Top.Mail.Ru

Каманды Беларусі і Расіі згуляюць на турніры па міні-футболе памяці абаронцаў чыгуначнага вакзала ў Брэсце

У Брэсце 21 чэрвеня пройдзе міжнародны турнір па міні-футболе, прысвечаны памяці абаронцаў Брэсцкага чыгуначнага вакзала. Аб гэтым паведамляе БелТА.



Гэтыя спаборніцтвы маюць працяглую гісторыю, у абласным цэнтры яны пройдуць ужо 26-ы раз. У гэтым годзе ў турніры прымуць удзел каманды Брэсцкага, Баранавіцкага і Пінскага гарнізонаў міліцыі, 38-й гвардзейскай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады, зборнай МУС Беларусі. Таксама прыедуць прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення на транспарце МУС Расійскай Федэрацыі.

Матчы пройдуць у палацы гульнявых відаў спорту «Вікторыя». У першай палавіне дня адбудуцца асноўныя гульні, пасля абеду — фінальныя.

Турнір традыцыйна праводзяць напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Такім чынам праваахоўнікі аддаюць даніну памяці сваім калегам — абаронцам Брэсцкага чыгуначнага вакзала. У чэрвені 1941 года нямецка-фашысцкія захопнікі штурмавалі тут не толькі Брэсцкую крэпасць. Абаронцы чыгуначнага вакзала — чыгуначнікі, міліцыянеры і чырвонаармейцы — таксама абараняліся да апошняга. Гітлераўцы іх абстрэльвалі, пускалі газ, затаплялі падвалы, дзе хаваліся абаронцы. Яны не здаваліся каля тыдня, большасць з іх загінулі.

Удзельнікі турніру па міні-футболе прымуць удзел у начных мерапрыемствах, якія 22 чэрвеня пройдуць у мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой». У 02.00 на плошчы Цырыманіялаў загучаць першыя мелодыі канцэрта-рэквіема «4 гады доўгага шляху...». Яго ўдзельнікамі стануць беларускія і расійскія выканаўцы. У 04.00 па традыцыі пачнецца мітынг-рэквіем. Брастаўчане і госці ўскладуць кветкі да Вечнага агню і пліт некропаля, ушануюць памяць абаронцаў Айчыны. На світанні на Кобрынскім умацаванні адбудзецца ваенна-гістарычная рэканструкцыя, у час якой пакажуць ключавыя эпізоды абароны Брэсцкай крэпасці.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю