Top.Mail.Ru

На форуме «Ахова здароўя Беларусі» акцэнт зроблены на інавацыі і перспектыўныя распрацоўкі

12 мая ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры адкрыліся 31-ы Міжнародны медыцынскі форум «Ахова здароўя Беларусі» і спецыялізаваная міжнародная выстаўка «Ахова здароўя — 2026». Сёлета ў рабоце выстаўкі бяруць удзел каля 200 экспанентаў з 8 краін. Гэта вядучыя айчынныя і замежныя вытворцы медыцынскай тэхнікі, вырабаў медыцынскага прызначэння, расходных матэрыялаў, стаматалагічнага абсталявання і фармацэўтычнай прадукцыі. Па традыцыі арганізавана насычаная дзелавая праграма, у рамках якой адбудзецца больш за 40 навукова-практычных канферэнцый, семінараў і прэзентацый.

Тут вызначаецца стратэгія развіцця

На працягу 30 гадоў форум з’яўляецца важнай пляцоўкай для развіцця беларускай аховы здароўя. Ён аб’ядноўвае вядучых айчынных і замежных вытворцаў, спецыялістаў, адукацыйныя ўстановы, прадстаўнікоў улады і бізнесу, а таксама медыцынскіх работнікаў з усёй краіны. Дзякуючы форуму паспяхова ўкараняюцца інавацыйныя медыцынскія прадукты і вызначаюцца найважнейшыя кірункі развіцця аховы здароўя Беларусі. 

Сёлета краінай-партнёрам форуму стаў Кітай. Як адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір ПЯРЦОЎ, ён быў уражаны, пабываўшы летась на адной краінавай выстаўцы ў павільёне кітайскага абсталявання і тэхналогій аховы здароўя.


— Можна смела казаць аб тым, што ў гэтай сферы Кітай з’яўляецца сусветным лідарам. І на сёлетняй выстаўцы 13-га мая пройдзе Дзень Кітайскай Народнай Рэспублікі, дзе пакажуць усе напрацоўкі і тэхналогіі, якія будуць ужытыя ў Беларусі і іншых краінах, што прымаюць удзел у выстаўцы, — адзначыў Уладзімір Пярцоў, падкрэсліўшы, што сёлета яна стала больш маштабнай: колькасць экспанентаў павялічылася на два дзясяткі, таксама выраслі і выставачныя плошчы. 

Дарэчы, 13 мая ў рамках дзелавой праграмы пройдуць 3 канферэнцыі з удзелам кітайскіх спецыялістаў па традыцыйнай кітайскай медыцыне, хірургічнай робататэхніцы і штучным інтэлекце. У цэлым жа дзелавая праграма форуму ахопіць шырокі спектр пытанняў, актуальных для сучаснай аховы здароўя. У цэнтры ўвагі будуць такія тэматычныя кірункі, як інавацыі ў рэабілітацыі, фізіятэрапіі, фармацэўтыцы, акушэрстве і гінекалогіі, неўралогіі, псіхіятрыі, траўматалогіі, пульманалогіі, эндакрыналогіі, імуналогіі, тэрапіі, медыцынскай прафілактыцы, а таксама сучасныя біятэхналогіі, лічбавізацыя аховы здароўя і добраахвотнае медыцынскае страхаванне.


У гэтай сувязі міністр аховы здароўя Аляксандр ХАДЖАЕЎ назваў медыцынскі форум візітнай карткай айчыннай аховы здароўя.

— Менавіта тут прэзентуюць інавацыйныя медыцынскія прадукты і вызначаецца стратэгія развіцця аховы здароўя Беларусі, — адзначыў Аляксандр Хаджаеў. — Прэзідэнт нашай краіны назваў гэты перыяд часам канкрэтных спраў. Таму і ахове здароўя сёння патрэбны канкрэтныя справы, дакладныя прапановы і якасныя вынікі. Праграма форуму сёлета вельмі насычаная і актуальная, мы будзем абменьвацца вопытам і перадавымі практыкамі з замежнымі калегамі, абмяркоўваць інавацыі. Вядома, у Год беларускай жанчыны мы не забудземся і пра выдатных прадстаўніц айчыннай аховы здароўя. Ім прысвечана цэлая экспазіцыя ў Музеі гісторыі медыцыны Беларусі, — дадаў міністр, падкрэсліўшы, што вынікі форуму павінны паўплываць на заўтрашні дзень айчыннай аховы здароўя і ўсе лепшыя дасягненні будуць выкарыстоўвацца ў практычнай медыцыне. 

Старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валерый МАЛАШКА дадаў, што ўсё тое, што напрацавана фармацэўтычнай прамысловасцю, вытворцамі медыцынскага абсталявання прадстаўлена на выстаўцы і будзе даступна тым спецыялістам, што стаяць каля ложка хворага.

Усё дзеля нашага здароўя

Цэнтральнае месца ў выставачнай экспазіцыі форуму займаюць калектыўныя стэнды холдынга «Белфармпрам» і прадпрыемства «Белмедтэхніка», на якіх прадстаўлены айчынныя распрацоўкі экспарта арыентаванай медыцынскай тэхнікі і лекавых сродкаў. На стэндах рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў медыцынскага профілю дэманструюцца інавацыйныя методыкі, найноўшыя распрацоўкі і дасягненні ў сферы аховы здароўя. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі прадстаўляе на выстаўцы калектыўны стэнд, сфарміраваны навукова-даследчымі арганізацыямі, якія займаюцца распрацоўкай рашэнняў для айчыннай медыцыны і фармацэўтыкі.


На выстаўка дэманструецца «Алея MedicalStartup». Тут сабраны самыя перспектыўныя ІТ-праекты ў сферы медыцыны. Тут сваімі ідэямі гатовы падзяліцца пераможцы рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» 2025—2026 гг., удзельнікі конкурсу MedicalStartup і рэзідэнты тэхнапаркаў. Гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з будучыняй медыцынскіх тэхналогій.

Універсітэты медыцынскага профілю Беларусі фарміруюць тэматычную экспазіцыю «Адукацыйная алея» — спецыяльную пляцоўку для прэзентацыі адукацыйных паслуг і дэманстрацыі інавацыйных распрацовак устаноў адукацыі. Установы вышэйшай адукацыі прадстаўляюць перспектыўныя і запатрабаваныя ў медыцыне спецыяльнасці, дасягненні студэнцкай моладзі і новыя метады навучання, у тым ліку магчымасці Рэспубліканскага цэнтра прафесійнай атэстацыі і сімуляцыйнага навучання, створанага для адпрацоўкі на сімулятарах рознага ўзроўню складанасці практычных навыкаў і хуткага прыняцця рашэнняў у крытычных сітуацыях.


Сярод нязвыклых экспанатаў — так званыя экзашкілеты, якія трэніруюць мышцы і дазваляюць навучыцца хадзіць пасля тых ці іншых хвароб. Вымяраюцца параметры канкрэтнага пацыента, ён перасаджваецца ў прыладу, якая пад яго падладжваецца. Далей пачынаецца трэніроўка. Прылада навязвае рух і за кошт сувязі паміж канечнасцямі і галаўным мозгам адбываецца аднаўленне хадзьбы. 

— Для нашага рэгіёна гэта дастаткова ўнікальная тэхналогія, яе распрацоўка вядзецца з 2013 года. На дадзены момант у нас ужо даволі вялікі спектр вырабаў, якія прадстаўлены на рынках СНД і не толькі. Некаторыя вырабы не маюць аналагаў. Напрыклад, экзашкілет «Сафія» ўмее выконваць такія патэрн-рухі, якія не могуць рабіць іншыя вырабы, — расказаў Сяргей Крэнеў, прадстаўнік кампаніі «ЭкзаАтлет».

Выстаўка і міжнародны медыцынскі форум будуць праходзіць да 15 мая. 

Алена КРАВЕЦ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю