Top.Mail.Ru

Калі страчваеш нюх. Ад чаго такое здараецца і што рабіць?

Аб анасміі актыўна загаварылі ў сувязі з пандэміяй Covіd-19. Страта нюху была адным з галоўных сімптомаў каранавіруснай інфекцыі.

На шчасце, у большасці тых, хто перахварэў на яе, здольнасць адчуваць пахі з часам аднавілася. Але ёсць і тыя, да каго нюх не вярнуўся дагэтуль.

З-за чаго часцей за ўсё развіваецца анасмія? Чым яна небяспечная? Што рэкамендуюць медыкі для вяртання нюху? У чым прычыны гіперасміі, парасміі, нюхальных галюцынацый? Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі з урачом-отарыналарынголагам ГКБ № 4 Мінска Аляксандрай МІХНЕВІЧ.

— Аляксандра Віктараўна, наколькі часта сустракаецца анасмія? Хто ў большай меры схільны да яе?

— Анасмія, ці поўная страта нюху, не вельмі распаўсюджаны сіндром. Значна часцей мы маем справу з гіпасміяй, то-бок зніжэннем нюху. У свеце на яе пакутуе ад 

3 да 6 % насельніцтва. Прыкметна вышэйшы гэты працэнт стаў, безумоўна, падчас пандэміі Covіd-19. Часцей гіпасмію назіраюць у людзей сталага, пажылога ўзросту. Гэта фізіялагічна абумоўлена: з гадамі ўсе функцыі крыху слабеюць. У дзяцей анасмія і гіпасмія сустракаюцца вельмі рэдка.

— Што часцей за ўсё правакуе анасмію і гіпасмію?

— Самая распаўсюджаная прычына — ВРВІ, хранічныя захворванні поласці носа або калянасавых пазух, алергічны рыніт. Да зніжэння нюху могуць прывесці чэрапна-мазгавыя траўмы, хвароба Паркінсона, Альцгеймера і іншыя цяжкія неўралагічныя паталогіі, якія ўплываюць на мозг, а таксама пухліны. Фактары рызыкі — курэнне, рэгулярнае ўдыханне шкодных рэчываў, у складзе якіх ёсць таксіны. Рэдкія выпадкі анасміі і гіпасміі ў дзяцей — гэта, як правіла, спадчынныя сіндромы або вынік траўмаў.

— Як звязана анасмія з парушэннямі смаку, пагаршэннем памяці, кагнітыўных функцый, канцэнтрацыі ўвагі, дэпрэсіяй?

— Са смакавымі адчуваннямі анасмія звязана вельмі цесна. Успрыманне смаку на 80 % залежыць ад нашай адчувальнасці да пахаў. Калі знікае нюх, чалавек успрымае толькі базавыя смакі — салёны, салодкі, кіслы, горкі. Здольнасць успрымаць складаныя адценні, напрыклад, смак апельсіна ці шакаладу, у яго губляецца, і ён перастае атрымліваць задавальненне ад ежы. А паколькі асалода ад ежы — адна з самых даступных, а для кагосьці і адзіная радасць, то яе знікненне можа прыводзіць да зніжэння настрою, нават да дэпрэсіі. Акрамя таго, калі чалавек перастае ўспрымаць пахі, ён часта дыстанцыруецца ад іншых. І гэтая сацыяльная ізаляцыя таксама можа садзейнічаць развіццю дэпрэсіі. Зніжэнне кагнітыўных функцый — гэта не вынік анасміі: наяўнасць і інтэлектуальных, і нюхальных парушэнняў, як правіла, указвае на сур’ёзныя неўралагічныя праблемы, якія закранаюць дзейнасць мозгу. Што да памяці... Пахі — правакатары ўспамінаў. Калі мы губляем нюх, знікае трыгер, які выклікае ў памяці падзеі мінулага, і паступова яны забываюцца.

— Да якога спецыяліста варта звярнуцца ў першую чаргу, калі страціў здольнасць адчуваць пахі?

— Спачатку да лор-урача. Калі мы не знойдзем нейкіх тлумачэнняў страце нюху, накіруем пацыента да неўролага.

— Што часцей за ўсё выклікае праблемы з нюхам у вашых пацыентаў?

— Як правіла, хранічныя лор-захворванні. Мы маем справу ў асноўным з пацыентамі, якія пакутуюць на хранічны сінусіт (запаленне слізістай абалонкі насавых пазух). У гэтай катэгорыі любы ацёк і разрастанні слізістай абалонкі, тым больш паліпы, перашкаджаюць паветру (у якім раствораныя араматычныя малекулы) даходзіць да нюхальнай зоны, размешчанай уверсе поласці носа. Пасля аперацый пры паліпозных сінусітах нюх часта адразу аднаўляецца. Але не заўсёды. Калі паліпы доўга здушвалі нервовыя рэцэптары ў поласці носа, то яны, як правіла, гінуць. І, нягледзячы на праведзеную аперацыю, здольнасць адчуваць пахі можа не вярнуцца.

— Гэта значыць, пры запушчаных паліпозных сінусітах не варта разлічваць вярнуць сабе нюх?

— Калі чалавек 5-10 гадоў не адчуваў пахаў, то наўрад ці аперацыя верне яму гэтую здольнасць. Хаця рэдкія шчаслівыя выключэнні ўсё ж здараюцца. Шанцы пазбавіцца ад анасміі пасля выдалення паліпаў тым вышэйшая, чым раней пацыент да нас звернецца.

— Акрамя хірургічнага ўмяшання, якое лячэнне звычайна прызначаюць пацыентам з анасміяй і гіпасміяй?

— Залежыць ад прычыны. Пры віруснай інфекцыі нюх вяртаецца звычайна, як толькі яна праходзіць. Пры неўралагічных праблемах поспех у аднаўленні адчувальнасці да пахаў залежыць ад поспеху ў лячэнні асноўнага захворвання.

— Але пры Covіd-19 нюх у некаторых людзей не аднавіўся і дагэтуль...

— Такія прыклады ёсць. Хоць у 80-90% пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй анасмія і гіпасмія прайшлі на працягу некалькіх тыдняў ці месяцаў пасля выздараўлення. Для 10-20% тых, хто перахварэў, патрабуецца больш часу. Адна з нашых супрацоўніц пасля Covіd-19 некалькі гадоў не адчувала пахаў. Для яе гэта стала драмай: яна вельмі любіць парфум. Але ў рэшце рэшт нюх вярнуўся. Паводле яе слоў, яна рэгулярна «трэніравала» яго духамі, туалетнай вадой. Араматычны трэнінг — асноўная рэкамендацыя для аднаўлення адчувальнасці да пахаў. Трэба рэгулярна на дыск ці ватную палачку наносіць розныя араматычныя маслы, парфум і нюхаць іх. Але для дасягнення эфекту звычайна патрабуецца шмат часу.

— Ці можна казаць пра нейкую прафілактыку анасміі?

— Яна ў тым, каб не дапускаць абвастрэнняў хранічных захворванняў, ВРВІ. Ёсць перыяды, калі такія пацыенты ні на што не скардзяцца. Але захворванне (той жа паліпозны працэс) нікуды не знікае. І каб падоўжыць рэмісію, мы рэкамендуем арашаць нос солевымі растворамі. У некаторых выпадках прызначаем інтраназальныя глюкакартыкастэроіды.

— Страта адчувальнасці да пахаў у некаторых сітуацыях стварае сур’ёзныя пагрозы для здароўя і нават жыцця. Пра што трэба памятаць людзям, якія страцілі нюх?

— Найбольш высокія рызыкі ствараюць газ, ежа, хімікаты. Каб засцерагчы сябе пры ўцечцы газу, людзям з анасміяй абавязкова трэба ўстанавіць апавяшчальнікі. Складаней з ежай і хімікатамі. З-за таго, што чалавек не адчувае паху сапсаванай ежы, у яго вышэйшая верагоднасць харчовага атручвання. А каб пазбегнуць хімічных атручванняў, трэба карыстацца сродкамі індывідуальнай абароны пры рабоце з фарбай, растваральнікамі, бензінам і г. д., быць асцярожнымі.

— Аляксандра Віктараўна, а чым бываюць выкліканы абвостраная адчувальнасць да пахаў, парасмія, нюхальныя галюцынацыі?

— Гіперасмія — гэта часцей за ўсё вынік неўралагічнага або гарманальнага дысбалансу. Вельмі часта з яе праявай сутыкаюцца цяжарныя жанчыны. Акрамя таго, павышаная адчувальнасць да пахаў бывае прадвеснікам мігрэні. Абвастраць нюх могуць панічныя расстройствы, трывожнасць, дэпрэсія. Часам да гэтага прыводзяць хімічныя ўздзеянні. Гіперасмія сустракаецца радзей, чым гіпасмія або анасмія. Парасмія (скажонае ўспрыманне паху), нюхальныя галюцынацыі (калі нам здаецца, напрыклад, што вакол пах гнілі, а аб’ектыўна яго няма) узнікаюць у асноўным з-за неўралагічных парушэнняў: хваробы Паркінсона, Альцгеймера, эпілепсіі, а таксама пухлін. Хаця часам такія праявы маюць месца і пасля віруснай інфекцыі. Дарэчы, некаторыя пацыенты з Covіd-19 скардзіліся не толькі на адсутнасць нюху, але і на скажэнне пахаў: напрыклад, на пах гару ў апельсінаў ці пах бензіну ў клубніцах.

Вольга Паклонская

фота аўтара

Чытайце таксама: Як не прагледзець блізарукасць у дзяцей

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю