Top.Mail.Ru

Калі жыць і працаваць на зямлі прэстыжна

Калі мы Палессе прывядзём у парадак, мы толькі за кошт Палесся накормім усю краіну. Палессе кінуць нельга.


Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Пінскі раён Брэсцкай вобласці пры наведванні ААТ «Парахонскае». 1 кастрычніка 2024 года.

Узорам таго, як трэба працаваць на зямлі, назваў кіраўнік дзяржавы землі «Парахонскага», дзе дасягнуты высокі ўзровень гаспадарання і развіцця сацыяльнай сферы. «Чыста, прыгожа», — сказаў Прэзідэнт. І параіў іншым гаспадарнікам, чыноўнікам звяртацца ў «Парахонскае» па вопыт.

Гісторыя сельгаспрадпрыемства «Парахонскае» пачынаецца з першых калгасаў пасляваеннага часу. Але ж літаральна новае жыццё ў гэты край прынесла маштабная меліярацыя беларускага Палесся. У далёкім 1974 годзе меліяратары перадалі саўгасу «Парахонскі» першыя 2500 гектараў акультураных земляў былых балот. Гаспадарка пачала ўзводзіць жывёлагадоўчыя комплексы, цэхі па прыгатаванні кармоў, склады і іншыя гаспадарчыя памяшканні. Пасёлак тым часам прырастаў інфраструктурай. За паўстагоддзя «Парахонскае» перажывала розныя перыяды, былі ўзлёты і падзенні. Але, як бы цяжка ні было, у Парахонску не спынялася развіццё інфраструктуры. Напрыклад, у 2005 годзе ён стаў першым сельскім населеным пунктам краіны, дзе адкрылі спартыўную пляцоўку са штучным пакрыццём для заняткаў міні-футболам.

Асабліва дынамічна развівалася сельгаспрадпрыемства апошнія два дзесяцігоддзі. Тут пабудавалі і рэканструявалі шэраг сельскагаспадарчых аб’ектаў, узводзілі жыллё, паляпшалі інфраструктуру. У 2012 годзе была завершана газіфікацыя аграгарадка. Вялікая ўвага ўдзялялася падтрыманню ў парадку меліяраваных угоддзяў, добраўпарадкаваліся вуліцы і дарогі ўнутры гаспадаркі.

Сёння ААТ «Парахонскае» мае каля 26 тысяч гектараў сельгасугоддзяў, 26 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Дарэчы, удой на адну карову па выніках года перавысіў адзнаку ў 10 870 кілаграмаў. Цэх механізацыі складаюць больш за 140 трактараў, 35 камбайнаў, 110 грузавых, 32 легкавыя аўтамабілі, 17 аўтобусаў.

У складзе гаспадаркі — шэсць малочнатаварных комплексаў, комплекс па дарошчванні і адкорме маладняку буйной рагатай жывёлы, які складаецца з пяці аддзяленняў, і ферма па вырошчванні цялушак. Шэсць вытворчых участкаў адведзены пад раслінаводчую прадукцыю, ёсць уласныя цэхі па вытворчасці камбікармоў, перапрацоўцы алейных культур, сушцы і грануляванні травяністых кармоў, вытворчасці паліўных брыкетаў. У штаце «Парахонскага» працуе больш за 750 чалавек.

Летась, калі святкавалі 50-годдзе гаспадаркі, яе дырэктар Уладзімір Храленка падкрэсліў, што цяперашнія вынікі роўна ўдвая перавышаюць тыя, што былі чвэрць стагоддзя таму: «І па надоях малака, і па валавым зборы зерня. Цяпер нават цяжка падлічыць, у колькі разоў мы паднялі свой патэнцыял у тэхніцы, у будынках і збудаваннях. Літаральна ва ўсім мы на некалькі парадкаў вышэй. З 2009 года мы рухаліся шпаркімі крокамі. Па-першае, была аграмадная падтрымка, па-другое, аграмаднае жаданне. Людзі працавалі на новай тэхніцы, атрымлівалі прыстойную зарплату і ўтрымлівалі свае сем’і. Жыць у Парахонску і працаваць у ААТ „Парахонскае“ сёння прэстыжна. Працоўныя і культурныя традыцыі старэйшага пакалення працягвае моладзь, і гэта радуе».

Галіна Дубіна працуе галоўным бухгалтарам ААТ «Парахонскае» больш за 15 гадоў. Яна падкрэсліла, што гаспадарка выпускае 23 працэнты валавой прадукцыі раёна пры тым, што займае ўсяго 15 працэнтаў тэрыторыі:

— Умовамі жыцця наш аграгарадок нічым не адрозніваецца ад вялікага горада. У нас цалкам добраўпарадкаванае жыллё, прыгожыя, сучасныя вуліцы. Дзеці маюць магчымасць займацца спортам, музыкай, творчасцю розных кірункаў, для гэтага ёсць усе ўмовы.

У вёсцы цудоўна арганізавана гандлёвае абслугоўванне, нават з горада людзі закупляюцца ў нашых крамах. Ну, а што такое прыстойная зарплата, думаю, не варта расказваць. Яна азначае найперш, што працаўнікі могуць спакойна аплачваць крэдыты, вучыць дзяцей, дазваляць сабе паездкі на адпачынак. У нас ёсць уся патрэбная інфраструктура: школы, садкі, участковая бальніца. Моладзь ад нас не збягае ў горад. Кажу гэта на прыкладзе сваёй сям’і. Усе тры мае сыны скончылі ВНУ сельскагаспадарчага профілю і вярнуліся на работу ў сваю гаспадарку. Маладыя маюць перспектыву як у забеспячэнні жыллём, так і ў прафесійным росце. Усе маладыя спецыялісты атрымліваюць кватэры. Гэтае жыллё даволі хутка вызваляецца, бо многія аддаюць перавагу будаўніцтву ўласнага дома, ды і гаспадарка ўзводзіць дамы.

Калі бачыш вынікі сваёй працы, яе сэнс, калі ёсць умовы для жыцця і работы, то ёсць настрой жыць і працаваць. Думаю, што менавіта ў тым кірунку, які мы асвойваем, і павінна развівацца сельскагаспадарчая галіна краіны. На першым месцы — паспяховая, эканамічна абгрунтаваная вытворчасць, за ёй ідзе абавязковае развіццё інфраструктуры. Калі гэта ёсць, то з’явіцца трэці складнік у выглядзе культурных праектаў, грамадзянскіх ініцыятыў. Гэта я назіраю як дэпутат сельскага Савета. Моладзі ў нас дастаткова, яна пастаянна ініцыіруе экалагічныя, краязнаўчыя, іншыя акцыі і становіцца іх актыўным удзельнікам. Людзі ўсіх пакаленняў займаюцца спортам, удзельнічаюць у рабоце самадзейных калектываў, выязджаюць на канцэрты і прымаюць гасцей артыстаў.

У нас наогул бывае шмат гасцей. А цяпер іх колькасць расце яшчэ і за кошт калег, якія едуць у Парахонск па вопыт. Кожны месяц прымаем некалькі такіх дэлегацый.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю