«Мы ўсе адказныя за грамадства»
Прадставіў дырэктара — галоўнага рэдактара калектыву першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў. Ён нагадаў, што адпаведнае кадравае рашэнне 11 чэрвеня прыняў Прэзідэнт Беларусі, які сваім указам прызначыў Вольгу Ануфрыеву дырэктарам — галоўным рэдактарам Выдавецкага дома «Беларусь сегодня».
Уладзімір Пярцоў нагадаў пра тыя пасылы, якія кіраўнік дзяржавы адрасаваў Вользе Ануфрыевай і, па сутнасці, усім сродкам масавай інфармацыі: «Мы ўсе адказныя за грамадства. І вы павінны інфармаваць не толькі з дапамогай сваіх друкаваных і сеткавых выданняў, ТБ і радыёстанцый, але і непасрэдна камунікацыяй з людзьмі ў аўдыторыях, з вашымі чытачамі, падпісчыкамі і слухачамі. Мы павінны займацца прапагандай нашых каштоўнасцяў. Не саромецца гэтага слова, паколькі за пэўны час тыя, хто знаходзіцца па той бок інфармацыйных барыкад, нас прывучалі да таго, што прапаганда — гэта нешта негатыўнае. Але калі мы прапагандуем наш лад жыцця, калі мы прапагандуем нашы дасягненні, калі мы прапагандуем Беларусь, з’яўляючыся сапраўднымі патрыётамі нашай любімай Радзімы, значыць, мы прасоўваем ідэі, наратывы і дасягненні той дзяржавы, якой мы служым, якой адданыя. У імя росквіту якой мы кожны дзень прыходзім і дорым людзям сваю творчасць».
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуў увагу, што таксама трэба займацца контрпрапагандай. «Трэба развенчваць, разбураць фактычна ўсе небыліцы і пасквілі, якія ў дачыненні да нашай краіны ўсё больш і больш, падбіраючыся да 2030 года, пачынаюць генерыраваць нашы апаненты, — падкрэсліў Уладзімір Пярцоў. — У вас гэта нядрэнна атрымліваецца. Але з новым кіраўніком напэўна будуць і новыя задачы, новы погляд на тое, што адбываецца. Усё гэта трэба рабіць на ўзроўні прэзідэнцкага выдання і, натуральна, не забываць пра тыя змены ў кан’юнктуры СМІ, у медыяландшафце нашай краіны, якія прама цяпер адбываюцца. Куды ідзе глядач, куды ідзе чытач і слухач — вы павінны быць там, на перадавой».
Вольга Ануфрыева, якая раней займала пасаду дырэктара — галоўнага рэдактара Выдавецкага дома «Звязда», адзначыла, што знаёмая з работай установы, бо ў свой час была галоўным рэдактарам газеты «Рэспубліка», якая ўваходзіць у склад медыяхолдынга.
«Галоўная якасць, якую я ацэньваю ў людзях, — гэта патрыятызм і прафесіяналізм. Менавіта ў такім парадку. У першую чаргу мы любім сваю краіну, бязмерна ганарымся яе дасягненнямі і прыкладзём максімум намаганняў для таго, каб, як сказаў Прэзідэнт, прапагандаваць добрае і агітаваць за ўсе нашы дасягненні, — звярнула ўвагу Вольга Ануфрыева. — Ну, а прафесіяналізм — гэта самая важная якасць у нашай рабоце. Таму разам і толькі разам мы зможам дасягнуць тых задач, якія перад намі паставіў кіраўнік дзяржавы. Газеты і ўсе нашы выданні — гэта калектыўная праца. Я магу вас матываваць, а ўсё астатняе мы зробім разам».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ