У сацыяльных сетках — чарговы гвалт. Людзі абмяркоўваюць, калі трэба аплачваць камунальныя плацяжы. Некаторыя зайшлі ў інтэрнэт разбірацца, а ці праўда, што іх цяпер давядзецца штомесяц уносіць да 15-га ( а не да 25-га). Некаторыя пішуць, што заўважылі незвычайныя для сярэдзіны месяца чэргі ў банках і тых, хто прыйшоў плаціць «камуналку» па «новых правілах».
Падобная сітуацыя паказвае, да чаго даводзіць давер TіkTok«, а не пошук інфармацыі ў афіцыйных крыніцах. Адкуль пайшла пагалоска пра змененую дату? Некаторыя карыстальнікі звярнулі ўвагу на пасты ў месенджары, што з 1 сакавіка 2026 года камунальныя паслугі трэба аплачваць да 15 чысла кожнага месяца. Але ў віртуальных «першакрыніцах» не удакладнялася, што гэтыя новаўвядзенні прынятыя... у іншай краіне — ў Расійскай Федэрацыі. Прычым зрабілі гэта для зручнасці людзей — перанеслі дату з 10-га, як было да сакавіка. Беларускія «ціктокеры» «гарачую» навіну распаўсюдзілі, а калі перанеслі на нашу глебу, атрымалі шэраг гнеўных каментарыяў, у якіх наракалі «на нестыкоўкі выплат і здаровага сэнсу», на жаданне некага зарабіць на пустым месцы, калі людзі, няздольныя своечасова зрабць плацяжы, будуць яшчэ вымушаны аплачваць пратэрміноўку. Асобныя нават параілі раней выдаваць пенсіі.
Як паведамілі у кантакт-цэнтры Адзінага разлікова-даведачнага цэнтра ЖКГ г. Мінска, пытанні аб часе, калі трэба аплаціць «камуналку», паступалі і да іх. Тут патлумачылі, што аплата за ЖКГ у Беларусі здзяйсняецца «па-старому» — не пазней за 25 чысло кожнага месяца. Змены ў заканадаўчыя акты ў Беларусі адносна змяшчэння тэрмінаў аплаты не ўносіліся.
Відаць, сучасным карыстальнікам сацсетак каторы раз не пашкодзіць нагадаць, што трэба правяраць крыніцы інфармацыі, больш уважліва сачыць за пастамі і чытаць да канца. Нават пад відэаролікамі, у якіх тлумачыцца, з-за чаго ўзнікла блытаніна і што новыя правілы аплаты паслуг ЖКГ прыняты ў суседняй краіне, асобныя каментатары працягваюць абурацца наконт «змяшчэння камуналкі».
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ