«Усе сядзенні былі занятыя, да аднаго»
Мікалай Андрэевіч не памятае дакладнай колькасці ўдзельнікаў, але памятае іншае — як выглядала зала: «Я быў на першым Усебеларускім народным сходзе, які праходзіў у Палацы спорту. Людзей было шмат — усе сядзенні былі занятыя, да аднаго».
Ён быў дэлегатам ад калектыву Прыдняпроўскай птушкафабрыкі, дзе займаў пасаду дырэктара. Суразмоўнік падкрэслівае, што да першага УНС у краіне назіралася жахлівая сітуацыя: «Да гэтага часу быў нейкі ў нас у краіне разброд, хістанне. А калі Аляксандр Рыгоравіч сабраў беларускі народ — стала зразумела, як мы павінны дзейнічаць, каб стабілізаваць абстаноўку», — узгадвае Мікалай Балук.
«Канкрэтная размова з кіраўніком дзяржавы»
Для Мікалая Андрэевіча першы сход запомніўся сваім зместам — размовай па справе: «Вельмі прыемнае было ўражанне. Яно да гэтага часу засталося ў маёй душы. Там былаканкрэтная размова з кіраўніком дзяржавы, у тым ліку ў гэтай прамове знайшліся адказы і на мае пытанні. Выпрацавана была канкрэтная праграма для далейшага развіцця Рэспублікі Беларусь. І вось гэта праграма да гэтага часу ў нас ажыццяўляецца».
Мікалай Балук памятае і абяцанне, якое потым было выканана Прэзідэнтам: «На першым УНС Аляксандр Рыгоравіч паабяцаў, што ўжо наступны, другі сход, адбудзецца ў Палацы Рэспублікі — тады гэта быў даўгабуд у цэнтры сталіцы. Абяцанне было выканана: я браў удзел у другім сходзе, і ён праходзіў ужо ў новым будынку на Кастрычніцкай плошчы».
«Мы былі пасланцамі народа»
Мікалай Андрэевіч неаднаразова вяртаецца да думкі, што сход быў менавіта народным, а не чыноўніцкім: «У мяне вельмі прыемнае ўражанне да гэтага часу, што вось гэта было зроблена ўсё для народа, разумееце. І была канкрэтная дзелавая размова кіраўніка дзяржавы з народам. Мы былі пасланцамі народа. УНС прайшоў вельмі акуратна, дакладна і па справе».
«Энтузіязм, зарад бадзёры»
На пытанне, якія словы маладога тады Прэзідэнта запомніліся, Мікалай Андрэевіч адказвае, што праз 30 гадоў найбольш успамінаецца той зарад і настрой, з якімі наш лідар выступаў: «Тады быў такі энтузіязм, такі зарад бадзёры, што трэба рухацца наперад. І мы, калектыў птушкафабрыкі, дзе я працаваў дзесяць гадоў, таксама пачалі ставіць амбіцыйныя мэты і дабіваліся высокага ўзроўню. Стараліся працаваць як мага лепш на карысць краіне». Дэлегат успамінае, што на прадпрыемстве працавала каля 700 чалавек, а потым, разам з далучаным калгасам, — каля тысячы: «І ўсім знаходзілася праца. Былі дысцыпліна, парадак, а гэта ўсё выходзіла з тых пытанняў, якія стаялі на УНС», — расказвае ён.
Адназначны адказ скептыкам
Мікалай Андрэевіч не хавае, што вакол першага Усебеларускага народнага сходу было нямала непакою і непаразумення: «Было шмат тых, хто выступаў супраць, і мы бачылі гэтых людзей,якія абуджалі вакол неспакой». У дэлегата многія пыталіся: «Навошта ты туды едзеш?» Ён адказваў проста: «Я народам выбраны, я павінен быць там, дзе патрабуе краіна».
Мікалай Балук — чалавек пасляваеннага пакалення, ён памятае, як цанілі кавалак хлеба. Мікалай Андрэевіч прайшоў шлях ад кіроўцы ў калгасе да дырэктара прадпрыемства, скончыў вышэйшую партыйную школу. Суразмоўнік шчыра гаворыць пра сваё стаўленне да людзей: «Я цаніў заўсёды чалавека, і калі ён стараецца, а штосьці не атрымліваецца, яму заўсёды дапа-магу. Да тых, хто не хоча працаваць, адношуся з пагардай. Працаваць трэба».
«Сёння Беларусь — вялікая краіна»
Ад першага сходу ў нашага героя застаўся на памяць кухонны набор, а ад другога — настольны гадзіннік, які дагэтуль ідзе. Але дэлегат адразу дадае: «Справа не ў памятных падарунках, а ў стаўленні да людзей. «Сёння Беларусь не такая, як была трыццаць гадоў таму, гэта вялікая краіна. Аднак з 1996-га ў памяці засталося вялікае ўражанне ад форуму, што адбыўся. Такое было ўпершыню, калі Аляксандр Рыгоравіч сабраў народ і выйшаў з канкрэтнымі прапановамі і задачамі, якія вызначылі лёс краіны».
Надзея ЗУЕВА
Фота з адкрытых крыніц