Каля 82 тыс. першакласнікаў сядуць за парты беларускіх школ у новым навучальным годзе. Аб гэтым журналістам паведаміла начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі — намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова, паведаміла БелТА.
Прыём дакументаў для залічэння дзяцей у 1-я класы пачынаецца з 12 чэрвеня. «У параўнанні з мінулым годам ніякіх змяненняў няма — парадак ужо ўстаяўся. Міністэрствам адукацыі, установамі зроблена ўсё, каб парадак прыёму дакументаў у 1-я класы быў празрыстым і зразумелым для бацькоў. З 12 чэрвеня прымаюцца дакументы ад бацькоў, дзеці якіх пражываюць у мікрараёне ўстановы адукацыі», — расказала Ірына Каржова.
У кожнай школе і гімназіі створаны камісіі па прыёме дакументаў, якія для зручнасці бацькоў працуюць як у першую палову дня, так і ў другую, а таксама па суботах. «Неабходна ва ўстанове адукацыі напісаць заяву, прадаставіць пасведчанне аб нараджэнні і медыцынскую даведку аб стане здароўя дзіцяці. Калі бацькі хочуць падаць дакументы на залічэнне дзіцяці ва ўстанову адукацыі, не пражываючы на тэрыторыі, якая замацавана за гэтай установай, то ім неабходна запісацца на прыём да дырэктара, на прыёме падаць заяву на залічэнне дзіцяці ў гэту ўстанову на свабодныя месцы. Заява будзе зарэгістравана ў спецыяльным журнале. Прыём саміх дакументаў у такіх сем’яў будзе ажыццяўляцца пасля 15 жніўня», — праінфармавала начальнік упраўлення.
Яна запэўніла бацькоў, што месцаў у школах хопіць усім. «Важна памятаць, што ўсе ўстановы адукацыі працуюць па адзіных праграмах і вучэбных планах. Бацькам няма неабходнасці чакаць жніўня, каб зразумець — будуць свабодныя месцы ў канкрэтнай установе адукацыі ў гэтым годзе ці не. На сайтах школ і гімназій штодзённа будзе абнаўляцца інфармацыя аб колькасці пададзеных дакументаў і заяў на свабодныя месцы. Таксама на сайтах ёсць інфармацыя аб колькасці дзяцей, якія пражываюць у мікрараёне, замацаваным за ўстановай адукацыі, кантрольныя лічбы прыёму. Правёўшы простыя матэматычныя разлікі, можна вызначыць, будзе свабоднае месца для залічэння вашага дзіцяці або варта адразу вызначыцца з установай адукацыі па месцы жыхарства», — адзначыла Ірына Каржова.