Майстар спорту Беларусі па танцавальным спорце, двухразовы фіналіст чэмпіянату свету па шоу ў еўрапейскай праграме, чэмпіён Беларусі 2026 года па праграме «10 танцаў», трохразовы чэмпіён Беларусі па шоу Антон Кірэеў расказаў, што адчувае спартсмен, калі падчас спаборніцтваў выходзіць на паркет пад гімнам і сцягам сваёй краіны, перадае БелТА.
Антон Кірэеў будзе ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету па танцавальным спорце, які пройдзе ў Мінску 5 і 6 снежня. Па словах танцора, вяртанне нацыянальнай сімволікі на турніры стала для спартсменаў асаблівым момантам і вялікім гонарам. «Калі на спаборніцтвах выходзіш пад сваім сцягам, безумоўна, самае вялікае пачуццё, якое цябе адольвае, — адказнасць. Яна матывуе і натхняе. Ты разумееш, што за табой стаіць не маленькая каманда з трэнера, партнёркі і бацькоў, а за табой уся краіна, народ, які перажывае за цябе, гледзячы чэмпіянат па тэлевізары, за табой дзеці, якія трэніруюцца ў танцавальных клубах, для іх ты становішся арыенцірам у прафесіі, тым узроўнем майстэрства, да якога яны імкнуцца. Гэта неверагодна акрыляе і дапамагае на высокай арэне», — расказаў Антон Кірэеў.
Спартсмен таксама падкрэсліў унікальнасць танцавальнага спорту ў параўнанні з іншымі дысцыплінамі. «Тут мы не бяжым стометроўку і не падымаем штангу. На паркеце мы расказваем сваю гісторыю і дзелімся эмоцыямі, у якіх кожны глядач можа знайсці часцінку сябе. Мы пражываем танец разам з залай. Упэўнены, менавіта такую атмасферу мы падорым публіцы 5 снежня», — дадаў ён.
Партнёрка Антона Кірэева Лізавета Мірсаетава адзначыла, што выступленні ў нейтральным статусе сталі для беларускіх спартсменаў сур’ёзным выпрабаваннем, якое навучыла яшчэ больш шанаваць магчымасць прадстаўляць сваю краіну пад нацыянальнымі сімваламі. «Калі мы не маглі выступаць пад сваімі сімваламі, фармальны бок спаборніцтваў заставаўся нязменным — тыя ж сапернікі, судзейскі корпус і шматгадзінная падрыхтоўка ў зале. Аднак адсутнасць дзяржаўнай сімволікі адчувалася востра на кожным старце. Прыязджаючы на спаборніцтвы, ты ўсё роўна адчуваў, што нейкай часцінкі цябе ўнутры няма. Колькі б радасці ні прыносіў рэзультат, у выніковым пратаколе насупраць нашых прозвішчаў не было пазначана, што гэта Беларусь, — не было краіны і сцяга», — расказала майстар спорту Беларусі па танцавальным спорце.
«Але мы верылі, што рухаемся ў правільным напрамку. Цяпер, калі нам вярнулі наш статус, мы ганарымся, што прадстаўляем сваю краіну. Гэта мяняе і выступленні: мы больш не даказваем, хто мы, а адкрыта і з радасцю паказваем сябе», — падкрэсліла Лізавета Мірсаетава.