Калі з канвеера сыдзе максімальна беларускі легкавік, што змянілася ў краіне для фізічных і юрыдычных асоб пры ўвозе машын і якія перспектывы развіцця электратранспарту ў Беларусі ў новай пяцігодцы, расказалі эксперты ў ток-шоу на «Першым інфармацыйным».
Старт штамповачнай вытворчасці ў 2026 годзе
Беларускаму аўтапраму традыцыйна надаецца пільная ўвага на самым высокім узроўні. У канцы студзеня 2026-га Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас уручэння знакаў якасці паставіў задачу істотна павысіць лакалізацыю беларускіх легкавых аўтамабіляў.
Пытанне лакалізацыі мае два бакі медаля. З аднаго боку, пакупнік аўтамабіля хоча якасныя, але танныя кампаненты ў машыне. З іншага боку, канкурыраваць Беларусі, напрыклад, з тым жа кітайскім аўтапрамам, які вырабляе мільёны аўто, даволі складана. Але эфект маштабу не менш важны з эканамічнага пункту гледжання.
— Мы выбралі наступны шлях абазначэння крытэрыю стопрацэнтнай лакалізацыі. Сёння легкавы аўтамабіль — гэта праграмна-апаратны комплекс, куды ўваходзяць электронныя блокі, праграмы, якія кіруюць гэтым аўтамабілем. Калі зможам на «БелДжы» стварыць умовы па цэнтры распрацоўкі, які будзе разумець алгарытмы апрацоўкі і праграмнае забеспячэнне легкавога аўтамабіля, тады можна казаць пра 100 % айчынны аўтамабіль, бо будзем валодаць «мазгамі» гэтага легкавіка. А закупіць шыны, шкло, акумулятары можам у каго захочам, — патлумачыў дырэктар сумеснага закрытага акцыянернага таварыства «БелДжы» Генадзь Свідзерскі.
Госць праграмы пагадзіўся, што лакалізацыя ўключае ў сябе ў тым ліку арганізацыю вытворчасці кампанентаў, узровень дабаўленага кошту, які складваецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або Саюзнай дзяржавы (у Беларусі і Расійскай Федэрацыяй адзіная прамысловая палітыка).
— Проста трэба праводзіць работы там, дзе можна дасягнуць эфектыўнасці. А калі кошт і якасць будуць прымальныя, то гэта будзе ўспрынята рынкам, — дадаў ён.

Госць праграмы паведаміў, што на прадпрыемстве запланавана сёлета зрабіць штамповачную вытворчасць легкавых аўтамабіляў:
— Гэта азначае старт стварэння металічнага ліста і ў канцы цалкам сабраны аўтамабіль. Ёсць новыя кампаненты ў працэсе засваення. Але галоўным з’яўляецца інжынерны цэнтр па праектаванні і вытворчасці легкавых аўтамабіляў — тое, што павінны стварыць разам з БНТУ, БДУІР, Паркам высокіх тэхналогій, каб разумець работу праграмна-апаратнага комплексу, які называецца легкавым аўтамабілем.
У дадзеным выпадку гаворка ідзе аб тэхналагічных перадзелах, гэта значыць пры наяўнасці ўласных распрацовак Беларусі будзе не вельмі прынцыпова размяшчэнне вытворчасці — ці будзе яно тут, у Расіі ці іншай краіне ЕАЭС. Галоўнае — валоданне тэхналагічнымі рашэннямі, аднак тэхналагічная незалежнасць да гэтага часу застаецца складаным працэсам.
Планы і перспектывы
Першы намеснік міністра прамысловасці Андрэй Канюшка адзначыў, што да 2030 года ў Беларусі плануюць нарасціць парк электрамабіляў да 300 тысяч адзінак:
— Мы працуем над гэтай праграмай. Летась «БелДжы» вырабіў першую тысячу «чыстых» электрамабіляў. Пры наяўнасці попыту кампанія гатова выпускаць і больш. Асноўнае пытанне ў тым, наколькі аўтаўладальнікі будуць гатовы праводзіць пэўную колькасць часу каля зарадных станцый, каб зараджаць транспартны сродак.
Ён таксама падкрэсліў, што да гэтага часу няма такога назапашвальніка энергіі, які б зараджаўся практычна імгненна і працаваў доўга. Пры гэтым развіццё электратранспарту ў беларускім аўтапраме працягнецца.
Андрэй Канюшка таксама нагадаў, што МАЗ вырабіў першы электрычны смеццявоз, які адрозніваецца поўнай адсутнасцю выхлапных газаў.
Што датычыцца ўвозу новых аўто, эксперты расказалі, якія новаўвядзенні адбыліся ў частцы мытнага афармлення легкавых аўтамабіляў у Беларусі, і што трэба ведаць людзям, каб без праблем і пераплат завезці для сябе аўтамабіль.
Так, у 2026 годзе ўступіла ў сілу рашэнне Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі з улікам дзеяння Указа Прэзідэнта Беларусі № 92 «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў». Згодна з дакументам, юрыдычныя асобы могуць везці электрамабіль, абсталяваны выключна электрарухавіком, з моманту выпуску якога прайшло менш за пяць гадоў, а фізічная асоба — любы «чысты» электрамабіль незалежна ад даты выпуску без выплаты мытных плацяжоў. Неабходна будзе выплаціць толькі ўтылізацыйны збор.

Апошнія істотныя змены, якія датычацца выплаты ўтылізацыйнага збору, адбыліся ў пачатку 2025 года, калі змянялася стаўка збору ў дачыненні да пэўных катэгорый транспартных сродкаў.
— Стаўка ў дачыненні да новых аўтамабіляў для фізічных асоб застаецца ў памеры 544,5 беларускіх рублёў. Адбылося змяненне стаўкі ў дачыненні да электрамабіляў, якія ўвозяцца юрыдычнымі асобамі. Да змен у лютым 2025-га выплачваліся 544 рублі ў дачыненні да электрамабіляў і паслядоўных гібрыдаў, цяпер стаўка павышаная ў дачыненні да «чыстых» электрамабіляў. Сума складае 1149 беларускіх рублёў, — растлумачыў начальнік Галоўнага ўпраўлення тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь Юрый Падрэз.
Заўважым, што адбыўся падзел «гібрыда» і «электрычкі». Раней «гібрыды» былі нароўні з «чыстымі» электрамабілямі. Цяпер яны перайшлі да сваіх «братоў» — паралельных гібрыдаў і іншых відаў. У дачыненні да іх прымяняецца стаўка ўтылізацыйнага збору ў залежнасці ад даты выпуску і аб’ёму працоўнага рухавіка. Сума пачынаецца ад 6365 беларускіх рублёў.
Генадзь Свідзерскі дадаў, што ў 2026 годзе змен для фізічных асоб практычна няма.
— Рашэннем Еўразійскай эканамічнай камісіі прынятая квота, згодна з якой фізічныя асобы атрымалі льготу без выплаты мытнай пошліны. Гэта стымулюе рынак, але павінна насцярожыць іншая акалічнасць. Завод «БелДжы» вырабіў і прадаў у студзені дзесьці палову ўсіх новых машын (1860 аўтамабіляў). 1,8 тысячы імпартавана. Аказалася, што сярод імпартаваных машын толькі 139 імпартавалі юрыдычныя асобы. Сёння ідзе стагнацыя афіцыйнай дылерскай сеткі, афіцыйных імпарцёраў з інфраструктурай, — канстатаваў ён.
Вядома, больш выгадна аўто ўвозіць фізічным асобам, але, на жаль, легкавікі набываюцца не заўсёды для асабістага карыстання. Спецыялісты назіраюць з’яўленне новага сегмента — так званых перакупаў, якія карыстаюцца льготамі, але вырашаюць камерцыйныя пытанні.
— На гэтае пытанне трэба звярнуць увагу. Асацыяцыя беларускіх аўтадылераў называе гэта трывожнымі сігналамі. Трэба аддзяліць камерцыйную дзейнасць ад пакупак фізасобай пад сваю адказнасць, — лічыць дырэктар СЗАТ «БелДжы».

Юрый Падрэз нагадаў, што вызваленне аднолькава ўжываецца ад выплаты плацяжоў у дачыненні да «чыстых» электрамабіляў як для юрыдычных, так і для фізічных асоб. Пры гэтым дакументамі і рашэннем Савета ЕЭК прадугледжана абмежаванне па карыстанні дадзенымі транспартнымі сродкамі.
— Можна прадаць аўтамабілі без праблем, але калі на працягу пяці гадоў з моманту ўвозу юрыдычнай асобай або трох гадоў з моманту ўвозу фізасобай аўтамабіль пяройдзе на праве валодання карыстання або распараджэння грамадзянам Расіі альбо Казахстана, якія не бралі льготы, альбо да асоб, якія маюць пастаяннае месцажыхарства ў гэтых краінах, альбо да юрыдычных асоб і арганізацый, створаных у адпаведнасці з заканадаўствам гэтых краін, то незалежна, хто ажыццявіць перадачу правоў, плаціць грошы абавязаны будзе дэкларант — асоба, якая ажыццявіла ўвоз, — пералічыў эксперт.
Пры наяўнасці сумненняў у правамернасці перадачы правоў трэба абавязкова звярнуцца ў мытныя органы за атрыманнем кансультацыі і тлумачэнняў.