Top.Mail.Ru
76

Каля 5 млрд рублёў атрымалі работнікі дзякуючы калектыўным дагаворам

У нацыянальным прафцэнтры прааналізавалі дынаміку развіцця калектыўна-дагаворнай работы ў арганізацыях усіх сфер эканомікі. На сёння ў краіне дзейнічае звыш 18,2 тысячы такіх дакументаў.



«Кожны калектыўны дагавор, у залежнасці ад рэальных эканамічных магчымасцяў, утрымлівае нормы, дзякуючы якім работнікі атрымліваюць розныя выплаты і кампенсацыі звыш заканадаўства — ад выплаты матэрыяльнай дапамогі, прэмій, надбавак да прадастаўлення дадатковых аплатных дзён водпуску, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Дзмітрый Аляксейчык. — Так, па выніках мінулага года агульная сума выплачаных работнікам па калектыўных дагаворах сродкаў склала практычна 5 млрд рублёў. Прычым, тут гаворка ідзе толькі пра тыя палажэнні калдагавораў, якія можна алічбаваць. У той жа час на практыцы ёсць і шмат іншых норм, якія дзейнічаюць у інтарэсах работнікаў. Напрыклад, на многіх прадпрыемствах прадугледжаны дадатковыя гарантыі захавання рабочага месца для розных катэгорый работнікаў, павышэння кваліфікацыі, магчымасці карэкціроўкі працоўнага часу і шмат іншага».

Трэба адзначыць, што з кожным годам аб’ём дадатковых гарантый, прапісаных у калектыўных дагаворах, пашыраецца. Напрыклад, па выніках мінулага года павялічылася колькасць прадпрыемстваў і арганізацый, дзе ў адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі прадугледжана развіццё сістэмы настаўніцтва, у тым ліку гэта ўстанаўленне стымулюючых выплат вопытным работнікам, якія бяруць на сябе абавязак суправаджаць маладых спецыялістаў. Вялікая ўвага надаецца і падтрымцы тых, хто толькі пачынае свой працоўны шлях. Для замацавання маладых кадраў усё часцей у калектыўныя дагаворы ўключаюцца нормы, якія прадугледжваюць зніжэнне нормаў выпрацоўкі пры захаванні заработнай платы, дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання, выплаты маладым людзям, якія вяртаюцца на сваё месца працы пасля тэрміновай службы ў войску, і інш.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю