Top.Mail.Ru

Каманда Беларусі са 122 медалямі стала трэцяй у агульным заліку III Гульняў краін СНД

Беларускія спартсмены заваявалі 122 медалі III Гульняў краін СНД, якія з 26 верасня па 8 кастрычніка праходзілі ў сямі гарадах Азербайджана, паведамляе БелТА.



Нашы атлеты сталі прызёрамі ва ўсіх відах спорту, у якіх удзельнічалі. Усяго ў актыве каманды 32 залатыя, 38 сярэбраных і 52 бронзавыя ўзнагароды. Больш за ўсё медалёў — 35 — было здабыта ў плаванні (4-15-16). Дзве перамогі на мультыспартыўным форуме атрымаў Усевалад Саракавік. Лідарамі па ўзнагародах вышэйшай пробы (9) аказаліся весляры на байдарках і каноэ, на рахунку якіх таксама па адным другім і трэцім месцы. Па тры разы на верхнюю прыступку п’едэстала падымаліся Эміль Абалмасаў і Арцём Вайцешын. Шэсць залатых і адну сярэбраную ўзнагароды заваявалі скакуны на батуце, трохразовай чэмпіёнкай стала Яна Лебедзева. 

Па восем медалёў нашы спартсмены выйгралі ў барацьбе (4-3-1) і дзюдо (2-2-4), па сем — у тхэквандо (3-2-2) і настольным тэнісе (0-1-6). Пяць прызавых месцаў было занята ў каратэ (1-0-4), бадмінтоне (0-1-4), боксе (0-1-4) і мастацкай гімнастыцы (0-5-0). Чатыры разы беларусы ўваходзілі ў тройку лепшых у акадэмічным веславанні (2-1-1) і кулявой стральбе (0-1-3), па дзве ўзнагароды прынеслі стральба з лука (1-0-1), валейбол (0-2-0), баскетбол 3×3 (0-1-1), самба (0-1-1) і фехтаванне (0-0-2). Яшчэ адну бронзу ўзяла юнацкая зборная па футболе.

У медальным заліку каманда Беларусі заняла трэцюю пазіцыю сярод трынаццаці краін-удзельніц. На вяршыні з 231 медалём апынулася дэлегацыя з Расіі (130-61-40), другімі сталі гаспадары спаборніцтваў з Азербайджана, якія ўзялі 184 узнагароды (33-56-95). Таксама прызёрамі станавіліся прадстаўнікі Узбекістана, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана, Пакістана і Турцыі, ні з чым засталіся атлеты з Кубы, Кувейта і Амана. Усяго ўдзел у III Гульнях краін СНД прынялі больш за 1600 спартсменаў не старэйшых за 23 гады.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю