Top.Mail.Ru
189

«Калядны кірмаш» і не толькі. Дзе ў Мінску адкрыюцца святочныя кірмашы

Чым здзівіць гасцей галоўны калядны кірмаш у Мінску, расказала на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Эла Жаўтко, паведаміла БелТА. 


У Мінску на пляцоўцы каля Палаца спорту разгорнецца галоўны калядны кірмаш «Калядны кірмаш». «Пачне работу ён 20 снежня і будзе праходзіць штодня да 11 студзеня. У навагоднюю ноч кірмаш будзе працаваць да 4.00. У дні святкавання каталіцкага Раства 24-25 снежня кірмашы пройдуць на пляцоўках усіх раёнаў сталіцы, — расказала Эла Жаўтко. — На галоўным гарадскім кірмашы можна будзе набыць жывыя елкі, у тым ліку ў кадках, вырабы рамеснікаў. У драўляных шале будзе прадстаўлена разнастайная прадукцыя аб’ектаў грамадскага харчавання, у тым ліку стравы беларускай нацыянальнай кухні: бліны з гарачымі начынкамі, дранікі, шашлыкі, агародніна-грыль, прысмакі, свежая выпечка, духмяны глінтвейн, гарачы шакалад, Травяныя чаі, морсы. Для маленькіх наведвальнікаў на фуд-зоне будзе прадстаўлена дзіцячае меню. Для людзей, якія трымаюцца посту, прадугледжаны посныя стравы». 

Акрамя таго, для стварэння святочнага настрою на пляцоўцы будуць працаваць атракцыёны: каруселі, электрамабілі, паравозікі і іншыя забавы для дзяцей, дадала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг.

Напярэдадні Раства і Новага года з 15 па 31 снежня ў Палацы мастацтваў будзе працаваць зімовая выстава-кірмаш. «Наведвальнікам прапануюць прадукцыю беларускіх майстроў, рамеснікаў, вырабы ручной працы. Выстава „Дабрадзел“ пройдзе з 26 па 28 снежня. Яе арганізуе Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр. Вядомы жыхарам і гасцям Мінска кірмаш „Чароўны млын“. Тут можна будзе набыць навагоднія падарункі ручной працы», — звярнула ўвагу Эла Жаўтко.

«З 22 снежня ва ўсіх адміністрацыйных раёнах Мінска пачнуць працаваць пляцоўкі, якія будуць рэалізоўваць жывыя елкі. На землях агульнага карыстання іх будзе размешчана 59 і яшчэ адна будзе на гарадскім кірмашы каля Палаца спорту. Таксама ва ўнівермагах сталіцы прадстаўлена больш за 2 тыс. тавараў, якія маюць навагоднюю тэматыку і атрыбутыку», — падсумавала яна.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю