Top.Mail.Ru

Калі і як высаджваць у адкрыты грунт расаду

Сіноптыкі абяцаюць, што замаразкі, якія даставілі столькі клопатаў агароднікам сёлета, скончацца ў найбліжэйшы час. А значыць, можна прыступаць да высадкі расады ў адкрыты грунт. Расказваем, як не дапусціць памылак пры перасадцы расады і ўсё ж такі сабраць восенню са свайго ўчастка ўраджай памідораў, агуркоў і перцаў.

Садзім тамат...

Перад высадкай расады зямлю рэкамендуецца перакапаць разам з кампостам. Будзе таксама карысна праліць за дзень-два да гэтага глебу растворам марганцоўкі або фітаспарыну, каб знішчыць грыбок і іншыя магчымыя патагены. Расадзе памідораў патрэбен добра асветлены ўчастак, абаронены ад моцных вятроў або скразнякоў. Добра, калі ў папярэднім годзе на гэтым месцы раслі гарбузы або капуста. Не варта высаджваць расаду памідораў на былых градках бульбы або перцу.

У гэтым годзе ўсе тэрміны ссунуліся, таму арыентавацца трэба на тэмпературны рэжым. Надвор’е павінна быць стабільна цёплым днём з мінімальным холадам ноччу: аптымальная тэмпература паветра: днём — не ніжэйшая за 20 градусаў, ноччу — каля 15.

За тыдзень да высаджвання расаду можна зусім не паліваць, каб утварыўся земляны камяк. А вось за гадзіну-дзве зямлю трэба добра праліць. На падрыхтаваным участку для памідораў выкапайце лункі, досыць глыбокія і шырокія, каб у іх змясціўся земляны камяк з каранямі. Адлегласць паміж лункамі павінна быць 40–50 см, але гэта залежыць яшчэ і ад гатунку расады. Нізкарослыя памідоры саджаюць бліжэй — 30 см, а высакарослым гатункам трэба больш прасторы. Можна зрабіць градкі ў два рады, але лепш саджаць у шахматным парадку, каб у раслін было досыць месца для фарміравання кустоў

У глыб лунак можна пакласці драўняны попел або цыбульнае шалупінне. Потым паліць, прычым можна дадаць у ваду прызначаныя для такіх выпадкаў біястымулятары. Расаду акуратна, каб не пашкодзіць сцябло і корань, трэба апусціць у лунку да першага сапраўднага лісця. Потым прысыпаць усе зямлёй, ушчыльняючы грунт, і зноў паліць вадой з біястымулятарам. Каб абараніць лунку з расадай ад ветру і выпарэння вільгаці, зверху рэкамендуецца засыпаць яе зямлёй ці кампостам.

Першы паліў праводзяць не раней чым праз 10-12 дзён. Пры вельмі гарачым і сухім надвор’і можна паліць памідоры раней. Але, мяркуючы па прагнозах сіноптыкаў, спяшацца не варта.

...перац

Расаду перцаў да высадкі ў адкрыты грунт абавязкова трэба гартаваць. Для гэтага расліны выносяць на паветра або на закрыты балкон. Спачатку на кароткі час, а затым паступова павялічваюць час знаходжання на свежым паветры, каб саджанцы прывыкалі да сонца, ветру і тэмпературы.

За суткі перад пасадкай расады рэкамендуецца прагрэць глебу: градкі рыхляць на глыбіню 10-15 см, уносяць угнаенні (напрыклад, шклянку попелу на 1 кв. метр), а затым засцілаюць нятканым матэрыялам. Калі на вуліцы стаіць сонечнае надвор’е, то зямля прагрэецца і перасадка выкліча менш стрэсу ў раслін. Перац — вельмі капрызная гародніна: нават невялікі мінус можа сапсаваць саджанцы. На ўчастак іх пераносяць, калі ўначы стабільна будзе вышэй за 10 градусаў. Днём паветра павінна прагравацца мінімум

да плюс 18. І, вядома, трэба выбіраць для градак самае сонечнае і сухое месца, можна нават на невялікім схіле, каб вада не застойвалася падчас зацяжных летніх дажджоў.

Лункі выкопваюць памерам крыху большым за ёмістасць, у якой быў перац, на адлегласці 30–40 см. Калі саджаеце перац у два рады, то пакідайце праход у 50–60 см. Расаду змяшчаюць у лунку па лісточкі, ледзь глыбей, чым яна была ў гаршку, і засыпаюць зямлёй. Потым трэба моцна паліць расліны пад корань, а каб на паверхні не ўтваралася скарынка, засыпаць зверху сухім грунтам.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю