Бясплатная вакцына ад віруса папіломы чалавека (ВПЧ) з’явіцца ў беларускіх медыцынскіх установах у маі — чэрвені, паведаміла на прэс-канферэнцыі Ала Дашкевіч, намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
З пачатку 2025 года вакцына ад ВПЧ уключана ў Нацыянальны каляндар прышчэпак. Прышчэпкі будуць рабіць дзяўчынкам з 11 гадоў.
Як расказала загадчыца лабараторыі анкагінекалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. Аляксандрава Вольга Матылевіч, у Беларусі штогод дыягнастуюць каля 800 выпадкаў раку шыйкі маткі, з якіх каля 300 заканчваюцца смяротна.
У 90% выпадкаў прычынай захворвання становіцца вірус папіломы чалавека, прычым найбольш небяспечнымі лічацца тыпы 16 і 18, якія выклікаюць каля 70% выпадкаў анкалогіі.
Вакцыны забяспечваюць абарону ад самых анкагенных штамаў і дэманструюць эфектыўнасць вышэй за 80%.
Па словах Матылевіч, нават калі вакцынацыя будзе праводзіцца толькі сярод дзяўчынак, гэта ў будучыні знізіць узровень захворвання і ў хлопчыкаў дзякуючы крыжаванаму імунітэту.
«Так, вынік будзе прыкметны не адразу, але праз 20 гадоў мы дакладна ўбачым эфект», — падкрэсліла спецыяліст
Нагадаем, што з 2025 года ў Беларусі таксама ўведзена вакцынацыя ад пнеўмакокавай інфекцыі для дзяцей да года і бустэрная прышчэпка ад коклюшу ва ўзросце 6 гадоў.
Фота: pixabay.com