Сярожка Мельнік ганарыўся дзедам. Ён у яго альпініст! Жыве далёка, але на зімовыя святы прыехаў да дачкі і ўнука, якога не бачыў ужо гадоў пяць.
Шчаслівы Сярожка вырашыў парадаваць дзеда Сямёна — залезці да яго ўначы праз акно і пакласці пад падушку падарунак. Апрануў шубу Дзеда Мароза, шапку. Уначы шмыгануў на балкон, ціха адчыніў дзверы і, пакідаючы мокрыя ад снегу сляды, пачаў красціся да дзедавага ложка. Толькі збіраўся падарунак пад падушку пакласці, як дзед расплюшчыў вочы і залямантаваў : «У-іецці-і!»
Напалоханы Сярожка даў стракача. Дзед увесь аж тросся, дачка, што прыбегла яго ратаваць, наліла ваду з графіна і суцішала: «Татачка, гэта, відаць, табе прыснілася». А Сярожка, якога дзед прыняў за «іецці», як зарагоча. Услед за ім засмяялася і маці: «Час, татка, ужо заканчваць швэндацца па гарах, калі табе снежны чалавек замест унука мроіцца».
Дзве бабулі
Капаў па восені Антось з жонкай бульбу. А тут дачка з малым унукам пад’ехала, паказвае рукой на бабулю, пытаецца ў сыночка: «Віценька, хто гэта?»
— Баба, — бойка адказвае малы.
— Малайчына, а гэта хто? — дачка ўжо паказвае на дзеда.
Малы крывіцца, круціць галавой: слова забыў. Але ж раптам павесялеў і выпаліў: «Яшчэ раз баба!»
Сродак ад маршчын
Завітаў Васіль з маленькім сынам Ясем да бабулі. Тая ўзрадавалася, падхапіла дзіцё на рукі, давай цалаваць.
А малы ўпёрся ручкамі ёй ў грудзі, глядзіць у твар і пытаецца: «Відаць, мы зарана прыехалі?»
— Гэта чаму ж?
— У цябе твар увесь пакамячаны. Пэўна, не паспела яшчэ папрасаваць?
Зыгмунд ДЗЯКЕВІЧ, Воранаўскі раён, г. п. Радунь