Каля 65% грамадскага транспарту ў Беларусі адаптавана для людзей з інваліднасцю і фізічна аслабленых асоб. Аб гэтым БелТА расказала начальнік упраўлення па справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вікторыя Грэчка.
Вікторыя Грэчка адзначыла, што ў краіне прыкладаюцца значныя намаганні па стварэнню даступнага асяроддзя. Усё больш вуліц абсталявана тактыльнай тратуарнай пліткай, павялічваецца колькасць святлафораў з сінхронным гукавым сігналам, на будынках з’яўляюцца маўленчыя інфарматары, кантрасная маркіроўка дзвярных палотнаў і іншыя элементы. «Таксама на працягу шэрага гадоў у краіне закупляецца нізкападлогавы транспарт, каб людзі з інваліднасцю маглі свабодна карыстацца грамадскім транспартам — аўтобусамі і тралейбусамі. Лідарам у гэтым напрамку з’яўляецца Мінск, дзе доля даступнага нізкападлогавага транспарту складае больш як 92 працэнты. Па ўсёй рэспубліцы гэты паказчык складае каля 65 працэнтаў», — расказала яна.
Акрамя таго, грамадскія аб’яднанні інвалідаў праводзяць заняткі з работнікамі транспарту, занятымі ў перавозках пасажыраў, па бяспечным узаемадзеянні з пасажырамі-інвалідамі.
Важным аспектам даступнасці транспартнай інфраструктуры з’яўляюцца выдзеленыя месцы для стаянкі транспартных сродкаў інвалідаў на ўсіх аўтамабільных паркоўках. «Разам з гэтым прадугледжана права бясплатнага карыстання інвалідамі аўтамабільнымі паркоўкамі. Гэта норма мае імператыўны характар і распаўсюджваецца на ўсе паркоўкі незалежна ад формы ўласнасці», — адзначыла Вікторыя Грэчка.
Яна таксама падкрэсліла, што Дзяржаўтаінспекцыя сумесна са сродкамі масавай інфармацыі, грамадскімі аб’яднаннямі інвалідаў і іншымі зацікаўленымі бакамі праводзіць шмат прафілактычных акцый і рэйдаў для прадухілення парушэнняў правілаў паркоўкі на месцах для інвалідаў. Па выніках 2024 года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута больш як 3 тыс. кіроўцаў.