— Што трэба рабіць, калі зразумеў, што заблудзіўся?
— Галоўнае, захоўваць спакой. З-за стрэсу людзі страчваюць здольнасць цвяроза ацэньваць сітуацыю і пачынаюць кідацца па лесе, тым самым ускладняючы пошукі ратавальнікам.
Заставацца на месцы разумна толькі ў тым выпадку, калі сказалі родным, куды збіраецеся, ці калі працуе сувязь і вы змаглі паведаміць, што заблудзіліся. Аднак, калі вы нікому не паведамілі, а мабільны не «ловіць», лепш зрабіць спробу выйсці самастойна, бо вас могуць шукаць у іншым месцы. Калі не памятаеце, з якога боку прыйшлі, то трэба ўважліва даследаваць мясцовасць на наяўнасць якіх-небудзь арыенціраў.
— Напрыклад?
— ЛЭП, квартальныя слупы. Пры інфармаванні аб тым, што рабіць у выпадку, калі чалавек заблудзіўся, пра апошнія расказваюць даволі рэдка. Гэтыя знакі падзяляюць мясцовасць на ўмоўныя квадраты, або кварталы. Устанаўліваюцца на скрыжаванні прасек — палос, вычышчаных ад дрэў і кустоў. Калі той, хто заблукаў, заўважыў квартальны слуп, то яму варта ісці па бачнай прасецы. Так ён з вялікай доляй верагоднасці зможа выйсці з лесу.

Варта таксама прыслухацца: шум чыгункі чуваць за 10 км, гук ад работы сельскагаспадарчых машын — за 3-4 км, брэх сабак — за 2-3 км. Адпраўляйцеся на гук. Калі сустрэўся ручай ці рака, ідзіце ўніз па цячэнні. Гэтыя арыенціры абавязкова выведуць да людзей.
— У пачатковай школе вучаць арыентавацца па розных прыродных прыкметах. Напрыклад, з паўночнага боку крона дрэў больш рэдкая, схіл мурашніка — больш круты, а мох на дрэвах — гусцейшы.
— Па падобных прыродных прыкметах можна, вядома, вызначыць напрамак свету, але чалавек павінен умець карыстацца компасам і добра разумець, з якога боку, напрыклад, з поўдня ці поўначы, ён увайшоў у лес. Высокая верагоднасць памылкі, таму ў прыярытэце павінны быць ЛЭП, квартальныя слупы і іншыя арыенціры.
— А чым наталіць голад, калі нічога з ежы з сабой не ўзялі? У першую чаргу ў галаву прыходзяць толькі грыбы і ягады.
— Грыбы адназначна нельга ўжываць у ежу. Атруціцца вельмі лёгка, нават калі здаецца, што добра ў іх разбіраецеся. Ды і ўжываць іх у свежым выглядзе нельга. Найлепшы варыянт — агульнавядомыя ягады, напрыклад, чарніцы ці брусніцы. І толькі ў тым выпадку, калі яны не выклікаюць у вас сумненняў.
— Лес не адзінае месца, дзе чалавек можа заблудзіцца. Не меншую небяспеку ўяўляюць балоты.
— Калі ўзнікла неабходнасць зайсці ў балота, абавязкова вазьміце з сабой кій або галіну не менш за 1,5 м даўжынёй. Ідзіце, старанна прамацваючы глебу. Калі пачало засмоктваць, кій трэба пакласці паралельна зямлі і легчы на яго, прыняўшы гарызантальнае становішча. Скіньце заплечнік і, чапляючыся за бліжэйшую траву, паспрабуйце выбрацца. Няма кія — адразу хапайцеся за расліны. Калі няма ні першага, ні другога, тут, на жаль, ужо мала што можна зрабіць. Таму ісці ў балота без шаста катэгарычна забаронена.
У любым выпадку варта клікаць на дапамогу кожныя 2-3 хвіліны і не паддавацца паніцы. Залішнія рухі цела толькі пагоршаць сітуацыю. Чым больш рухаецеся, тым больш засмоктвае.
— Нягледзячы на інфармаванне аб мерах засцярогі падчас паходу ў лес, ратавальнікам усё роўна перыядычна даводзіцца шукаць аматараў лясных прыгод. Ці існуюць якія-небудзь праекты, накіраваныя на памяншэнне колькасці тых, хто заблудзіўся?
— Цяпер у краіне рэалізоўваецца грамадскі праект «Стрэлкі». У густых лясах, перад балотамі, а таксама ў месцах, дзе назіраецца найбольшая колькасць тых, хто заблукаў, устанаўліваюцца спецыяльныя паказальнікі. Яны ўяўляюць сабой чырвоную металічную стрэлку з інфармацыйнай таблічкай, на якой напісаны найбліжэйшы населены пункт, адлегласць да яго, а таксама алгарытм, якога трэба прытрымлівацца, калі чалавек заблудзіўся. Сама стрэлка замацавана на дрэве або слупе і павернута ў бок выхаду з лесу. Каля кожнага паказальніка свой нумар, каардынаты якога ёсць у ратавальнікаў МНС. Толькі ў Мінскай вобласці падобных стрэлак звыш 400. З кожным годам такіх паказальнікаў у нашых лясах становіцца ўсё больш.
***
Спосабы арыентавання і выжывання залежаць ад розных фактараў. Сітуацыя значна ўскладняецца, калі чалавек, які заблудзіўся, пажылы альбо мае хранічныя захворванні. У любым выпадку грэбаваць правіламі наведвання лесу ці балот нельга. У гэтай сферы прадбачлівасць ніколі не будзе залішняй.

Дарэчы
Не бярыце неправераны махавік! Жлобінскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ў сваім тэлеграм-канале змясціў інфармацыю аб тым, якія з грыбоў найбольш назапашваюць радыяцыю. Грыбы могуць забіраць той жа цэзій-137 з глебы, нават калі ён утрымліваецца там у зусім невялікай колькасці. Па гэтай непрыемнай для чалавека здольнасці грыбы дзеляцца на чатыры катэгорыі:
«Акумулятары». Нават пры нязначным забруджванні глебы (0,1-0,2 Кі/км2), канцэнтрацыя цэзію-137 у іх можа перавышаць дапушчальныя нормы (370 Бк/кг), што робіць іх збор у забруджаных раёнах непажаданым. Да гэтай групы адносяцца гаркушка, каўпак кольчаты, польскі грыб, масляк і махавік.
«Моцнаназапашвальныя». Іх збор дазволены пры забруджванні глебы да 1 Кі/км2 з абавязковым кантролем радыеактыўнасці. У гэту групу ўваходзяць грузды, скрыпіца, ваўнянка, зялёнка, казляк і сыраежка.
«Сярэдненазапашвальныя» — лісічка сапраўдная, падзялёнка, баравік, падбярозавік, падасінавік, смаржок і рыжык.
«Слабаназапашвальныя» — апенька, грыб-парасон, порхаўка і шампіньёны.
Збор сярэдне- і слабаназапашвальных грыбоў дапускаецца ў лясах з забруджваннем да 2 Кі/км2 пры ўмове радыеметрычнага кантролю.
Калі вы сумняваецеся ці не ведаеце, ці ў чыстым лесе збіраеце яго дары, лепш усё ж такі праверыць іх у лабараторыі пры мясцовым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
Марыя САМАЛЬ.
Фота Анатоля ДРЫБАСА,
Андрэя КАРАБЕЛЬНІКАВА,
з архіва Андрэя ДАЛГОВІЧА.