Тэма сямейнага гвалту час ад часу ўзнікае на старонках і рэсурсах СМІ, яе ўздымаюць на адпаведных мерапрыемствах; бывае, спецыялісты праводзяць гутаркі ў маладзёжнай альбо іншай аўдыторыі. У апошні час мы жывём, быццам бы побач нічога падобнага няма, бо ўсе гэтыя агідныя рэчы здзяйсняюцца за закрытымі дзвярыма, схаваныя ад чужых вачэй. А між тым адны толькі праваахоўнікі Брэсцкай вобласці кожны дзень у сярэднім атрымліваюць 20 паведамленняў аб фактах сямейнага гвалту.
Класічная схема
Усяго з пачатку бягучага года такіх сігналаў з усіх раёнаў вобласці паступіла больш за 1200. Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Брэсцкага аблвыканкама Ігар Філіповіч на брыфінгу для журналістаў. Ігар Мікалаевіч падрабязна расказваў, колькі па выніках названых зваротаў заведзена крымінальных спраў, колькі чалавек прыцягнута да адказнасці ў адміністратыўным парадку: адпаведна 39 і 735. Статыстыка не радуе. І ўсе разумеюць, што насамрэч здарэнняў яшчэ больш, далёка не пры кожным такім факце сямейнага гвалту тэлефануюць у міліцыю. Многія ахвяры церпяць здзекі, бо баяцца агрэсара, баяцца людской пагалоскі, спадзяюцца на цуд, на прасвятленне. Але цуд, як правіла, не здараецца. Вось і сёлета ўжо папоўніўся спіс злачынстваў на сямейна-бытавой глебе. Пажылыя муж з жонкай у выніку сямейнай сваркі аказаліся ў казённых установах: яна ў бальніцы з нажавым раненнем, ён у ізалятары часовага ўтрымання. Цікава, што да гэтага мужчыну ўжо два разы спрабавалі прыцягнуць да адказнасці за скандалы і бойкі з меншымі наступствамі, але сужэнцы два разы мірыліся ў судзе. Памірацца, ідуць дадому, выпіваюць, і ўсё паўтараецца. Класічная схема.
Ігар Філіповіч лічыць, што прычынай, правільней сказаць, каталізатарам гэтай заганнай з’явы служыць злоўжыванне алкаголем. Часцей за ўсё разам п’юць, потым высвятляюць адносіны, што перарастае ў цяганне за валасы, мардабой, а то і больш сур’ёзныя наступствы. Нельга не пагадзіцца з падпалкоўнікам міліцыі, ён жа падмацоўвае меркаванне лічбамі: 90 % фактаў сямейнага гвалту адбываецца на фоне п’янства. Праўда, ёсць яшчэ прыкладна 10 % — гэта ўжо скончаныя агрэсары, якія гатовы біць альбо прыніжаць слабейшага і на цвярозую галаву.
Лячэнне ці меры прымусу?
Асноўная ж частка выпівох распускаюць рукі, менавіта «заліўшы вочы». І што з гэтым рабіць? «Лячыцца ад алкагалізму», — лічыць урач-псіхатэрапеўт наркалагічнага дыспансера Уладзіслаў Працкайла. Тым больш што цяперашняя медыцына дае магчымасці. Можна прайсці курс лячэння нават ананімна, можна закадзіравацца. Але ж першая і галоўная ўмова поспеху лячэння — вялікае жаданне самога чалавека. Калі ж такога жадання няма, медыцына, як выглядае, бяссільная. Урач выказаў гэтую думку вобразна: «Калі быў бы хоць адзін спосаб лячэння, які гарантуе стапрацэнтны эфект, то асобныя багатыя людзі з любога пункта свету прывезлі б доктара з наборам прэпаратаў на спецыяльным самалёце і правялі б курс для свайго блізкага. Але такога прэцэдэнту не было яшчэ, бо цудоўнага сродку не існуе. Застаецца толькі ўласная воля хворага. Альбо меры прымусу». Маюцца на ўвазе зусім злосныя парушальнікі, якіх па прадстаўленні міліцыі рашэннем суда накіроўваюць у ЛПП.
Наогул, меры прымусу ў гэтым кантэксце выглядаюць нават вельмі дарэчы. Перш за ўсё гаворка ідзе пра абароннае прадпісанне, калі агрэсару забараняюць на пэўны перыяд часу нават набліжацца да сваёй сям’і. Скажам, за мінулы год у вобласці часова было выселена з жылля 500 чалавек тэрмінам да аднаго месяца. Пры гэтым асобным з іх давалі часовы прытулак, іншым прапаноўвалі вырашаць пытанне самім. І, паводле ацэнкі супрацоўнікаў міліцыі, на некаторых падобныя меры ўсё ж крыху падзейнічалі. Дамашнія хуліганы прыкметна пацішэлі.
Для іншых вырашальным пунктам становіцца павышаная ўвага, калі сям’ю ставяць на ўлік, калі ў кватэру ці дом перыядычна наведваецца ўчастковы. Асобныя парушальнікі таксама бяруцца за галаву. Апошняе гаворыць пра тое, што змагацца з сямейнымі агрэсарамі варта ўсімі даступнымі сродкамі.
Абараніць ахвяру
Увага і розныя меры ніколькі не памяншаюць ролю выхавання як асобных індывідыумаў, так і грамадскай думкі ў цэлым. Яшчэ адносна нядаўна пра сямейны гвалт як праблему наогул не гаварылі. Заганныя ўстаноўкі прарасталі недзе з глыбіні вякоў: «б’е — значыць любіць», альбо «сорамна выносіць з хаты сямейныя праблемы». Гэтая нялюдская філасофія не толькі спрыяла трагедыям, але нярэдка рабіла жыццё ахвяры невыносным. А навакольныя лічылі такое становішча ледзь не нормай. Ніколі не забуду сустрэчу са старэнькай ударніцай калгаснай працы ў Маларыцкім раёне. Жанчына, у мінулым ардэнаносны кіроўца грузавіка, дажывала свой век адна. Са здымкаў маладых гадоў глядзела прыгажуня, падобная на гераінь фільмаў 50-х гадоў пра калгаснае жыццё. Мне яна расказала, чаму не выходзіла замуж. Дзве яе найлепшыя сяброўкі павыходзілі зусім маладыя за мясцовых хлопцаў, і абедзве вечна хадзілі збітыя на горкі яблык, хоць працаўніцы былі добрыя, такія ж гаспадыні, матулі. Гаравалі, цярпелі, як і многія іншыя ў іх вёсцы. Вось тады жанчына і вырашыла, што нікому не дазволіць сябе прыніжаць.
У кабіне грузавіка вазіла манціроўку, усе гэта ведалі, а патэнцыяльныя жаніхі пабойваліся. «Цяпер не так, — разважала сталая жанчына. — Цяпер і ў міліцыю можна заявіць. Тады ж ніхто б нават слухаць не стаў».
А супрацоўнікі міліцыі і на гэтым брыфінгу гаварылі аб тым, што нельга маўчаць і цярпець. Нават сваякі, суседзі, знаёмыя, калі ім становіцца вядома пра факты гвалту, павінны рэагаваць, паведамляць. І ўсё роўна каго крыўдзяць: жанчыну, мужчыну, дзіцяці пажылых бацькоў. Грамадства ў стане абараніць кожнага чалавека, для гэтага ёсць заканадаўчая база, неабходная інфраструктура перш за ўсё ў выглядзе крызісных пакояў. А супрацоўнікі праваахоўных органаў заўсёды прыйдуць на дапамогу.