Адказнасць за парадак на зямлі
Як мы ўжо паведамлялі, міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў Максіма Лысенку. У пятніцу новага міністра калектыву Мінпрыроды прадставіў віцэ-прэм’ер Юрый Шулейка.


Намеснік кіраўніка ўрада нагадаў аб сур’ёзных задачах, якія пастаўлены перад прыродаахоўным ведамствам.
— Мы заўсёды называліся «лёгкімі Еўропы». Вы адказваеце за парадак у краіне. Але справа сёння не толькі ў смецці, а ў сістэме, якую вы павінны выбудаваць і кантраляваць. Павінны быць найвышэйшыя патрабаванні. Павінна быць дакладнае ўзаемадзеянне з абласцямі, — акцэнтаваў увагу Юрый Шулейка.


Намеснік Прэм’ер-міністра закрануў такія актуальныя пытанні, як абыходжанне з адходамі, у тым ліку іх пераапрацоўка, выкарыстанне нетраў, кантроль за здабычай карысных выкапняў, лічбвізацыя працэсаў. Ён падкрэсліў, што эканамічная мэтазгоднасць і крыніцы фінансавання — сумесныя пытанні з міністэрствам. Таксама Юрый Шулейка ўказаў на важнасць кантролю з боку мясцовых кіраўнікоў і неабходнасць прэвентыўных мер у інспекцыйнай рабоце, заклікаў да цеснага ўзаемадзеяння з іншымі ведамствамі, асабліва з Міністэрствам ЖКГ.


— Прэзідэнт назваў наша ведамства «міністэрствам міністэрстваў». Разам з тым мы атрымалі вельмі сур’ёзную крытыку, і спытаюць з нас самым найсур’ёзным чынам. Будзем актыўна працаваць над выкананнем усіх задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы, — запэўніў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максім ЛЫСЕНКА.

Александрына ПАРШЫНА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА