Top.Mail.Ru

Калі варта заключаць дадатковае пагадненне да дагавора рэнты, каму выдаецца пасведчанне аб спадчыне — адказ даў натарыус

Наша бабуля заключыла дагавор рэнты. І першыя два гады жанчына, якую яна выбрала, актыўна ёй дапамагала, яны сталі ледзь не лепшымі прыяцелькамі. А вось нядаўна бабуля патэлефанавала і паскардзілася, што ёй ужо менш удзяляюць увагі, а ў кватэры гаспадараць поўным ходам. Ці можна паўплываць на плацельшчыка рэнты (так гэта жанчына названа ў дагаворы), улічваючы, што бабуля зусім не імкнецца спыняць стасункі?

Лепш заключыць дадатковае пагадненне

Наша бабуля заключыла дагавор рэнты. І першыя два гады жанчына, якую яна выбрала, актыўна ёй дапамагала, яны сталі ледзь не лепшымі прыяцелькамі. А вось нядаўна бабуля патэлефанавала і паскардзілася, што ёй ужо менш удзяляюць увагі, а ў кватэры гаспадараць поўным ходам. Ці можна паўплываць на плацельшчыка рэнты (так гэта жанчына названа ў дагаворы), улічваючы, што бабуля зусім не імкнецца спыняць стасункі?

Аксана, Кобры

Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Ірына ЛАСКЕВІЧ:

— У першую чаргу лепш пагаварыць з іншым бокам. Паказаць, што пажылы чалавек не адзін і за яго ёсць каму пастаяць. А лепш заключыць дадатковае пагадненне да дагавора пажыццёвага ўтрымання, у якім пералічыць дадатковыя найважнейшыя абавязкі плацельшчыка рэнты.

Важна памятаць, што пры адсутнасці згоды двух бакоў адмяніць такі дагавор ў выпадку істотнага парушэння яго ўмоў можна толькі ў судовым парадку. Пры гэтым плацельшчык рэнты не мае права патрабаваць кампенсацыі выдаткаў, панесеных у сувязі з утрыманнем яе атрымальніка.

Дарэчы, бываюць выпадкі пашкоджання маёмасці, яе страты, напрыклад, пры пажары. Але гэта не вызваляе плацельшчыка рэнты ад абавязацельстваў па прадастаўленні пажыццёвага ўтрымання. Калі ж той чалавек, які абавязаўся даглядаць за другім у абмен на маёмасць, памёр, то абавязацельствы па ўтрыманні пераходзяць на дзяцей або іншых сваякоў.

Колькі прэтэндэнтаў на кватэру?

Бацька з маці набылі кааператыўную кватэру ў шлюбе ў 1983 годзе, у 1991-м яны развяліся. Дзяцей двое — я і брат. У судзе вызначылі, што бацька цалкам губляе права на жылплошчу, але выпісаны з кватэры ён не быў, хоць і пражываў у іншай жанчыны. У 1997 годзе бацька памёр і аўтаматычна быў выпісаны з мамінай кватэры. У 2005-м маці аформіла пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі кватэры, стаўшы адзіным уласнікам. Летась памёр мой брат, але ў яго засталіся непаўналетнія дзеці. Ці могуць яны прэтэндаваць на маміну кватэру? Ці ў нашай сітуацыі жыллё належыць толькі маме, а я — адзіная спадчынніца?

Анастасія, Мінс

Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Таццяна НОВІК:

— У адпаведнасці з артыкулам 1057 Грамадзянскага кодэкса, спадчыннікамі па законе першай чаргі з’яўляюцца дзеці, муж і бацькі памерлага. Унукі спадчынадаўцы і іх прамыя нашчадкі ўспадкуюць па праве прадстаўлення. У дадзенай сітуацыі спадчыннікамі мамы па законе з’яўляецеся вы і дзеці вашага памерлага брата. Вы атрымаеце 1/2 долю, а яны будуць дзяліць паміж сабой іншую палову маёмасці, якую атрымаў бы ваш брат, калі б быў жывы да дня смерці маці. Змяняецца парадак атрымання ў спадчыну па законе складаннем завяшчання.

Адно пасведчанне ці некалькі?

Пры ўступленні ў спадчыну выдаецца адно пасведчанне аб праве на яе альбо на кожную спадчынную маёмасць асобнае? Напрыклад, мне завяшчалі дом, кватэру, недаатрыманую пенсію — гэта ўсё будзе ў адным дакуменце ці выдадуць некалькі?

Аліна, Мінская вобласць

Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Сафія СНАПОК:

— Пасведчанне аб праве на спадчыну выдаецца на дзвюх падставах: па законе і па завяшчанні. Адпаведна, натарыус выдае асобныя пасведчанні аб праве на спадчыну па завяшчанні і па законе. Пасведчанне аб праве на спадчыну на адной з падстаў можа быць выдадзена як на кожны від спадчыннай маёмасці асобна, так і адно. Па вашай просьбе натарыус можа пазначыць у адным пасведчанні некалькі спадчынных аб’ектаў.

Віктар ЛЮБІМАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю