Top.Mail.Ru
216

Калекцыя Гродзенскага заапарка папоўнілася самцом японскага жураўля

Калекцыя Гродзенскага заапарка папоўнілася самцом японскага жураўля. Пра гэта паведамілі ва ўстанове. 



Як адзначылі ў заапарку, у чэрвені мінулага года ў рамках праграмы еўраазіяцкай рэгіянальнай асацыяцыі заапаркаў і акварыўмаў «Захаванне жураўлёў Еўразіі» ў Гродне прывезлі аднагадовую самку японскага жураўля. Зараз, праз год, для камплектавання пары па гэтай жа праграме ў мясцовы заапарк прывезлі маладога самца. Абедзве птушкі прыехалі з Маскоўскага заапарка.

Самачку мясцовыя спецыялісты назвалі Джуліяй, самца — Рычардам. «Для стварэння сям’і Рычард і Джулія яшчэ занадта маладыя. У чэрвені самачцы спаўняецца два гады, а самцу ўсяго толькі год. Палавой жа сталасці японскія журавы дасягаюць толькі да трох гадоў. Паміж сабой птушкі пакуль не знаёмыя. Праз некалькі месяцаў мы плануем пасяліць іх у суседнія вальеры, каб яны паступова прывыкалі адзін да аднаго», — адзначылі ў заапарку.

Там таксама расказалі, што цяпер, пасля працяглага пераезду, Рычард праходзіць адаптацыю: асвойвае новы вальер і ўзмоцнена сілкуецца. Рацыён жураўлёў ў няволі ўключае ў сябе мяса, рыбу, кашы, агародніну і мышэй (прычым для гэтых птушак мышы з’яўляюцца асноўным ласункам).

Дарэчы, за ўсю гісторыю існавання Гродзенскага заапарка японскія журавы тут з’явіліся ўпершыню.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю