Паўтысячы чалавек маглі стаць ахвярамі двух крушэнняў суднаў у Бенгальскім заліве. Такія папярэднія даныя паступілі ад Міжнароднай арганізацыі па міграцыі і Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, паведаміла агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на выданне «The Times of India».
Усяго судны перавозілі каля 530 чалавек. Большасць пасажыраў былі прадстаўнікамі этнічнай групы рахінджа. Яны адправіліся морам з М’янмы ў Бангладэш у канцы чэрвеня. На борт аднаго з плаўсродкаў падняліся прыкладна 250 чалавек. Сувязь з ім пазней была страчана. Другое судна змясціла да 280 чалавек і таксама знікла: мяркуюць, што яно затанула 8 ліпеня. Дакладная колькасць ахвяр застаецца невядомай. Да абодвух трагічных здарэнняў маглі прывесці дрэнныя ўмовы надвор’я.
Паводле даных УВКБ ААН, толькі ў 2025 годзе больш за 6,5 тыс. рахінджа вымушана адправіліся ў патэнцыйна небяспечныя марскія падарожжы — каля 900 з іх загінулі або зніклі без вестак.