Top.Mail.Ru

Калі Багатыя плачуць

Гэта гісторыя хутчэй балючая, чым вясёлая, але ж мама і яе браты, а мае, значыць, родныя дзядзькі, успаміналі яе з гумарам.

Калі па парадку, то час тады быў цяжкі, пасляваенны: у вёсках (ды і гарадах) панавала галеча. Чацвёра дзяцей у бабулі (мамінай мамы, бацька памёр да вайны) — жылі на падножным корме, як той казаў. Худыя, бледнатварыя, заўжды паўгалодныя... Дарослыя таксама не лепшыя: хіба зрэдку на вочы мог трапіцца чалавек «у целе». Яго ў вёсцы звалі «жырным», бо ён жа і сапраўды жыруе, мае што есці. А калі так, то ён вельмі багаты!

Выснова, згадзіцеся, досыць лагічная для таго няпростага часу. Дык вось, неяк раз бабулі пашчасціла раздабыць трошкі тлушчу. Несучы яго дадому, гаспадыня прыкідвала, што ім можна будзе хоць суп заправіць, хоць распусціць на патэльні, а дзеці потым пасядуць вакол і змогуць памачаць у яго бульбінай ці праснаком з дамешкам травы. Ну ці ж не смаката?

Радавалася матуля, а дзеці ўжо як...

— Мы цяпер «жырныя»? — пыталіся яны.

— Ну, вядома ж, — адказвала маці.

Гэтай дабрэннай навіной («жырныя» — значыць, багатыя!) малым трэба было пахваліцца перад сябрамі ды іншымі аднавяскоўцамі — прычым тэрмінова. Нядоўга думаючы, яны, усе чацвёра, намазаліся тлушчам і панесліся па вуліцы ад двара да двара. Праўда, нядоўга яны так бегалі, нядоўга фарсілі...

Атрымалі пасля на арэхі і разам з матуляй пашкадавалі, што амаль увесь тлушч, які мог хоць крыху падтрымаць іх падчас поўнай нішчымніцы, пайшоў «у свісток» — на тое, каб пахваліцца перад іншымі, як «жырна» яны зажылі.

Ала Альфер

г. Беразіно

Кандрат і яго жонкі

Мая бабуля Лукер’я Усцінаўна расказвала гэта, як расказваюць казкі, але ж кожны раз не забывалася падкрэсліць, што ўсё тут — чыстая праўда.

Значыць, у іхняй вёсцы жыў калісьці мужык па імені Кандрат, і была ў яго жонка Агапка, а вось дзяцей, на жаль, не было. І таму вырашыў гэты мужчына ажаніцца яшчэ раз. Прычым не сам да некага ў прымы пайшоў, — прывёў малодку дадому. Убачыўшы гэта, Агапка, старая жонка, дужа схацела некуды сысці. І яна сышла б, каб было куды. А так засталася жыць, дзе жыла, толькі ўжо па-іншаму: новая жонка спаць кладзецца з Кандратам, у зале, Агапка — у каморцы, на печы; новая спіць да паўдня, а старая на досвітку ўстае, гаспадарку пыніць...

Узялася неяк у печы паліць, ежу гатаваць — бачыць, што дроў скупавата. І гаспадар на касьбу сышоў. Што было рабіць гаспадыні? Пабудзіла, падняла маладуху — удзвюх з ёй сталі дровы пілаваць.

Нялёгкая гэта работа — замарыліся бабы, але ж Агапка той малодцы сякеру падае.

— А зараз, — кажа, — будзем з табою калоць.

— Яшчэ чаго! — абураецца новая Кандратава жонка. — У нашай хаце што, мужчыны няма?! Ёсць! Дык хай ён і сячэ! Я — нават не збіраюся... А на тваім месцы, — кажа Агапцы, — я б яму... галаву адсекла!

Ляпнула так, бо не бачыла, што Кандрат паблізу стаіць і ўсё гэта чуе. А потым як закрычыць:

— Агапка, запрагай кабылу, грузі на воз усе транты во гэтай сцервы! І каб духу яе тут больш не было!

З’ехала маладуха, а Кандрат і надалей застаўся жыць са сваёю Агапкай.

Міхась Сліва

г. Рагачоў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю