Калектыву выдавецкага дома «Беларусь сегодня» прадставілі новага дырэктара — галоўнага рэдактара Вольгу Ануфрыеву, перадае БелТА.
Прэзідэнт Беларусі назначыў новага кіраўніка выдавецкага дома 11 чэрвеня.
Прадставіў дырэктара — галоўнага рэдактара калектыву першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў. «Мы ўсе адказныя за грамадства. І вы павінны інфармаваць не толькі праз свае друкаваныя і сеткавыя выданні, ТБ і радыёстанцыяў, але і непасрэдна праз зносіны з людзьмі ў аўдыторыях, з вашымі чытачамі, падпісчыкамі і слухачамі. Мы павінны займацца прапагандай нашых каштоўнасцяў. Не саромецца гэтага слова, паколькі за пэўны час тыя, хто знаходзіцца па тым баку інфармацыйных барыкад, нас прывучалі да таго, што прапаганда — гэта нешта негатыўнае. Але калі мы прапагандуем наш лад жыцця, калі мы прапагандуем нашы дасягненні, калі мы прапагандуем Беларусь, з’яўляючыся сапраўднымі патрыётамі нашай любімай Радзімы, значыць, мы прасоўваем ідэі, наратывы і дасягненні той дзяржавы, якой мы служым, якой адданыя. У імя працвітання якой мы кожны дзень прыходзім і дорым людзям сваю творчасць», — звярнуўся да калектыву Уладзімір Пярцоў.

«Таксама трэба займацца контрпрапагандай — развенчваючы, разбураючы фактычна ўсе небыліцы, якія ў адносінах да нашай краіны ўсё больш і больш, падбіраючыся да 2030 года, пачынаюць генерыраваць нашы апаненты. У вас гэта нядрэнна атрымліваецца. Але з новым кіраўніком, напэўна, будуць і новыя задачы, новы погляд на тое, што адбываецца. Усё гэта трэба рабіць на ўзроўні прэзідэнцкага выдання і, натуральна, не забываць пра тыя змены ў кан’юнктуры СМІ, у медыяландшафце нашай краіны, якія зараз адбываюцца, — сказаў ён. — Вы павінны быць на перадавой».
Вольга Ануфрыева, якая раней займала пасаду дырэктара — галоўнага рэдактара выдавецкага дома «Звязда», адзначыла, што яна знаёмая з работай установы, бо да апошняга прызначэння была галоўным рэдактарам газеты «Рэспублiка», якая ўваходзіць у выдавецкі дом «Беларусь сёння».

«Вы ведаеце мяне, ведаеце мае падыходы ў рабоце. І галоўная якасць, якую я ацэньваю ў людзях, — гэта патрыятызм і прафесіяналізм. Менавіта ў такім парадку. У першую чаргу мы любім сваю краіну, бязмерна ганарымся яе дасягненнямі і прыкладзём максімум намаганняў для таго, каб, як сказаў Прэзідэнт, прапагандаваць добрае і агітаваць за ўсе нашы дасягненні. Ну, а прафесіяналізм — гэта найважнейшая якасць у нашай рабоце. Таму разам і толькі разам мы зможам дасягнуць тых задач, якія перад намі паставіў кіраўнік дзяржавы. Газеты і ўсе нашы выданні — гэта калектыўная праца. Я магу вас матываваць, а ўсё астатняе мы зробім разам. Таму наперад і толькі наперад», — сказала Вольга Ануфрыева.