Калі б не пастаянная ўвага з боку Прэзідэнта, Аршанскі льнокамбінат падзяліў бы незайздросную долю 14 падобных камбінатаў, якія працавалі на тэрыторыі былога Савецкага Саюза
У гэтым перакананы на прадпрыемстве, якое цяпер вядома на поставецкай прасторы як найбуйнейшы вытворца льновалакна. Яно не толькі захавалася, але і ажыццяўляе поўны цыкл перапрацоўкі льновалакна — ад поля да брэндавых вырабаў.
Лён — беларускі лёс
Ільнокамбінат сёння — драйвер беларускай лёгкай прамысловасці, нястомна мадэрнізуецца, выкарыстоўвае інавацыйныя падыходы ў вытворчасці.
З 2010 года ў мадэрнізацыю ўкладзена каля 200 мільёнаў долараў — і ўкладанні прыносяць плён.
Прэзідэнт Беларусі прызнаваўся, што Аршанскі льнокамбінат — роднае для яго прадпрыемства. Ён бываў тут яшчэ падлеткам, калі тут працавала яго маці Кацярына Трафімаўна. Пазней — падчас кіраўніцтва саўгасам «Гарадзец» на Шклоўшчыне, дзе атрымлівалі вельмі добрую льнотрасту — шэсць разоў у розныя гады свайго прэзідэнцтва.
Пільная ўвага кіраўніка дзяржавы да льнаводчай галіны невыпадковая: ён ведае, колькі намаганняў трэба ўкласці ў вырошчванне і перапрацоўку гэтай культуры і якую аддачу можна атрымаць ад рэалізацыі гатовай ільняной прадукцыі. Беларусь славіцца льном і не павінна згубіць свайго флагманства. Нездарма сціплыя блакітныя кветкі ўплецены ў вянок на нашым Дзяржаўным гербе.
Мадэрнізацыя: крок за крокам
У Беларусі выпрацоўваецца прыблізна 30 тысяч тон ільновалакна. Толькі 8 тысяч тон з яго — доўгае, з якога і выпускаюць знакаміты беларускі льняны тэкстыль. Асноўны аб’ём, звыш 20 тысяч тон, — гэта кароткае валакно. Раней яно выкарыстоўвалася як сыравіна для вытворчасці тэхнічнай прадукцыі: вяровак, мешкавіны, шпагату, упаковачных матэрыялаў. Пераважна паступала на расійскі рынак, дзе з яго выраблялі брызент.
У 2011 годзе аршанцы асвоілі тэхналогію катанізацыі (ад англійскага cotton — бавоўна), надання кароткаму льновалакну дадатковых уласцівасцяў. Адпаведна, пашырыліся асартымент прадукцыі, поле яе выкарыстання і рынкі збыту.
У выніку мадэрнізацыі аддзелачнай фабрыкі ў 2019 годзе тэкстыльшчыкі навучыліся штучна старыць лён, прымяняючы для гэтага тэхналогіі хімічнага і механічнага змякчэння тканін.
— Калі Аляксандр Рыгоравіч быў у нас у 2018 годзе, ён паставіў перад калектывам стратэгічную задачу па перапрацоўцы кароткага льновалакна, — узгадвае генеральны дырэктар Аршанскага льнокамбіната Алег Буянаў. — Паўночны шоўк павінен перапрацоўвацца ў Беларусі ў выніковы прадукт з высокай дабаўленай вартасцю і прадавацца ва ўсім свеце.
Крок да пастаўленай мэты зроблены цяпер шляхам мадэрнізацыі фабрыкі № 1, з якой, дарэчы, і пачынаўся Аршанскі льнокамбінат. Тут завяршаецца ўстаноўка кольцапрадзільнага абсталявання, якое дазволіць дадаваць у катанізаванае льновалакно баваўняныя ці віскозныя ніткі. Такім чынам будзе атрымлівацца пража высокіх нумароў, з якой можна вырабляць тканіны для адзежы.
У гэтым сэнсе Аршанскі льнокамбінат — першаадкрывальнік. Падобнай вытворчасці яшчэ няма ў Еўропе.
Такія тэхналогіі выкарыстоўваюцца сусветнымі лідарамі ў вытворчасці тэкстыльнай прадукцыі: Бангладэш, Інданезіяй, Індыяй, Кітаем. Аршанцы распрацавалі ўласныя тэхналагічныя карты, зыходзячы з уласцівасцяў мясцовага льновалакна. Дагэтуль камбінат рэалізоўваў катанізаванае валакно за межы краіны, дзе яго дапрацоўвалі і прадавалі назад у Беларусь у выглядзе гатовага тэкстылю.
Новыя тканіны
Цяпер будзе наладжаны выраб тканін, адзежы, хатняга тэкстылю ўнутры краіны. Фактычна ўвесь прыбавачны прадукт, які дагэтуль беларусы аддавалі за мяжу, застанецца ў краіне. Будзе наладжана імпартазамяшчэнне. Зыходзячы са сваіх магутнасцяў, Аршанскі льнокамбінат абяцае стаць адным з найбуйнейшых ігракоў на сусветным рынку вытворчасці льноўтрымліваючага тэкстылю.
Перавага Аршанскага льнокамбіната перад замежнымі аналагічнымі прадпрыемствамі заключаецца ў тым, што тут, на адной тэхналагічнай пляцоўцы ў 47,5 гектара, размешчаны пяць самастойных фабрык. Кожная з іх спецыялізуецца на перапрацоўцы пэўнага валакна, а гэта значыць, у Оршы здольныя давесці да розуму лён любой даўжыні і атрымаць прадукцыю, зыходзячы з тэхнічных магчымасцяў гэтага валакна.
Так, на камбінаце здольныя вырабляць нават беларускі батыст, адрэз якога памерам метр на метр лёгка працягваецца праз заручальны пярсцёнак.
Цяпер Аршанскі льнокамбінат вырабляе 8 % ад сусветнага аб’ёму тэкстылю з ільну — і гэта вельмі сур’ёзная заяўка. Патэнцыял для далейшага развіцця ёсць. Каб вытрымаць канкурэнцыю, трэба праводзіць новую мадэрнізацыю аддзелачнай вытворчасці. На бягучы момант прадпрыемства выпускае каля 1,5 мільёна пагонных метраў тканіны. Вытворчыя магутнасці дазваляюць пафарбаваць і змякчыць каля 300 тысяч метраў. Вялізны аб’ём прадукцыі рэалізуецца ў падрыхтаваным бялёным выглядзе — і пакупнікі з галіны лёгкай прамысловасці ўдасканальваюць яе, а затым рэалізоўваюць па больш высокай цане ў той час, як гэтыя грошы мог бы атрымліваць ільнокамбінат. Ёсць да чаго імкнуцца.
— Аршанскія тэкстыльшчыкі — народ працалюбівы, упарты, творчы, дзейны, — запэўнівае Алег Буянаў. — Мы ні разу не падвялі свайго Прэзідэнта, выканалі ўсе яго даручэнні. Менавіта наш камбінат калісьці быў эксперыментальнай базай, дзе адпрацоўвалі новыя тэхналогіі для ўкаранення на іншых прадпрыемствах. Традыцыям цеснай сувязі з навукай, пошукаў і наватарства мы не здраджваем. Імкнёмся ісці разам з сусветнымі лідарамі-тэкстыльшчыкамі.
Святлана ЯКАЎЛЕВА