Ключавая тэма маштабнага мерапрыемства — захаванне нацыянальнай гістарычнай спадчыны і традыцыйных духоўных каштоўнасцяў. Ініцыятыва абмеркаваць надзённыя пытанні аб практычным увасабленні работы ў гэтым кірунку належала абласному Савету дэпутатаў. Яе падтрымалі абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, грамадскія аб’яднанні «БРСМ» і «Белая Русь».
Форум стаў пляцоўкай для абмену думкамі і вопытам паміж яго ініцыятарамі, прыцягнутымі спецыялістамі, а таксама працуючай моладдзю, у ліку якой — члены маладзёжных саветаў пры Савеце Рэспублікі, Палаце прадстаўнікоў, аблсавеце, раённых (гарадскіх) Саветах, маладыя дэлегаты VІІ Усебеларускага народнага сходу, актывісты патрыятычнага і маладзёжнага рухаў.
Двухдзённы насычаны форум пачаўся з сустрэчы з кіраўнікамі паўночнага рэгіёна ў аблвыканкаме.
— Работа з маладзёжнымі саветамі садзейнічае фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў прадстаўнікоў пакаленняў будучыні, — выказаў упэўненасць старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў. — Сёння ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця патэнцыялу маладых людзей. Правядзенне форуму стала лагічным працягам гэтай сістэмнай работы. Мы зрабілі акцэнт на тэме «Роднае маё», каб праз мову, гісторыю, сумесную працу замацаваць сувязь моладзі з малой радзімай. Гэта падзея павінна стаць пунктам росту новых лідараў.
Падчас адкрытага дыялогу з прадстаўнікамі ўлады абмеркавалі пытанні дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, занятасці, развіцця сацыяльнай сферы.
Непарыўную сувязь пакаленняў, павагу да гераічнага і жалобнага мінулага свайго краю ўдзельнікі форуму прадэманстравалі, усклаўшы кветкі на мемарыяльным комплексе «Пяты полк».
Ажыўлена было на дыскусійных пляцоўках, развернутых на базе ТАК «Лосвіда» ў Гарадоцкім раёне. Так, на адной з іх — «Лідарства, грамадзянская актыўнасць і патрыятызм: формула дзеяння» — сваім вопытам падзяліліся парламентарыі Глеб Лапіцкі і Сяргей Мялешкін. На другой — «Мая мова» — ішла зацікаўленая размова аб развіцці беларускай мовы. На трэцяй — «Праекты, якія мяняюць Віцебшчыну» — удзельнікі форуму, падзяліўшыся на групы, вучыліся распрацоўваць праекты ініцыятыў, у рэалізацыі якіх зацікаўлены жыхары пэўных населеных пунктаў.
У выніку адбылася прэзентацыя чатырох моцных праектаў: «Родныя прасторы» — па стварэнні сучаснага месца адпачынку ў аграгарадку Шайтарава Верхнядзвінскага раёна; «Гульнябус» — па мабільнай дастаўцы гульнявога інвентару ў аддаленыя вёскі Віцебскага раёна для забеспячэння роўнага доступу дзяцей да развіваючых і актыўных забаў; «Анёл» — па ўмацаванні і інфармацыйнай падтрымцы аднайменнага пошукава-выратавальнага атрада ў Наваполацку; «Смак роднага горада: гастратур па Віцебску» — па стварэнні інтэрактыўнай гастранамічнай карты з квэстамі і дэгустацыямі, якая расказвае пра гісторыю і брэнды абласнога цэнтра.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц