Top.Mail.Ru

«Калі ў нас хтосьці баіцца замежнікаў, трэба працаваць тады за траіх»

Прэзідэнт, як заўсёды, у курсе таго, што хвалюе або можа занепакоіць грамадзян краіны. Таму кіраўнік дзяржавы палічыў патрэбным адрэагаваць на тэму, якая апошнім часам вельмі актыўна абмяркоўваецца ў інтэрнэце, — запрашэнне пакістанскіх спецыялістаў на работу ў Беларусі.


Адпаведныя дамоўленасці былі дасягнуты падчас перагавораў Прэзідэнта Беларусі з прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам, падчас яго афіцыйнага візіту ў Мінск. Такім чынам, каментарый з самых першых вуснаў.

«Натуральна, як Еўрапейскі саюз, Расія, так і нам у найбліжэйшай будучыні давядзецца пагадзіцца на тое, што ў нас будуць працаваць людзі з іншых краін. І перш за ўсё з краін азіяцкіх», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. І асабліва падкрэсліў, што на перагаворах з пакістанскай дэлегацыяй была дасягнута дамоўленасць аб тым, што бакі выпрацуюць пэўную праграму, якая будзе зацверджана міжурадавым пагадненнем. 

«Гэта значыць, трэба выпрацаваць механізм, каб не адбылося так, як нас і наш народ сёння спрабуюць палохаць. Толькі чаго палохаць?» — адзначыў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што цудоўна ведае аб тым, што ёсць людзі вельмі зацікаўленыя ў тым, каб узрушыць наша грамадства. «Я магу вам па-народнаму сказаць, непапулярна: калі ў нас хтосьці баіцца замежнікаў, трэба працаваць тады за траіх. Трэба працаваць хоць бы за дваіх, як у Еўрапейскім саюзе. І мы найбліжэйшыя 10–15 гадоў увогуле не будзем гаварыць пра дэфіцыт працоўных рэсурсаў. Проста нам трэба больш працаваць. Хочам мы гэтага? Не вельмі», — шчыра выказаўся кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама заўважыў, што для таго, каб не мець праблем з працоўнымі рэсурсамі, трэба павышаць дэмаграфію. Але далёка не ўсе хочуць нараджаць па траіх і больш дзяцей, нягледзячы на вялікую дзяржаўную падтрымку.

На дадзены момант у Беларусь прыехала ўсяго каля двух дзясяткаў пакістанцаў. «Яны што, дэстабілізавалі абстаноўку? Не. Пацікавіўся, як працуюць? Ніякіх пытанняў няма. Скажуць — зробяць усё сапраўды добрасумленна, таму што яны сербанулі гора», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што запрашэнне пакістанскіх спецыялістаў вельмі выгаднае для нашай краіны. І растлумачыў на прыкладзе Баранавіцкай баваўнянай фабрыкі. У Пакістане надзвычай добра развіта тэкстыльная прамысловасць, таму карысным будзе і абмен досведам. Акрамя таго, пакістанскія партнёры гатовы пастаўляць сыравіну — бавоўну, якой у нас, як вядома, няма. «Я кажу: дык з задавальненнем — мы створым усе ўмовы, нават жыллё пабудуем, калі вы дасце нам сыравіну і тых спецыялістаў, якія там патрэбныя. І будзем разам працаваць, — адзначыў беларускі лідар. — Як прынята ў народзе, „баш на баш“: мы табе гэта пастаўляем — ты купляеш — мы табе тут дапамагаем. І шмат іншых пытанняў. Вось у чым сутнасць тых перагавораў. Гэта ў інтарэсах нашай дзяржавы».

«Вы што, лічыце, я хачу зрабіць для Беларусі горш? Ды не. Мы кожную сям’ю, кожнага чалавека (што адбываецца і цяпер, пакуль мы не прынялі рашэнне), мы кожнага прасвечваем на рэнтген. І ніхто не настойвае браць, не браць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Ён таксама звярнуў увагу, што поўную адказнасць за мігрантаў нясе кіраўнік прадпрыемства, які прымае іх на работу. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для развіцця краіны, яе росквіту патрэбны працоўныя рэсурсы. І пры гэтым у нас павінен быць парадак, таму на работу ў Беларусь будуць запрашацца толькі тыя, хто гатовы і будзе тут працаваць. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: мігранты з розных краін павінны быць разгрупаваны па тэрыторыі Беларусі. А таксама запрашацца будуць сем’ямі.

«Калі мы хочам захаваць сваю краіну, захаваць наш народ, быць суверэннымі, незалежнымі, будаваць Музей гісторыі беларускай дзяржаўнасці і нашага народа і любавацца, якімі мы былі і колькі стагоддзяў мы жывём, у аснове павінна ляжаць эканоміка. А гэта — людзі. Калі мы хочам працаваць, кіраваць працэсамі, ніякага страху няма, што да нас прыедуць. З тысячы чалавек будуць у нас, дапусцім, 60 ці 100 замежнікаў. Гэта нармальная практыка, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 

— А наогул у нас працоўных рэсурсаў дастаткова. А дзе не хапае, мы „прасвецім“ кожнага чалавека і возьмем яго жыць на самай цудоўнай зямлі — беларускай зямлі. З любой краіны. Тых, хто захоча працаваць».

Аляксандр Лукашэнка асобна звярнуў увагу, што ўсе абмеркаванні ў інтэрнэце гэтай тэмы падаграваюць зацікаўленыя ў тым, каб ускалыхнуць, узрушыць грамадства. Камітэт дзяржбяспекі ўжо выявіў у Брэсцкай вобласці групу такіх людзей.

Сёння ў Беларусі працуюць 85 тысяч спецыялістаў з розных краін. І працуюць добра. А тым, хто хвалюецца за тое, што пакістанцы нібыта перавернуць краіну, Аляксандр Лукашэнка нагадаў: «Мы нікому не дазволілі за гэты час і не дазволім пераварочваць краіну. У 2020 годзе тут каля Палаца Незалежнасці не пакістанцы бегалі», — сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што апошнія гады ў Беларусь пераязджае шмат людзей з Украіны. І ніякіх праблем з імі не ўзнікае, працуюць добра, жывуць спакойна. «Чалавек сам па сабе перасяляцца ў іншую краіну не будзе. Гэта ўжо гора прымусіла. Людзі, якія сербанулі гэтага гора, перасяліўшыся кудысьці, атрымаўшы жыллё ды ільготы, якія ёсць у адукацыі, ахове здароўя, — у іх вочы разбягаюцца, яны рады, што прыехалі. І сапраўды, добрасумленна працуюць. І дзеці ў іх будуць такія. Дык чаго мы баімся?» — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Гэта мая праблема. Я буду вырашаць яе так, як будзе выгадна нашым людзям. Найлепшым людзям нашай Беларусі. Я з гэтым заўсёды лічыўся і буду лічыцца», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт растлумачыў, што закрануў дадзеную тэму менавіта на гэтай нарадзе, таму што праблема працоўных рэсурсаў востра стаіць у Гомельскай вобласці. «Іван Іванавіч, вось вам закон. У любой частцы свету, хоць у Афрыцы, вызначайце людзей, сем’і. Па адным, па два — гэта ваша справа. Глядзіце іх, бярыце на ўлік, давайце ім работу. Выдзелілі ім работу — плаціце заробак, дайце ім зямлю. Яны часта просяць даць кавалак зямлі. У нас гэтага дабра хапае. 

Няхай самі працуюць фермерамі, калі яны хочуць. На тых умовах і паводле тых законаў, якія ў нас сёння існуюць. Крок улева, крок управа ад закона — назад на радзіму», — звярнуўся Прэзідэнт да губернатара Гомельскай вобласці Івана Крупко.

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што самае галоўнае — парадак у краіне. Для гэтага трэба выпрацаваць механізм, стварыць самы жорсткі кантроль і запрашаць, браць на работу да сябе тых, хто будзе працаваць.

Гаворачы аб збеглых, якія асабліва хвалююцца па пытанні мігрантаў, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: «Яны ж нам ужо не дапамогуць. Яны што, пойдуць да Крупко працаваць у сельскую гаспадарку? Ды не, яны там стогнуць. Ім прапанавалі посуд мыць. „Посуд мыць не можам... Гэта не хочам рабіць, вуліцу не хочам падмятаць“. Дык а што табе дадуць? Кіраваць Польшчай дадуць? Не, Польшчай кіраваць — ёсць палякі. Яны ў гэтых адносінах моцныя людзі. Таму чаго палезлі туды? Разумнейшымі трэба быць — на сваёй зямлі жыць і працаваць».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю