Top.Mail.Ru

Калі Грышка першы з лыжкай

Людзей, якія цалкам задаволены сваёй знешнасцю, мусіць, няшмат. Многім не падабаецца рост ці вага, аб’ём грудзей, форма вушэй ці носа, колер вачэй, а ўжо валасоў...


Зрэшты, з ім, як здаецца, цяпер найпрасцей: у крамах аж вочы разбягаюцца ад колькасці фарбаў! Не тое, што некалі. Сяброўка маёй матулі, напрыклад, пастаянна паласкала валасы адварам рамонку — марыла, што ўрэшце яны пасвятлеюць... А вось мама мая (светлай памяці!) бландзінкай была, але ж косы колеру спелай пшаніцы ёй вельмі не падабаліся, і яна, каб хоць трохі пабыць брунеткай, мазала галаву... сажай.

...Знаёмыя вяскоўцы расказалі пра яшчэ адзін вельмі арыгінальны спосаб фарбавання. У тыя пасляваенныя гады людзям вельмі цяжка жылося. Першай марай у многіх сем’ях было пад’есці — ды хоць чаго! У сямейцы з трох чалавек — мама і два хлапчукі — за ласунак лічылася звычайная фасоля. Адзінае — маці, ад цямна да цямна працуючы ў калгасе (а дома ж яшчэ і гаспадарка), часам не паспявала паставіць яе ў печ. І тады кашаварыць пачынаў Лёня, старэйшы з сыноў. Праўда, кухар ён быў зусім неважнецкі: вада ў чыгунку часцяком выкіпала, фасоля прыгарала. Зверху яшчэ магла быць так сабе, ядомай, а вось на дне фасоліны выглядалі, як тое вуголле.

Тут трэба сказаць, што сам Лёнька хлопец быў дужы, чорнавалосы: казалі, што ўвесь у нябожчыка бацечку. А вось Валодзька — яго меншы брат — па маці пайшоў: кволы, бялявы... Не хацелася яму такім заставацца, за братам гнаўся.

Добра ведаючы гэта, Лёня вырашыў «пажартаваць»: прапанаваў малому есці ўсё падгарэлае. Ад яго, маўляў, валасы абавязкова пацямнеюць!

Такім чынам старэйшы брат кожны раз уплятаў «вяршкі», малодшаму — заставаліся «карэньчыкі». Падгарэлая фасоля — смак яшчэ той — аж храбусцела ў малога на зубах!.. 

Але ж — дзеля прыгажосці і пастаўленай мэты — на што чалавек не пойдзе, асабліва ў дзяцінстве?! Вось і гэтае беднае дзіця штораз пасля ежы ўглядалася ў невялічкае люстэрка, якое вісела на сцяне, глядзела, ці пацямнелі ж валасы?

На вялікі жаль, іх колер не мяняўся і не змяніўся нават тады, калі хлопец стаў дарослым.

Нэлі Тумаш

Смаргонскі раён


Ад вядучай рубрыкі — наўздагон

Вы здагадаліся? Гэтай гісторыяй «Звязда» распачынае новы конкурс на найлепшую вясёлую ды цікавую... І адначасова — падводзіць вынікі старога. Пакуль у прэтэндэнтах на перамогу бываліцы Любові Чыгрынавай і Ніны Горгуль з Мінска, Алены Несцяронак з Докшыц, Соф’і Кусянковай з Рагачоўшчыны, Таццяны Раманавай з Наваполацка, Віктара Сабалеўскага з Узды, Аляксандра Маскалевіча з Лельчыц, Фёдара Карпея з Мядзела... Прыгожая кампанія! Далучайцеся: гэта значыць, пішыце. І, вядома ж, выпісвайце — чытайце «родную газету на роднай мове»!

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю