Пляцоўка каля Палаца спорту стала ўжо традыцыйнай лакацыяй для правядзення асноўнага каляднага кірмашу сталіцы. «Гэта месца досыць прахадное, тут шмат турыстаў», — адзначыла Алена Нагорная. «Калядны кірмаш» пачне работу 20 снежня і працягнецца да 11 студзеня. «Мы прааналізавалі папярэднія кірмашы і прыйшлі да высновы, што гэта найбольш аптымальныя даты. Правядзенне кірмашу супадае з культурнай праграмай, каб наведвальнікам было весела і цікава», — расказала начальнік галоўнага ўпраўлення.
Святочныя кірмашы таксама арганізуюць адміністрацыі раёнаў Мінска. «Кірмашы пройдуць на працягу аднаго дня — 24 або 25 снежня. Пасля прыняцця адпаведнай пастановы Мінгарвыканкама мы размесцім усю інфармацыю на сайце, каб жыхары і госці сталіцы ведалі, дзе можна цікава правесці час не толькі ў цэнтры горада, але і ў мікрараёнах», — удакладніла Алена Нагорная.
Яна таксама расказала, што з 22 снежня ў Мінску пачнуць работу ёлачныя кірмашы: «На землях агульнага карыстання такіх ёлачных кірмашоў будзе 59. Усе лакацыі мы размесцім на сайце Мінгарвыканкама, каб жыхары разумелі, дзе набыць ёлкі ў крокавай даступнасці».
Да продажу ёлак актыўна падключаюцца і гандлёвыя цэнтры. «На пляцоўках гандлёвых цэнтраў арандатары арганізуюць ёлачныя кірмашы. На сённяшні дзень інфармацыя актуалізуецца, і ўжо на наступным тыдні мы будзем разумець, колькі гандлёвых цэнтраў арганізуюць у сябе ёлачныя кірмашы», — заключыла начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама.