Якія батарэі ставяць на электробусы і ці гатовая тэхніка для прыгарадных маршрутаў з запасам ходу 500 км, расказаў у «Актуальным інтэрв’ю» на тэлеканале «Першы інфармацыйны» намеснік гендырэктара па інавацыйным развіцці «БКМ Холдынга» Алег Быцко, паведамляе БелТА.
Па словах Алега Быцко, камплектацыя залежыць ад праекта і тыпу зарадкі. Для начной зарадкі на беларускі рынак пастаўлены электробусы з батарэяй вытворчасці БКМ. На тэхніку, якая выраблялася для сталіцы, устанаўлівалася батарэя расійскай вытворчасці. Яна мае два тыпы зарадкі — начную і экспрэс, таму што ячэйкі павінны прымаць «вялікія токі». «Да пастаўкі гэтых электробусаў выкарыстоўвалі суперкандэнсатар, які меў шэраг недахопаў, не дазваляў эксплуатаваць электробус на ўсіх маршрутах. Былі абмежаванні па графіку руху, гэта значыць, абавязкова трэба 8 хвілін зарадкі, што нязручна», — растлумачыў Алег Быцко.
Ён дадаў, што холдынг працягвае ўдасканальваць тэхналогіі.
Адзін з праектаў, у якіх удзельнічае вытворца, — стварэнне электробусаў для прыгарадных перавозак. Выраблены доследны ўзор з сутачным запасам ходу 500 км, які праходзіць выпрабаванні. Электробус выкананы з двума тыпамі зарадкі.
«Распрацоўваецца дакументацыя і будуць вырабленыя станцыі экспрэс-зарадкі для „Мінаблаўтатранса“, якія ўстановяць адпаведна ў тых пунктах, дзе адбываецца змена кіроўцаў або арганізаваны абед. У Астраўцы падобная машына — электробус у прыгарадным выкананні, але там запас аўтаномнага ходу ўсяго 100 км. Электробус перавозіць работнікаў з Астраўца на атамную станцыю і назад два разы на дзень — з раніцы і ўвечары. Таму ноччу і сярод дня машына можа зараджацца, а 100 км запасу хапае, каб зрабіць два рэйсы», — дадаў намеснік гендырэктара па інавацыйным развіцці.
Каб зразумець, як тэхніка будзе працаваць у зімовых умовах, прынята рашэнне, што спачатку будуць пратэсціраваны пяць прыгарадных электробусаў. Пасля правядзення выпрабаванняў будзе прынята рашэнне аб закупцы яшчэ 30 электробусаў для таго, каб цалкам перавесці на першым этапе маршруты Мінск — Фаніпаль і Мінск — Смалявічы на электробусныя зносіны.