На плошчы Дзяржаўнага сцяга сабраліся дзяўчаты і хлопцы, якія не проста любяць Радзіму, а гатовыя дзейнічаць і рухацца наперад, займацца добрымі і карыснымі справамі дзеля яе росквіту. Штабам студэнцкіх атрадаў, штабам рэспубліканскіх працоўных праектаў — зводным студэнцкім атрадам паводле кірункаў іх дзейнасці ўручылі «Працоўныя пуцёўкі».
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір ПЯРЦОЎ адзначыў, што сярод моладзі цяпер усё папулярней становіцца асваенне дадатковых прафесій для таго, каб мець заробак у летні перыяд, што немалаважна: «Але не толькі новая прафесія і грошы цягнуць вас кожнае лета далучацца да студатрадаўскага руху. Гэта магчымасць здабыць новых працоўных таварышаў, сяброў, якія, напэўна, будуць з вамі на працягу ўсяго вашага жыцця».

Спікер таксама падзякаваў студэнтам за тое, што яны называюць свае атрады імёнамі герояў Вялікай Айчыннай вайны, якія паклалі свае жыцці за мірную і квітнеючую Беларусь. «У гэтым годзе акрамя шматлікіх рабочых, сэрвісных і медыцынскіх атрадаў будзе і адзін асаблівы. Яго ўдзельнікі зоймуцца будаўнічымі работамі па ўзвядзенні галоўнага аб’екта Нацыянальнага гістарычнага музея. Калі музей будзе пабудаваны, вы будзеце прыходзіць у яго і ганарыцца тым, што зроблена ў сучаснай Беларусі, ганарыцца нашай гісторыяй, а некаторыя — сваім працоўным унёскам у будаўніцтва музея», — сказаў Уладзімір Пярцоў. Ён таксама пажадаў байцам моцнага здароўя і надзейных сяброў: «Няхай гэты летні трэці працоўны семестр пройдзе з максімальнай карысцю для вас і на карысць нашай роднай Беларусі».

Першы сакратар ЦК БРСМ, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Аляксандр ЛУК’ЯНАЎ падкрэсліў: «Упэўнены, гэты працоўны семестр будзе адзначаны яркімі дасягненнямі. Разам з вамі мы першымі зробім унёсак у будаўніцтва ўнікальных аб’ектаў — Нацыянальнага гістарычнага музея і парку Народнага адзінства, якія ў будучыні стануць сімваламі суверэннай і незалежнай Беларусі».

Дарэчы, члены БРСМ пастаянна ўдзельнічаюць у навядзенні парадку на зямлі, прыборцы тэрыторый. А ў Год добраўпарадкавання працоўныя акцыі сталі дапаўненнем фактычна кожнага мерапрыемства, і, безумоўна, адкрыццё трэцяга працоўнага семестра не выключэнне.
Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця байцы будаўнічых атрадаў паўдзельнічалі ў працоўнай акцыі «ТрудКрут», затым моладзь чакалі прагляд дакументальнага фільма «Лагеры смерці. Спаленыя вёскі», ускладанне кветак да стэлы «Мінск — горад-герой», патрыятычны праект «Слава Пераможцам!» у Маладзёжным тэатры эстрады, кінаканцэрт «Рэквіем. Каб памяталі...». А ўвечары хлопцы і дзяўчаты наведалі экспазіцыю «Дарога да Перамогі» ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры «БелЭкспа».
А пасля іх чакаюць працоўныя будні.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД