«Школа жыцця, якая дазваляе развіць дысцыпліну, сілу волі і атрымаць мужчынскі стрыжань»
У суботу, 23 мая, па ўсёй краіне прайшлі ўрачыстыя цырымоніі. Каля 2,5 тысяч чалавек вымавілі клятву на вернасць Радзіме ў 72-м гвардзейскім аб’яднаным навучальным цэнтры Барысаўскага раёна. Мерапрыемства для ваеннаслужачых новага папаўнення і іх бацькоў тут было асабліва хвалюючым, бо сказаць сапраўды важныя рэчы і павіншаваць маладых людзей з прыняццем ваеннай прысягі прыехаў сам Прэзідэнт, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі. А чаму навучыліся навабранцы за месяц службы і якія эмоцыі адчуваюць ад сустрэчы з блізкімі — чытайце ў матэрыяле карэспандэнта «Звязды».
.jpeg)
10:00. На пляцы роўныя шарэнгі прызыўнікоў. Ледзь воддаль, шчыльнымі радамі, — іх родныя і блізкія. У натоўпе раз-пораз чуваць: «Паша! Мы тут!». Дзеля гэтага рытуалу, каб убачыць урачысты момант на свае вочы, у ваенны гарадок прыехалі больш за 9 тысяч чалавек: бацькі, жонкі, дзяўчаты, сябры, знаёмыя. Некаторыя дабіраліся з самых далёкіх куткоў Беларусі.
Каханне, якому не страшнае расстанне
Радавы Антон Гудкоўскі родам з Мінску. У дзень прыняцця ваеннай прысягі невялічкай камандай у 13 чалавек да маладога чалавека прыехалі самыя блізкія: бацькі і жонка. Ваеннаслужачы падзяліўся, чаму навучыўся за першы месяц службы:
— Да прызыву я скончыў Мінскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж, працаваў прадаўцом аўтазапчастак, заўсёды быў звязаны з тэхнікай. Цяпер навучаюся на механіка-кіроўцу БТР-80. Вельмі рады, што трапіў служыць менавіта сюды. Ды і ў цэлым армія дысцыплінуе, дае новыя веды, якія ты ніяк не атрымаеш «на грамадзянцы». І бацька заўсёды гаварыў, што мне гэта спатрэбіцца ў далейшым. Я з ім спрачаўся, але на сённяшні дзень я разумею, што ён меў рацыю.

Па словах навабранца, усведамленне, што «на грамадзянцы» яго чакае любімая жонка, толькі надае сіл і ўпэўненасці, прымушае выконваць пастаўленыя задачы з падвоеным тэмпам.
— Першы месяц службы прайшоў як адно імгненне. Асноўны ўпор пры навучанні рабіўся на тактычную, агнявую падрыхтоўку і медыцыну. Акрамя таго, вялікая ўвага надавалася вывучэнню воінскіх статутаў, паколькі мы ўжо актыўна заступаем у нарады. Таму неабходна на памяць ведаць усе абавязкі, да прыкладу, днявальнага.
Жонка ваеннаслужачага Яна Гудкоўская глядзіць на мужа: у вачах яе чытаюцца гонар і захапленне.
— Гэты месяц без Антона быў самым цяжкім, сумавала страшна! Але неяк навучылася сама спраўляцца, — уздыхае дзяўчына.
.jpeg)
— Адлегласць нас толькі збліжае, каханне мацнее. Ды і тэлефонамі можна было карыстацца, таму стэлефаноўваліся ў дазволены на гэта час, — падзяліўся Антон Гудкоўскі.
Дарэчы, сёння родныя прыехалі да яго не з пустымі рукамі: прывезлі шмат прысмакаў. Антон іх любіць з дзяцінства.
— А ўвечары, дома, будзе вялікі святочны стол. Сёння ж першае звальненне. Збярэцца ўся сям’я, сябры: усіх хочацца ўбачыць! І абавязкова пагаварыць з бацькам. Ён для мяне самы галоўны аўтарытэт: хачу пачуць яго парады.
Уражанні ад стрэльбаў — станоўчыя
Да навабранца Уладзіслава Бараноўскага родныя і сябры ехалі з Мінска. Гавораць, рады нарэшце сустрэцца з сынам.
— Прыемна бачыць, што наш хлопец акрыяў, стаў самастойным, — падзяліўся бацька навабранца Сяргей Сяргеевіч.
— Мы не бачыліся з Уладам месяц, але стэлефаноўваемся кожны дзень: на шчасце, гэта дазволена, — дапаўняе маці навабранца Ірына Бараноўская. — Вельмі ўдзячныя, што ў нашых хлопцаў ёсць такая магчымасць — заўсёды быць на сувязі з бацькамі. Мы ж перажываем за іх, хоць і ведаем, што нічога дрэннага не здарыцца. Тут пра іх клапоцяцца.
Па словах Уладзіслава Бараноўскага, курс маладога байца даўся яму лёгка.
— Хадзілі на танкадром, стрэльбішча: уражанні станоўчыя. Што датычыцца побыту, усё таксама наладжана — уборка, захаванне парадку. Усё паводле статуту.

Ці ёсць у арміі дзедаўшчына?
Радавы Арцём Міловіч з Мінска прызнаўся, што ўсё, чаму ваеннаслужачых навучаюць у арміі, сапраўды актуальна адносна бягучай рэальнасці вядзення бою.
— Мы выконвалі практыкаванні навучальных стрэльбаў на палігоне, спасцігалі асновы тактычнай і медыцынскай падрыхтоўкі. Акрамя таго, нас навучаюць супрацьдзеянні БПЛА і маскіроўцы.
Пры гэтым, прызнаўся Арцём Міловіч, ужо паспеў засумаваць па дому. Але камандзіры і начальнікі, паводле яго слоў, імкнуцца стварыць для ваеннаслужачых умовы, у якіх яны маглі б адчуваць сябе амаль як дома.
На пытанне карэспандэнта «Звязды», ці ёсць у арміі дзедаўшчына, радавы Міловіч адказаў наступным чынам:
— У нас дзедаўчшыны няма, таму што зараз, асабліва тут, вельмі строга сочаць за адносінамі паміж ваеннаслужачымі, каб кожны салдат адчуваў сябе ў бяспецы. Для гэтага ў нас у кожным жылым памяшканні вісяць камеры відэаназірання, праводзяцца пастаянныя праверкі і агляды розных частак цела на наяўнасць пабояў. У адкрытым доступе для ўсіх ваеннаслужачых — тэлефоны даверу, па якіх кожны можа звярнуцца ў выпадку неабходнасці.
Навабранец пажадаў будучым прызыўнікам не баяцца ісці служыць, таму што служба для любога мужчыны — гэта школа жыцця, якая дазваляе развіць дысцыпліну, сілу волі і атрымаць мужчынскі стрыжань, які ў далейшым жыцці вельмі будзе карысны.

«Каб усе нашы маці не турбаваліся, калі аддаюць сваіх сыноў ва Узброеныя Сілы»
Для навабранца Ягора Юшкевіча з Бабруйска, які ў гэты дзень таксама прысягнуў на вернасць Радзіме, павестка з ваенкамата не стала нечаканасцю. Больш за тое, як прызнаўся малады чалавек, ён сам з нецярпеннем чакаў «ліст шчасця».
— Я выдатна паставіўся да гэтага, таму што хацеў служыць. За месяц службы адбылося шмат насычаных падзей. Самымі запамінальнымі для мяне сталі практыкаванні навучальных стрэльбаў, якія мы адпрацоўвалі на палігоне. Вялікая ўвага надавалася і тактычнай падрыхтоўцы, зборцы і разборцы аўтамата, капанню акопаў, медыцынскай падрыхтоўцы.
Выхавальніца дашкольнай адукацыі Аксана Юшкевіч, маці Ягора Юшкевіча, прызналася, што больш за ўсё хоча, каб яе сын годна служыў ва Узброеных Сілах краіны.
— Я хачу, каб усе нашы маці не турбаваліся, калі аддаюць сваіх сыноў ва Узброеныя Сілы, таму што тут за імі старанна сочаць, усе камандзіры адказныя. І я вельмі задаволеная, што мой сын трапіў служыць менавіта сюды.
***
Маладыя людзі сёння прайшлі самы важны этап у сваім станаўленні салдата тэрміновай службы. Воінская прысяга — гэта непарушная клятва вернасці роднай краіне, і для кожнага мужчыны ў пагонах яна святая.
Пасля прыняцця прысягі навабранцы накіраваліся на тэрыторыю цэнтра, каб здаць зброю. Наперадзе — нялёгкая служба, засваенне ваенных спецыяльнасцяў да дасканаласці. Але ўсё гэта будзе потым. А сёння, 23 мая, у маладога папаўнення — першае ў армейскім жыцці звальненне.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА