Яна прыйшла ў гаспадарку ў 1998 годзе, пачынала памочнікам на свінакомплексе, а потым асвоіла адну з самых адказных прафесій у сельскай гаспадарцы — аператара па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы. Валянціна ПАЛЯШЧУК працуе на МТФ «Засулле» ААТ «Каганец» Стаўбцоўскага раёна. Яна ўдастоена звання «Выдатнік сельскай гаспадаркі» — узнагароды, якую ўручаюць найлепшым працаўнікам галіны, яе фота не раз было занесена на раённую Дошку гонару. Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на яе працоўным месцы і пагутарылі з жанчынай, якая ўжо больш за чвэрць стагоддзя клапоціцца пра ўзнаўленне статка.
Валянціна Васільеўна па адукацыі бухгалтар, але працаваць па спецыяльнасці не давялося. «Пайшла ў гаспадарку памочнікам на свінакомплекс. А калі яго закрылі, прапанавалі паехаць вучыцца на асемянатара. Спачатку было страшна, а потым вельмі спадабалася», — расказвае яна. Асвоіўшы новую прафесію, жанчына засталася ў галіне на доўгія гады. Цяпер яе працоўны дзень пачынаецца на малочнатаварнай ферме «Засулле», дзе яна адказвае за ўзнаўленне пагалоўя.
На пытанне, у чым асаблівасці яе прафесіі, Валянціна Васільеўна адказвае без надуманай сціпласці: «Гэта занятак не для беларучак, таму што работа складаная і практычна без выхадных. На мне ляжыць вялікая адказнасць: калі не буду якасна выконваць свае абавязкі, гаспадарка застанецца і без цялят, і без малака. Таму стараюся, і мне радасна бачыць вынік сваёй працы». Спецыяліст ведае: чым большы прыплод, тым багацейшае прадпрыемства. Але, падкрэслівае жанчына, гэта агульная работа. «Тут і заатэхнік, і ветэрынар, і даяркі — усе разам. Калектыў павінен быць дружным», — кажа яна.
Валянціна Васільеўна не абмяжоўваецца толькі сваімі прафесійнымі абавязкамі. Яна актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці гаспадаркі. Усё, што зроблена ў плане добраўпарадкавання на тэрыторыі МТФ «Засулле», — гэта плён яе старанняў. Крэатыўных ідэй у яе заўсёды дастаткова: яна ў любой рабоце ўмелая. Калі бачыш гэтую жанчыну, адразу адзначаеш пра сябе: сціплая і нешматслоўная. Як нам сказалі ў гаспадарцы, асемянатар робіць сваю справу і ніколі не скардзіцца, што ёй цяжка. І гэта нягледзячы на тое, што, акрамя асноўнай працы, аператар па асемяненні выконвае і абавязкі тэхніка па ўліку малака і кармоў.

Пра ўмовы працы Валянціна Васільеўна кажа з удзячнасцю. Жыве яна ў суседняй вёсцы Зарэчча. Гаспадарка выдзеліла сям’і дом, які яны з мужам потым выкупілі. Муж таксама працаваў у гаспадарцы вадзіцелем, але па стане здароўя цяпер на пенсіі. Дзеці ўжо выраслі і жывуць асобна.
У Валянціны Васільеўны шмат узнагарод. За высокую нараджальнасць цялят яе неаднаразова заахвочвалі дыпломамі і ганаровымі граматамі. У 2022 годзе заняла першае месца ў раённым конкурсе прафесійнага майстэрства, яе фота было на Дошцы гонару раёна. Адна з самых важных для жанчыны ўзнагарод — знак «Выдатнік сельскай гаспадаркі», які ёй уручаў старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама.
Мы засталі Валянціну Васільеўну на працоўным месцы. Жанчына гасцінна запрасіла ў свой кабінет, паказала граматы і падзякі, фотаздымкі калектыву з сумесных паездак. Расказала пра дзяцей, якія вучацца і працуюць у горадзе. Аднак для самой Валянціны Паляшчук вёска — найлепшае месца, тым больш што ферма, на якой працуе, побач. Разам з ёй мы паглядзелі, як уладкавана гаспадарка. «Тут у мяне мая галоўная работа, — усміхаецца наша гераіня. — Рагуль усіх ведаю, яны мяне таксама. Я нават карову не трымаю дома, мне на ферме хапае, аднак гаспадарка ёсць», — усміхаецца Валянціна Васільеўна.
Жанчына адзначае: поспех прыходзіць тады, калі кожны ведае сваю справу і робіць яе сумленна. «Дружная павінна быць работа, каб усё добра было, трэба, каб усе разам працавалі», — кажа жывёлавод. На пытанне, ці лёгка яна знаходзіць агульную мову з калегамі, жанчына адказвае: «Яны ўсё ведаюць ужо, толькі калі што падказаць трэба — скажу». Сваіх калег яна паважае, а яны, у сваю чаргу, цэняць яе за спакойны характар, добразычлівасць і паважлівыя адносіны да людзей.
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ