Top.Mail.Ru
240

Каманды са Швецыі згуляюць у фінале хакейнай Лігі чэмпіёнаў

Сталі вядомы фіналісты розыгрышу хакейнай Лігі чэмпіёнаў сезона-2025/26, паведамляе БелТА.


За званне самай моцнай каманды кантынента паспрачаюцца два шведскія клубы — «Фрэлунда» з Гётэбарга і «Лулеа». У паўфінале хакеісты «Фрэлунды» прайшлі суайчыннікаў з «Брунеса»: першы паядынак закончыўся перамогай «індзейцаў» з лікам 2:0, сустрэчу ў адказ каманды звялі да нічыёй 2:2. «Лулеа» на стадыі адной другой фіналу ў абедзвюх гульнях быў мацнейшы за швейцарскі «Цуг» з аднолькавым рэзультатам 3:2.

Па выніках рэгулярнага чэмпіянату «Фрэлунда» заняла трэцяе месца сярод 24 удзельнікаў, а ў плэй-оф гётэбаргскі клуб па суме двух матчаў абыграў французскі «Грэнобль» (4:3) і нямецкі «Інгальштат» (5:3). «Лулеа» ў «гладкім» сезоне фінішаваў дзявятым, пасля чаго выбіў з барацьбы чэшскую «Камету» (9:6) і лепшую каманду папярэдняга раўнда фінскі «Ільвес» (6:2).

Фіналісты сезона-25/26 ужо сустракаліся ў вырашальным матчы хакейнай Лігі чэмпіёнаў: у 2015 годзе перамогу з лікам 4:2 атрымаў «Лулеа». Пасля той няўдачы «Фрэлунда» згуляла яшчэ ў чатырох фіналах турніру і выйграла ўсе (2016, 2017, 2019, 2020 гг.). Паядынак за трафей з-за паўзы на зімовыя Алімпійскія гульні пройдзе ў Гётэбаргу толькі 3 сакавіка.

Удзел у розыгрышы хакейнай Лігі чэмпіёнаў-25/26 прынялі чатыры каманды са Швейцарыі, па тры са Швецыі, Фінляндыі, Чэхіі і Германіі, дзве з Аўстрыі і па адной з Італіі, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Францыі, Даніі і Польшчы. Уладальнікамі Кубка ў папярэднія гады станавіліся фінскія клубы ЮП (2018) і «Тапара» (2023), шведскі «Рэгле» (2022) і швейцарскія «Жэнева-Сервет» (2024) і «Цюрых» (2025).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю