Ёлачная цацка, без якой ужо немагчыма ўявіць навагоднія святы, мае працяглую і вельмі цікавую гісторыю. Аб гэтым распавядае часовая экспазіцыя «Цацкі, якія захоўваюць памяць», прадстаўленая ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Каб выстаўка выклікала яшчэ большую цікавасць у дзяцей (а менавіта на гэту аўдыторыю найперш разлічана экспазіцыя), супрацоўнікі музея звязалі яе з адукацыйнай праграмай «Падарожжа ёлачнай цацкі ў гісторыі». «На выстаўцы прадстаўлены ёлачныя цацкі з калекцыі нашага музея, вырабленыя ў СССР у перыяд з 1945 да 1960 года, — адзначае метадыст культурна-адукацыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Кацярына КРАВЧЫК. — Напрыклад, расказваем, калі з’явіліся мантажныя цацкі або цацкі з кардону ці ваты, і просім дзяцей знайсці такія ж у экспазіцыі. Згадваем аб тым, што ў гісторыі Савецкага Саюза ёлачная цацка стваралася, пераўтваралася, развівалася, пастаянна мянялася».
Экспазіцыя дапоўнена выстаўкай сучасных вырабаў — самаробных ёлачных цацак, створаных юнымі беларусамі. У навагодняй акцыі музея прынялі ўдзел больш як 240 хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх рэгіёнаў краіны. Без малога 300 работ, якія ўпрыгожваюць выставачную пляцоўку.
«Салдаты» і «танкі» на ваеннай ёлцы
Вытворчасць ёлачных цацак у Расіі спынілася ў пачатку 1927 года. Да 1935-га святкаванне Новага года і Каляд было ўвогуле забаронена. Так званая рэабілітацыя любімага многімі свята пачалася пасля таго, як 28 снежня 1935 года ў газеце «Правда» з’явіўся артыкул з назвай «Давайце арганізуем да Новага года дзецям добрую ёлку!».
У пачатку 1937-га ў Калоннай зале Дома Саюзаў у Маскве ўстанавілі 15-метровую ёлку і правялі свята. З таго часу Новы год вярнуўся ў жыццё савецкіх грамадзян. Адпаведна, аднавіўся і выпуск ёлачных цацак. Першымі з іх былі «парашутысты» з ваты, шкляныя дырыжаблі з надпісам «СССР», шары з выявай членаў Палітбюро, што адпавядала тагачасным рэаліям.
Не спыняўся выпуск ёлачных цацак нават у гады Вялікай Айчыннай вайны. Хоць і ў абмежаванай колькасці, але вытворчасць гэтага навагодняга атрыбута, напрыклад, была наладжана на маскоўскім заводзе «Маскабель», дзе ёлачныя ўпрыгажэнні вырабляліся з адходаў вытворчасці. Сняжынкі і паруснікі, кветкі і пяціканцовыя чырвоныя зоркі круцілі з дроту, фольгі, металічнай стружкі і іншага. Лямпавы завод вырабляў шарыкі, якія нагадвалі тыя ж лямпачкі, але без цокаля. Стваралі цацкі і ў хатніх умовах. У прыватнасці, клеілі на іх фотаздымкі родных, якія сышлі на фронт.
«У гады вайны абавязкова імкнуліся сустракаць Новы год, — звяртае ўвагу Кацярына Кравчык. — Калі была такая магчымасць, упрыгожвалі ёлку і на перадавой, і ў партызанскім атрадзе, і нават у шпіталі. З падручных сродкаў — бінтоў, ваты, пагонаў, дроту — рабілі фігуркі. Вешалі на ёлку стрэляныя гільзы, сняжынкі з газет. „Ваенныя“ ёлкі ўпрыгожвалі „салдатамі“, „танкамі“, „пісталетамі“, „сабакамі-санітарамі“. Самымі папулярнымі навагоднімі ёлачнымі цацкамі ваенных гадоў з’яўляліся „парашутысты“. Падрыхтоўка да свята нагадвала аб мірным жыцці, усяляла ў людзей надзею на Перамогу».
Дзед Мароз франтавікоў і касмічная тэматыка
Пачынаючы з 1947 года 1 студзеня стала выхадным днём, а цацкі адлюстроўвалі мірную тэматыку. З’явіліся «ёлачныя хакеісты», на лясных прыгажунях «прапісаліся» і цыркавыя персанажы. У пасляваенны перыяд папулярнасць набылі казкі Пушкіна — гэта было адлюстравана і ў тэматыцы ёлачных цацак. Кітайскія ліхтарыкі сведчылі аб пацяпленні ў савецка-кітайскіх адносінах. А пасля кінастужкі «Карнавальная ноч» у моду ўвайшлі цацкі ў форме гадзінніка, на якім паказаны час за пяць хвілін да поўначы. Паляцеў у космас Юрый Гагарын — сталі папулярнымі цацкі-«касманаўты». «Садавіна» і «гародніна» на лясной прыгажуні — на здаровы лад жыцця.
Калекцыя навагодніх цацак прадстаўлена трыма Дзядамі Марозамі. Адзін з іх належаў сям’і беларускага пісьменніка Міхаіла Калачынскага. Яшчэ адзін навагодні персанаж — уласнасць сям’і Пятра Панасенкі, падчас Вялікай Айчыннай малодшага лейтэнанта медыцынскай службы, фельчара роты 237-га канвойнага палка ўнутраных войскаў НКУС СССР, і яго жонкі Клаўдзіі, якая ў гады вайны з’яўлялася сакратаром ваеннай пракуратуры 6-й стралковай дывізіі ўнутраных войскаў НКУС Беларускай ваеннай акругі. Захаваліся і іншыя ёлачныя цацкі ўдзельнікаў-франтавікоў. Сёння яны каштоўнасць музейных фондаў.
Са з’яўленнем хрушчовак інтэр’ер афармлялі невялікімі ёлкамі, а таму пачалі вырабляць мініяцюрныя цацкі. У 1960-я гады навагоднія ёлкі ўпрыгожвалі «пачаткамі кукурузы» і «снапамі пшаніцы». На лясную прыгажуню пачалі вешаць «спадарожнікі», «касманаўтаў», «ракеты», шары з малюнкамі на касмічную тэматыку — ёлачныя цацкі адпавядалі духу часу. З’явіліся першыя электрычныя гірлянды. У 1970-я гады выпуск ёлачных упрыгажэнняў стаў не такім разнастайным. Фабрыкі ёлачных цацак выпускалі серыі шароў, пірамід, званочкаў і іншае. Шкляныя вырабы былі рэдкасцю, а таму з’яўляліся недаступнымі для шырокай аўдыторыі.
Акрамя ёлачных цацак, прадстаўлены на выстаўцы і ўпаковачны пакет з надпісам «З Новым годам!» вытворчасці выдавецтва «Звязда», які таксама належаў сям’і Панасенкаў. Пакет быў выраблены ў 1964 годзе для Цэнтральнага ўнівермага «Мінск» (цяперашні ЦУМ). На ім надрукавана запрашэнне наведаць універмаг, каб паглядзець на прыбраную ёлку і набыць навагоднія падарункі. Навагоднюю ёлку пачалі ўпрыгожваць ужо не толькі дома, але і на гандлёвых пляцоўках, што сведчыць аб традыцыі дарыць адзін аднаму падарункі.
Вераніка КАНЮТА.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА.