Прыродны газ многія называюць блакітным палівам. Нехта кажа, што гэта праз досыць яркі колер пры яго згаранні, нехта — праз тое, што для некаторых ён па-ранейшаму застаецца блакітнай марай, бо, здаецца, спраўдзіш яе і гора болей не зведаеш: ні табе дровы нарыхтоўваць, ні да печы іх насіць, ні потым попел выграбаць... Чысціня, цеплыня, камфорт.
Але ж гэта — калі ў парадку ўсё абсталяванне. Газавікі досыць пільна сочаць за ім, каб не здарылася якая бяда, праводзяць прафілактыку (асабліва ў дамах з калонкамі ды ацяпляльнымі катламі). Пліту тады правяраюць асобна, калонку — асобна, але ж самая складаная прылада — гэта кацёл. Яму найбольшая ўвага.
Так яны гаспадыням кажуць (найчасцей — старэнькім), калі за свае візіты грошы бяруць.
...Нейкай восенню да бабулі адной завіталі, божага дзьмухаўца: паказалі дакументы — пусціла ў дом. Там, падсеўшы да стала, старэйшы з іх узяўся разбірацца з паперамі, маладзейшы падышоў да катла, трохі «пашаманіў»: церануў па корпусе, падзьмуў з аднаго боку, з другога і думаў, што на гэтым прафілактыка скончана.
— Гаспадыня, — сказаў, — прымайце работу, падпісвайце акт.
— Можа, ранавата? — спытала ў яго жанчына. — Ты ж яшчэ фільтр не пачысціў.
— А вы што — хочаце без цяпла застацца? — са з’едлівай усмешачкай спытаў газавік. — Дык гэта будзе, калі контргайку раптам сарваць.
— Ды гледзячы як тое зрабіць. Бяры два ключы, — загадала хлопцу гаспадыня. — Тым, што ў левай руцэ, фіксуй асноўную гайку, ключом у правай акуратненька адкручвай контргайку, потым лёгенька адкручваецца асноўная... Здымай фільтр... Чысці... Акуратна пастаў на месца. Цяпер спачатку закруці асноўную гайку, зафіксуй, потым закруці контргайку...
Расчырванеўся хлопец, але ж робіць усё як трэба, бо над душой яшчэ і напарнік стаіць: выйшаў з-за стала, кантралюе...
Хоць, калі па шчырасці, хапіла б кантролю і з боку гаспадыні, бо яна, Таццяна Юр’еўна (інжынер па адукацыі і педагог па прызванні), больш за 40 гадоў адпрацавала ў тэхнічным вучылішчы. І была не проста выкладчыцай, а выкладчыцай-метадыстам вышэйшай катэгорыі. Тэхніка ўвесь гэты час мянялася, рабілася ўсё больш дасканалай, і з кожнай навінкай Таццяна Юр’еўна грунтоўна разбіралася — спачатку сама, а потым вучыла і навучэнцаў, і майстроў вытворчага навучання. Тыя гайкі-контргайкі адкручваць-закручваць ды так, каб не сарваць разьбу, хлопцам мо тысячы разоў паказвала. Вока набіла настолькі, што ці не з першай «аперацыі» бачыла, каму з навучэнцаў можна любую тэхніку даверыць, а каму — лепей шуфель ды тачку.
...Не дзіва, што калі ў дом правялі газавае ацяпленне, яна сама і назубок, што называецца (памяць мала таго што прыродная, дык яшчэ трэніраваная), вывучыла інструкцыю па эксплуатацыі абсталявання. У веданні магла б даць фору любому газавіку, але ж пакуль абмежавалася пстрычкай — па так важна задраным носе.
Л. ЧЫГРЫНАВА
г. Мінск
Вядучая рубрыкі Валянціна ДОЎНАР