Top.Mail.Ru

Каля Кургана Славы адбыўся рэспубліканскі інструктаж супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі

У мерапрыемстве ўзяў удзел кіраўнік МУС Іван Кубракоў. Акрамя таго, да знакавага мемарыяла ў Смалявіцкім раёне прыбылі кіраўніцтва цэнтральнага апарату ведамства, сталічнай і абласной міліцыі, ГУДАІ МУС і рэгіянальных падраздзяленняў. У адзіным страі з імі знаходзіліся супрацоўнікі і ветэраны Дзяржаўтаінспекцыі, курсанты Акадэміі і Каледжа МУС, ліцэісты, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў.


Напярэдадні Дня Перамогі ў рамках інструктажу з асабовым складам Дзяржаўтаінспекцыі адбылася цырымонія ўскладання кветак да падножжа Кургана Славы. Дэлегацыя МУС на чале з Іванам Кубраковым аддала даніну памяці ўсім, хто выстаяў у жорсткай сутычцы з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Затым кіраўнік ведамства ўручыў ключы ад 12 новых матацыклаў, якія ў бліжэйшы час паступяць у спецпадраздзяленне ДПС «Страла». Сучасная мотатэхніка прызначана для выканання задач па суправаджэнні вышэйшых службовых асоб і дэлегацый, а таксама патрулявання і хуткага рэагавання на дарожныя здарэнні.


Заслужаныя ўзнагароды атрымалі супрацоўнікі і ветэраны, якія праславіліся. Звяртаючыся да кіраўнікоў падраздзяленняў, Іван Кубракоў выказаў удзячнасць у іх асобе ўсім вартавым дарог за прафесіяналізм і адданасць абавязку. Начальнік ГУ ДАІ Віктар Ротчанкаў аддаў загад падначаленым аб заступленні на службу.

Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства прадоўжылася на ніжняй пляцоўцы мемарыяльнага комплексу «Курган Славы». Каля экспазіцыі ваеннай тэхнікі сталі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ў эксперыментальных узорах новага форменнага абмундзіравання. Тут жа размясціўся патрульны аўтамабіль для дэманстрацыі яго тэхнічнага абсталявання.

Затым наступіў кульмінацыйны момант — службовая двухколавая тэхніка выстраілася для мотапрабегу. Вартавыя парадку ўзялі курс ад Кургана Славы да вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС. Калону ўзначаліў на матацыкле «Мінск» Іван Кубракоў.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, міністр унутраных спраў падкрэсліў, што выкарыстанне ў органах унутраных спраў мотатранспарту — не даніна модзе, а неабходнасць. «Мотасезон ужо стартаваў, і супрацоўнікі ДПС ДАІ павінны быць гатовы забяспечыць бяспеку ўдзельнікаў дарожнага руху, — падкрэсліў ён. — Сёння ў рэспубліцы зарэгістравана 450 тысяч адзінак двухколавай тэхнікі, гэта лічба пастаянна расце».


У мінулым годзе ў ДТЗ з удзелам такога транспарту загінулі 45 чалавек. «Кожнаму вадзіцелю матацыкла трэба разумець сваю адказнасць, — звярнуў увагу кіраўнік ведамства. — Хуткасць перамяшчэння па дарогах агульнага карыстання павінна быць бяспечнай. Адкрытым хуліганам на дарозе не месца! Да іх неабходна прымяняць самыя жорсткія меры рэагавання, аж да пазбаўлення права кіравання і канфіскацыі мотатранспарту згодна з заканадаўствам».

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю