Top.Mail.Ru

Калі ў маршрутцы за рулём жанчына, многія пасажыры міжвольна напружваюцца. Але да Алены Карабейка гэта не адносіцца

«Дарогі — гэта маё!»

У роднай Уздзе яе ведаюць усе — ад школьнікаў да пенсіянераў. Яна за адзін дзень праязджае 700 кіламетраў, мае ўсе катэгорыі вадзіцельскіх правоў і не баіцца ні вялікіх дарог, ні сур’ёзнай тэхнікі. У 2021 годзе жанчына «заткнула за пояс» 18 мужчын на абласным конкурсе «Найлепшы кіроўца школьнага аўтобуса». І гэта невыпадкова — па прафесіі яна інжынер-педагог і адзіная жанчына за рулём маршруткі ва ўсім раёне.

Настаўнік фізкультуры дапамог у выбары прафесіі Алена Міхайлаўна нарадзілася і вырасла ва Уздзе. 

У школе сур’ёзна займалася спортам — кідала кап’ё, штурхала ядро. Яе прозвішча гучала на ўвесь раён, і будучая кіроўца ўжо бачыла сябе студэнткай фізкультурнага інстытута. Але ў дзясятым класе ўсё змяніў настаўнік фізкультуры.

«Міхайлавіч кажа: „Давай я цябе запішу на вячэрнія курсы ваджэння“. Я кажу: „Вы з глузду з’ехалі! Якое ваджэнне? Я ж дзяўчына!“ А ён узяў і запісаў мяне, — успамінае Алена Міхайлаўна. — Я тады не разумела, навошта мне гэта, але потым пайшло».

У 11-м класе яна выйграла абласны конкурс «Лепшы па прафесіі» сярод курсантаў ВВК. Падчас здачы тэорыі, пошукаў няспраўнасцяў і фігурнага ваджэння абышла ўсіх. «Тады я і зразумела: дарогі — гэта маё!» — расказвае жанчына.

Вучыла ездзіць усю акругу

Пасля школы Алена Міхайлаўна паступіла ў політэхнічны інстытут на інжынерна-педагагічны факультэт. Яна выкладала тэорыю і практыку ваджэння, вяла гурткі «Юны матацыкліст» і «Юны інспектар дарожнага руху». Акрамя работы ў ВВК, вяла заняткі па правілах дарожнага руху ў Дзяржынскім ДТСААФ, а потым — у аўташколе пры Уздзенскім сельскагаспадарчым ліцэі. З яе навукай выйшлі сотні кіроўцаў з катэгорыямі ад А да Е. Сярод іх — і ўласны сын, які цяпер працуе дальнабойшчыкам.

Але толькі выкладаць было мала. Алена Міхайлаўна ўзначаліла гаспадарчую групу ва ўпраўленні адукацыі, дзе адказвала за тэхніку і бяспеку перавозак. Калі не хапала кіроўцаў школьнага аўтобуса, яна сама сядала за руль і вазіла дзяцей — і так дзевяць гадоў запар.

Сярод васямнаццаці ўдзельнікаў была адзінай жанчынай

У 2021 годзе ў Лагойску прайшоў першы абласны конкурс «Найлепшы кіроўца школьнага аўтобуса». Алена Міхайлаўна вырашыла паўдзельнічаць. Сярод 18 удзельнікаў яна была адзінай жанчынай.

«Там сабраліся такія мужчыны, крутыя, з вопытам. Дальнабойшчыкі, кіроўцы з вялікім стажам. А я — метр пяцьдзясят. Ну, думаю, пакажу, на што здольная», — успамінае жанчына.

Удзельнікам трэба было прайсці тэст па правілах дарожнага руху, адказаць на складаныя пытанні па бяспецы, а потым выканаць практычныя заданні: «змейку», паркоўку з дакладнасцю да 20 сантыметраў ад бардзюра, разварот у абмежаванай прасторы. Алена справілася лепш за ўсіх. Яе памылкі былі мінімальнымі, а час — найлепшым.

«Яны ўсе такія сур’ёзныя, напышлівыя. А потым я нечакана для іх перамагла, — смяецца ўдзельніца. — Потым, калі даведаліся, што я выкладчык, што вучу кіроўцаў, сталі паважаць».

«Маршрутка — гэта проста адпачынак»

Цяпер жанчына працуе кіроўцам маршрутнага таксі. Яе маршрут Узда — Мінск. У дзень праязджае каля 600–700 кіламетраў, у сярэднім гэта тры рэйсы.

«Пасля гаспадарчай групы, дзе адказвала за дзясяткі аўтобусаў і кіроўцаў раёна, маршрутка — гэта проста адпачынак. Спакойна, без лішняй нервовасці. Пасажыры розныя, непрадбачаных выпадкаў не здаралася. Са мной дарэмна буяніць — адразу патлумачу, хто галоўны ў салоне», — кажа жанчына.

Яе паважаюць пасажыры, пазнаюць на вуліцах, а на дарозе ставяцца як да роўнай.

«На дарозе ўсе аднолькавыя. Няма ні жанчын, ні мужчын. Ты — кіроўца. І калі ўжо з дзецьмі дзевяць гадоў ездзіла, ды яшчэ выйгравала ў мужчын, — якая можа быць непавага?» — тлумачыць Алена Міхайлаўна.

Планы, ружы і мара аб матацыкле

У Алены Міхайлаўны вялікія планы. Нядаўна перанесла складаную хірургічную аперацыю, зараз праходзіць рэабілітацыю, але ўжо думае вярнуцца да выкладання. Яе запрашаюць у мясцовае вучылішча весці заняткі па правілах дарожнага руху і практыцы ваджэння.

«Сын не вельмі рады, што маці можа вярнуцца да выкладчыцкай дзейнасці, — кажа, што зноў буду цалкам занятая, будуць званкі, напружаная праца. Але, думаю, што вярнуся, гэта маё», — кажа педагог.

А яшчэ наша гераіня марыць набыць матацыкл. У маладосці шмат ездзіла на матацыклах, вучыла іншых, а цяпер хоча зноў адчуць гэтую свабоду.

«Я нядаўна сказала, што хачу матацыкл. Дык мае са мной ваявалі: „Ты здурэла? Табе не надакучылі гэтыя жалезкі?“ А я маўчу. Можа, на наступны год куплю „эндура“. Паглядзім», — усміхаецца яна.

Дома ў маёй суразмоўніцы растуць ружы. 34 кусты розных сартоў: спрэі, фларыбунды, пляцістыя, малінавыя, бардовыя, жоўтыя, белыя. Яна шмат часу праводзіць у палісадніку, а яшчэ мае 30 сотак зямлі пад Уздой, дзе вырошчвае гародніну і плануе пасадзіць буякі. Ёсць і любімы гадаванец — хаскі, які заўсёды радасна сустракае гаспадыню з працы.

Што трэба, каб стаць жанчынай за рулём?

Алена Міхайлаўна лічыць, што галоўнае — не характар і нават не вопыт. Галоўнае — жаданне.

«Калі ёсць жаданне — падыміся, паспрабуй і паедзь. Не думай, што не атрымаецца. Проста зрабі першы рэйс, а далей само пойдзе. Мне многія казалі: „Я не змагу“. 

А я кажу: „Ты не ведаеш, пакуль не паспрабуеш“. У многіх атрымлівалася», — раіць гераіня.

Алена Карабейка прыгадвае гісторыю сваёй знаёмай, якой брат і бацька сказалі: «Ты ніколі не навучышся вадзіць». Педагог пакатала яе некалькі заняткаў, і жанчына да гэтага часу за рулём.

«Усё залежыць ад таго, што ў галаве. Калі ты сабе кажаш: „Я змагу“, — значыць, зможаш. Калі баішся — будзеш баяцца да канца жыцця. Але без спробы не даведаешся», — тлумачыць Алена Міхайлаўна.

Надзея ЗУЕВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю