтыя мясціны, зняцце антрапагеннай нагрузкі дало магутны імпульс для развіцця прыроды. За гэтыя дзесяцігоддзі флора і фаўна тут сапраўды бурна развіліся, — сведчыць дырэктар Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка Аляксей ЦІШКАВЕЦ. — І наш ключавы кірунак — менавіта навуковая дзейнасць. Запаведнік — сапраўды натуральная лабараторыя па вывучэнні працэсаў аднаўлення экасістэм, паводзін радыенуклідаў, дынаміцы развіцця флоры і фаўны.

Пры гэтым уся тэрыторыя запаведніка знаходзіцца пад асаблівым кантролем. Доступ сюды ажыццяўляецца выключна праз кантрольна-прапускныя пункты. Наведвальнікам выдаюць дазіметры, просяць сачыць за паказаннямі, праводзяць абавязковы інструктаж, бо бяспека тут — адзін з ключавых прынцыпаў як для працы супрацоўнікаў, так і для турыстаў.


Адна з асаблівасцяў запаведніка — мазаічнае забруджванне: у межах адной лакацыі радыяцыйны фон можа істотна адрознівацца. Таму ўсе маршруты пракладзены з захаваннем строгіх норм бяспекі.

Маніторынг без перапынку

На асаблівым кантролі тут таксама супрацьпажарная бяспека. У запаведніку створана ўласная пажарна-хімічная станцыя. Маніторынг пажарнай бяспекі вядзецца кругласутачна сіламі дыспетчарскай службы. Больш за трыццаць пажарных назіральных веж аснашчаны відэакамерамі. І калі ўзнікае задымленне або агонь, сігнал імгненна паступае ў цэнтр рэагавання. На ўзбраенні супрацоўнікаў запаведніка і ўнікальная супрацьпажарная тэхніка, створаная спецыяльна для працы ў цяжкапраходных умовах лесу. А набыты гэтыя дарагія машыны, па сутнасці, цэлыя шматфункцыянальныя супрацьпажарныя комплексы, дзякуючы падтрымцы дзяржавы.

У запаведніку вельмі актыўна развіваецца і некалькі гаспадарчых праектаў: пчалярства, конегадоўля, вырошчванне лясных і дэкаратыўных культур.

Як расказала галоўны заатэхнік племянной коннай фермы Алена БОЛДЫРАВА, разводзяць коней у запаведніку з 1996 года:

— За гэты час спрабавалі працаваць з некалькімі пародамі, але ўжо шмат гадоў маем справу толькі з пародай Рускі цяжкавоз. Пачалі з 60 галоў, цяпер у нас больш за 400 коней. Яны размешчаны ў аддзяленнях у Хойніцкім, Брагінскім і Нараўлянскім раёнах. У 2006 годзе ферма атрымала статус племянной па развядзенні гэтай пароды коней. Рэалізуем іх фермерскім гаспадаркам, індывідуальным прадпрымальнікам. Нашы коні карыстаюцца вялікім попытам.

Актыўна развіваецца і гаспадарка дэкаратыўных культур, а мясцовыя сеянцы і саджанцы запатрабаваны як турыстамі, так і супрацоўнікамі запаведніка.


Таксама на гэтай тэрыторыі створаны тры вытворчыя ўчасткі па дрэваперапрацоўцы. У доследнае карыстанне ўведзена 700 гектараў земляў, якія раней былі сельгасугоддзямі, а сёння на іх вырошчваюць кармы і іншыя культуры.

Вельмі важна, што запаведнік пры гэтым застаецца адкрытым для рэгуляванага турызму. 

І цікавасць да гэтай тэрыторыі расце з году ў год. Летась тут пабывала больш за 3,1 тысячы чалавек, сёлета — ужо 600. Большасць турыстаў, што прыязджаюць у гэтыя мясціны, — жыхары розных рэгіёнаў Беларусі. Аднак з кожным годам расце цікавасць да запаведніка ў турыстаў з Расіі, Кітая, Германіі, Італіі, Іспаніі і іншых краін.

Экскурсійныя маршруты праходзяць у тым ліку па вуліцах былых населеных пунктаў.

— Мы штогод дапаўняем маршруты, пашыраем магчымасці для гасцей, — адзначае Аляксей Цішкавец. — Людзям важна ўбачыць, як сёння жыве гэта тэрыторыя.


Дарогі да родных мясцін

У дні памінання ў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік прыязджаюць ураджэнцы былых мясцовых населеных пунктаў і іх нашчадкі. У гэты перыяд яны могуць наведаць месцы пахаванняў без пропуску, але абавязкова пры наяўнасці дакумента, які пацвярджае асобу.

— Штогод мы прымаем да 6 тысяч чалавек. Але нават у гэтыя дні дзейнічае строгі рэгламент наведвання тэрыторыі запаведніка і абмежаваны час знаходжання, — дадае дырэктар запаведніка. — На нашай тэрыторыі — больш за 90 грамадзянскіх пахаванняў. Пад кантролем і брацкія пахаванні, і памятныя знакі ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны, больш за 50 мемарыяльных аб’ектаў, якія мы абавязкова даглядаем.

Важна, што наведвальнікі на свае вочы могуць убачыць, што жыццё на гэтых тэрыторыях працягваецца, лічыць Аляксей Цішкавец:

— Так, у чымсьці яно абмежаванае, але тым не менш гэта наша зямля, і нам за ёй сачыць. 

І яна вельмі ўдзячна за гэта.

Убачыў сам — раскажы іншым

Пазнаёміць шырокую аўдыторыю з унікальным куточкам Хойнікшчыны праз цікавыя і насычаныя фота і відэа рады блогеры з Рэчыцы і Светлагорска Ганна КАПБА, Марта СВЕН і Таццяна ЯГОРАВА. Удзельніцы прэс-туру падзяліліся, што даўно марылі пабываць у гэтых мясцінах.

Блогер з Гомеля Ігар КУРЫЛОВІЧ падзяліўся, што ён родам з Віцебскай вобласці, а калі пераехаў жыць на Гомельшчыну, заўсёды хацеў убачыць тэрыторыі, закранутыя аварыяй на ЧАЭС:

— Вельмі рады, што наведаў гэта месца. Для сваёй аўдыторыі вёў прамыя трансляцыі, паказваў, як тут усё выглядае. Таму не толькі я ў прэс-туры, але і мае гледачы, уся краіна разам. Калі рыхтаваўся, мы абмяркоўвалі ў каментарыях, і людзі меркавалі, што тут усё закінутае. Але я прыехаў і адразу паказаў: тут чыста, дагледжаныя палі, ды і людзі тут вельмі добрыя! Хацелася б вярнуцца сюды яшчэ.


Паліна АСВІНАВА, таксама блогер, старшыня камісіі па СМІ і сувязях Маладзёжнага савета пры Гомельскім абласным Савеце дэпутатаў, дадала, што яе фота і відэа з запаведніка адрасаваны перш за ўсё моладзі, аднак не толькі ёй:

— Каб яны хоць у такім фармаце падарожнічалі па гэтых унікальных мясцінах. Ёсць цяпер чым здзівіць і маю бабулю Тамару Фёдараўну, якая ў 1986 годзе прыехала ў Хойніцкі раён і праводзіла тлумачальную работу з мясцовымі жыхарамі. Ёй вельмі цікава даведацца, як выглядаюць гэтыя мясціны цяпер. Мяне не пакідае адчуванне, што тут калісьці кіпела жыццё. Гэта ўрок для ўсіх нас — як шанаваць кожнае імгненне жыцця, простае чалавечае шчасце і ніколі не здавацца, нягледзячы ні на што.

Удзельнікаў прэс-туру ўразілі экскурсіі па былым населеным пункце на тэрыторыі запаведніка — вёсцы Бабчын. А ў найбліжэйшы час у ім з’явіцца новая назіральная пляцоўка на вышыні больш за 5 метраў. З яе можна будзе ўбачыць саркафаг над чацвёртым энергаблокам Чарнобыльскай АЭС.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю