Каля 500 удзельнікаў збярэ абласны форум моладзі «Час тваіх магчымасцяў», які 12-13 лютага пройдзе ў Віцебску. Пра гэта БелТА паведамілі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.
Форум пройдзе другі раз і аб’яднае працуючую моладзь з усіх рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Маладых людзей чакае інтэнсіўная адукацыйная праграма, сустрэчы з экспертамі, прадстаўнікамі органаў мясцовай улады, бізнес-супольнасці, канцэртна-забаўляльная праграма і інш.
У першы дзень яны наведаюць секцыі «Эканоміка», «Аграпрамысловы комплекс», «Жыллёва-камунальная гаспадарка», «Сацыяльная абарона», «Ахова здароўя», «Дзяржаўныя служачыя», «Адукацыя», «Будаўніцтва і транспарт», «Гандаль і бытавыя паслугі», «Культура», «Спорт», якія будуць арганізаваны на прадпрыемствах і ва ўстановах Віцебска і Віцебскага раёна. Тут пройдуць адкрытыя дыялогі з удзелам кіраўнікоў структурных падраздзяленняў, абласных арганізацый галіновых прафсаюзаў, экскурсіі, майстар-класы і інш. Маладым людзям раскажуць пра дасягненні ў розных галінах народнай гаспадаркі, магчымасцях кар’ернага росту. Акрамя гэтага, яны змогуць абмяняцца ініцыятывамі і прафесійнымі навыкамі. На наступны дзень у ВДУ імя П.М. Машэрава адбудзецца дыялогавая пляцоўка «Моладзь — будучыня краіны» з удзелам кіраўніцтва Віцебскай вобласці.
Арганізатарамі форуму з’яўляюцца галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, Віцебскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў, Віцебскі абласны камітэт БРСМ, Віцебскі абласны савет працоўнай моладзі.