Top.Mail.Ru

Каля 80 % прамысловых насаджэнняў у нас займаюць пладовыя дрэвы

Вітамінны канвеер айчыннай вытворчасці


Беларускія вучоныя ўпэўнены: у сучасных садах павінны расці не толькі яблыні і грушы. Селекцыя і інтрадукцыя паказваюць, што наша краіна магла б забяспечваць насельніцтва разнастайнай вітаміннай прадукцыяй, у тым ліку экзатычнай.

Марозаўстойлівыя сарты

Калі ў 1970-я гады на Беларусь прыпадалі тры кліматычныя зоны, то сёння прырода падкідвае сюрпрызы — значна пацяплела ў паўднёвых частках Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Для вучоных Інстытута пладаводства змена клімату — падстава для новых даследаванняў. Натуральна, спяшацца з тэхнічным вырошчваннем вінаграду (а такія эксперыменты ўжо праводзяцца), закладваць персікавыя і абрыкосавыя плантацыі пакуль не трэба. Гэты год паказаў, што зімы з крытычнымі тэмпературамі ніхто не адмяняў.

Аднак селекцыя не стаіць на месцы. Напрыклад, у беларускіх сартоў яблыні патэнцыял па марозатрываласці — мінус 40 градусаў. Дзякуючы гэтаму яны могуць выдатна адчуваць сябе не толькі ва ўсіх абласцях краіны, але і ў цэнтральных рэгіёнах Расіі. Адзін з самых знакамітых беларускіх сартоў грушы «Проста Марыя» вытрымлівае да мінус 38 градусаў. Ёсць у нас і свае зімоваўстойлівыя сарты слівы. Вядзецца селекцыя па абрыкосах і персіках. Першы беларускі сорт персіка «Лойка», запатэнтаваны Інстытутам пладаводства, таксама можа перажываць халодныя зімы, да таго ж ён устойлівы да курчавасці.

На сучасным этапе ў насаджэннях сарты беларускай селекцыі займаюць каля 60 %. Дзякуючы рабоце вучоных адбываецца паступальны рост айчынных сартоў у рэестры. Калекцыя інстытута (генафонд у 5,5 тысячы ўзораў) дазваляе працаваць ў розных кірунках.

Сакрэты добрага ўраджаю

Дарэчы, прадукцыйнасць можа залежыць не толькі ад сорту. Вучоныя падабралі найлепшыя камбінацыі падвояў і прывояў, якія забяспечваюць ураджайнасць 50–70 тон з гектара. Распрацаваны рэцэптуры для захоўвання асобных сартоў.

Вялікая работа вядзецца селекцыянерамі для таго, каб расцягнуць перыяд спажывання свежай садавіны. Так, беларускія яблыкі сёння можна выдатна захоўваць да вясны. Асаблівым попытам карыстаюцца групы сартоў позне-зімняга ўжывання: «Імант», «Белана», «Алеся», «Весяліна», якія здольны доўгі час захоўваць свае ўласцівасці. Цэлы канвеер створаны па грушы. Для гаспадарак і аматараў цікавасць уяўляюць сарты позне-зімовага ўжывання. Тут можна назваць «Завею», «Калядную» і шэраг іншых.

Па алычы і сліве — можна вырошчваць сарты, якія будуць радаваць пладамі з ліпеня да верасня. Можна зрабіць вітамінны канвеер і па вішні, калі вырошчваць розныя сарты — ад ранняй «Ласухі» да позняга «Грэота беларускага». А навінка «Юбілейная белсад» падыходзіць для пасадкі без сартоў-апыляльнікаў. Не трэба забывацца і пра чарэшню, селекцыя па гэтай культуры ў нашай краіне вядзецца каля стагоддзя. Адна з апошніх распрацовак — сорт «Люба» па буйнаплоднасці ягад (10-12 г) не саступае сусветным аналагам.

Беларускія сарты парэчак у параўнанні з замежнымі маюць высокую самаплоднасць. Вядзецца селекцыя па агрэсту, сучасныя сарты прыдатныя для механічнай уборкі. Сёння вырошчваюцца як летнія, так і рэмантантныя сарты маліны. Першы беларускі рэмантантны сорт — «Вераснёвая». Існуе таксама лінейка сартоў суніц садовых. Калі за мяжой селекцыя вядзецца з разлікам на тое, каб ягада даўжэй захоўвалася, беларускія сарты адрозніваюць водар, смак і ўстойлівасць да хвароб.

Вялікая ўвага ўдзяляецца арэхаплодным. Створаны чатыры айчынныя сарты грэцкіх арэхаў. Заслугоўвае ўвагі і беларускі фундук («Лал», «Яшма», «Аркадзій»). У апошнія гады ўсё большую папулярнасць набывае бружмель. Асабліва ён запатрабаваны ў арганічным землекарыстанні, і беларускія сарты прыдатныя для гэтага. Можна згадаць і іншыя культуры: хенамеліс (айва японская), аронію (чарнаплодную каліну) і гэтак далей. Інстытут пладаводства займаецца вытворчасцю арыгінальнага пасадачнага матэрыялу ўсіх гэтых культур. Сёння экзотыка актыўна «рассяляецца» па прысядзібных участках. Яна магла б радаваць і забяспечваць вітамінамі і юных гаспадароў у школьных садах.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю