Вясна ў самым разгары, а значыць, хутка адкрыюцца атракцыёны, дзе бацькі з дзецьмі змогуць актыўна бавіць вольны час. Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер УП «Мінскзелянбуд» Руслан Касевіч, у гэтым сезоне атракцыёны ў парках сталіцы плануюць запускаць у залежнасці ад надвор’я.
Новы сезон работы атракцыёнаў пачнуць у два этапы. У парках Чалюскінцаў, імя Уга Чавеса і 900-годдзя горада Мінска сезон адкрыецца ў канцы красавіка, калі ўсталюецца камфортнае цёплае надвор’е. Атракцыёны ў парку Горкага запрацуюць крыху пазней. Гэта адбудзецца практычна адразу пасля рэканструкцыі, як мяркуецца, у пачатку мая, лічыць спецыяліст.
Цяпер на «дзіцячых» тэрыторыях, а гэта паркі імя Уга Чавеса, Чалюскінцаў, Горкага і 900-годдзя горада Мінска, завяршаюцца планавыя мерапрыемствы падрыхтоўкі да новага сезона. На балансе «Мінскзелянбуда» знаходзяцца 58 атракцыёнаў, у парку Горкага — 26, у парку Чалюскінцаў — 16 і па 8 атракцыёнаў — у парках 900-годдзя горада Мінска і імя Уга Чавеса.
Новыя «Драконы» і «Міксы»
Ужо праведзена работа па раскансервацыі атракцыёнаў пасля зімовага захоўвання, зняты чахлы, устаноўлены пасадачныя модулі, праведзена змазка вузлоў, праверана работа ілюмінацыі, ідуць грузавыя выпрабаванні.
У гэтым сезоне наведвальнікаў чакаюць прыемныя сюрпрызы. «З мэтай абнаўлення паркаў летась былі спісаны два старыя атракцыёны. У парку Чалюскінцаў разабралі атракцыён „Лебедзі“, а ў парку Горкага — атракцыён „Вальс“. На іх месца ўжо закуплены і ўстаноўлены аналагічныя новыя каруселі. Акрамя таго, заключаны дагаворы на пастаўку атракцыёнаў „Драконы“ ў парк Горкага і „Мікс“ беларускай вытворчасці ў парк Чалюскінцаў. Таксама вядзецца работа па закупцы механізаванага атракцыёна „Пажарная каманда“ ў парк Горкага», — распавёў Руслан Касевіч.
Калі і колькі?
Пацікавіліся мы і рэжымам работы сталічных атракцыёнаў, коштам катання на іх. Па словах прадстаўніка «Мінскзелянбуда», рэжым работы паркаў застанецца ранейшым: так, у парках Горкага, Чалюскінцаў і імя Уга Чавеса выхаднымі днямі стануць панядзелак і аўторак. Парк 900-годдзя горада Мінска будзе закрывацца па панядзелках, аўторках і серадах. Графік можа змяняцца, калі на гэтыя дні будуць прыпадаць святы.
Каб валодаць сітуацыяй, заўсёды можна азнаёміцца з актуальнай інфармацыяй на сайце parkі.by альбо на паркавых касах. Час работы атракцыёнаў таксама не зменіцца: з 11.00 да 21.00. У пятніцу, суботу, перадсвяточныя і святочныя дні — на гадзіну даўжэй (да 22.00). Дзіцячая пляцоўка ў парку Горкага працуе з 10.00 да 21.00«, — праінфармаваў намеснік гендырэктара.
Што датычыцца цэн на атракцыёны, то яны застануцца нязменнымі — на ўзроўні 2024 года. У сярэднім наведванне на аднаго чалавека складзе 2,5 рубля.
Каб катацца без рызык
Пра змены ў правілах бяспекі атракцыёнаў паведаміў начальнік упраўлення нагляду за бяспекай пад’ёмных збудаванняў і атракцыёнаў Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці Пётр Клімко.
Падрыхтоўка атракцыёнаў да сезона эксплуатацыі сёлета будзе ажыццяўляцца крыху ў новым парадку, які абумоўлены тым, што ўнесены змены ў правілы па забеспячэнні прамысловай бяспекі атракцыёнаў. Змяненні закранулі ў першую чаргу правядзенне тэхнічнага агляду атракцыёнаў і тэхнічнага дыягнаставання іх механізмаў, якія адпрацавалі прызначаны тэрмін службы. У краіне зарэгістравана каля 180 атракцыёнаў, якія падпадаюць пад дзеянне закона аб прамысловай бяспецы. Маюцца на ўвазе не ўсе механізмы, а тыя, што з патэнцыяльнай біямеханічнай рызыкай РБ1 (самы высокі) і РБ2 (сярэдні), механізаваныя атракцыёны і водныя горкі.
Пётр Клімко адзначыў, што 70 % з зарэгістраваных атракцыёнаў ужо адпрацавалі свой тэрмін службы, які ў сярэднім складае 10 гадоў. Але гэта не азначае, што яны непрыдатныя для эксплуатацыі. «Зразумела, што 10 гадоў — не мяжа. Ёсць інструменты, якія дазваляюць падоўжыць тэрмін службы атракцыёна. Гэта той жа рамонт, які можа аднавіць яго здольнасць бяспечна эксплуатавацца».
Сёння ў правілы ўнесены змены, якія абмяжоўваюць тэрмін эксплуацтацыі атракцыёнаў — не больш за тры прызначаныя вытворцам тэрміны службы.
«Кожны атракцыён перад допускам да эксплуатацыі, калі ён адпрацаваў прызначаны тэрмін службы, праходзіць абавязковае дыягнаставанне і тэхнічны агляд, выпрабаванне экспертам у галіне прамысловай бяспекі. Тыя атракцыёны, якія адпрацавалі прызначаны тэрмін службы, будуць выпрабоўвацца і праходзіць тэхнічны агляд толькі экспертамі Дзяржпрамнагляду, каб выключыць момант, калі адна і тая ж арганізацыя будзе праводзіць і дыягностыку, і агляд», — праінфармаваў начальнік упраўлення.