«Учора Прэзідэнтам нашай краіны было прынята кадравае рашэнне прызначыць на пасаду генеральнага дырэктара БелТА Андрэя Канстанцінавіча Мохара. У гэтай сувязі я сёння маю гонар прадставіць вам вашага непасрэднага начальніка, — адзначыў Уладзімір Пярцоў. — Ён скончыў журфак БДУ, прайшоў перападрыхтоўку ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце па спецыяльнасці „Дзяржаўнае кіраванне і ідэалогія“. За яго плячыма вялікая школа ў нашым журналісцкім цэху: працаваў у сістэме Беларускага радыё, у ЗАТ „Другі нацыянальны тэлеканал“ кіраваў інфармацыйнай дырэкцыяй. Гэта значыць Андрэй Канстанцінавіч як ніхто разумее, што такое навіны, загалоўкі, планы, кадры, а таксама, што такое аператыўнасць і праўдзівасць той інфармацыі, якая павінна выходзіць на стужцы інфармацыйнага агенцтва БелТА. Таму што вы галоўны летапіс нашай краіны — вы першыя, вы аўтарытэтныя. Менавіта з вашай стужкі ўвесь свет, не толькі наша краіна, атрымлівае інфармацыю пра тыя падзеі, факты — пра ўсё тое, што адбываецца ў Беларусі».
Уладзімір Пярцоў выказаў упэўненасць, што новы гендырэктар інфармагенцтва ў поўнай меры прыменіць свае навыкі, падыходы, падзеліцца імі з калектывам БелТА, каб вывесці работу на новы, больш якасны ўзровень ва ўмовах інфармацыйнай вайны. «Той, пра якую ўчора казаў Прэзідэнт і якая ўдарыла па вас з усёй моцай, што адбілася на выдаленні вашага канала з платформы YouTube, — дадаў ён. — Жадаю пад кіраўніцтвам чалавека з нашай сферы зрабіць усё магчымае для таго, каб БелТА выйшла на новую прыступку, на новыя вышыні і захавала той высокі статус галоўнага інфармацыйнага агенцтва, летапісца нашай краіны».

Андрэй Мохар адзначыў, што быў актыўным чытачом БелТА. «У штодзённым прама рэжыме адсочваў, глядзеў, чэрпаў інфармацыю, выкарыстоўваў у сваёй рабоце. Бачу, якая гіганцкая работа стаіць за гэтай, здавалася б, простай стужкай. Ведаю, што часам лягчэй стварыць каманду з нуля, але складаней прыходзіць у калектыў, які працуе, у якім усё на сваіх месцах. Упэўнены, што будзе над чым папрацаваць. І я не сумняваюся, што мы зможам зрабіць нейкі якасны крок наперад для таго, каб пацвердзіць званне найстарэйшага, аўтарытэтнага інфармацыйнага агенцтва краіны. Вельмі прыемна з вамі будзе працаваць», — сказаў ён.
Андрэй Канстанцінавіч Мохар нарадзіўся ў 1977 годзе. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Кар’еру пачынаў на радыё, пазней узначальваў службу інфармацыі папулярнай FM-радыёстанцыі. Стажыраваўся ў ЗША, Еўропе, Кітаі і Расіі. На тэлеканал АНТ прыйшоў у 2005 годзе, з 2023-га ўзначальваў дырэкцыю інфармацыйнага вяшчання тэлеканала.