Top.Mail.Ru

Камандзір 38-й брыгады аб праверцы УС: Ваеннаслужачыя настроены пазітыўна, выконваюць пастаўленыя задачы

Ваеннаслужачыя павінны быць гатовы да выканання любой задачы. Так пракаменціраваў правядзенне раптоўнай праверкі Узброеных Сіл камандзір 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады ў Брэсце Валерый Булыга, паведамляе БелТА.


У адпаведнасці з планам праверкі Узброеных Сіл па рашэнні кіраўніка дзяржавы 10 лютага прыведзена ў вышэйшую ступень гатоўнасці 38-я брыгада. Падраздзяленні будуць выконваць задачы па прызначэнні ў складаных умовах тактычнай абстаноўкі. Пасля чаго кожны ваеннаслужачы і падраздзяленні будуць ацэнены па выніках кантрольных заняткаў па агнявой і фізічнай падрыхтоўцы. У прыватнасці, дэсантнікі выканаюць кантрольныя стрэльбы з усіх відаў зброі, практыкаванні на вынослівасць і на сілу.

Паводле слоў Валерыя Булыгі, у 38-й брыгадзе чакалі, што праверка Узброеных Сіл закране і яе часці і падраздзяленні. «Зразумела, мы не чакалі, што гэта адбудзецца менавіта сёння, — падкрэсліў камандзір. — Усе ваеннаслужачыя злучэння гатовы да розных праверак. Мы павінны быць гатовы да ўсяго. Ваеннаслужачыя настроены пазітыўна, нягледзячы на ўмовы надвор’я, паспяхова выконваюць вызначаныя задачы. Думаю, мы не падвядзём ні брыгаду, ні ў цэлым сілы спецыяльных аперацый у ходзе справаздачы перад кіраўніком дзяржавы па выніках праверкі».

Прадстаўнікі Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі сёння раніцай уручылі камандзіру 38-й дэсантна-штурмавой брыгады распараджэнне, падпісанае кіраўніком дзяржавы, аб прывядзенні воінскіх часцей і падраздзяленняў брыгады ў вышэйшую ступень баявой гатоўнасці. «Брыгада ў гэты перыяд займалася ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі. У прыватнасці, асноўная частка падраздзяленняў завяршыла заняткі фізічнай падрыхтоўкай па раскладзе заняткаў. Адна з воінскіх часцей, якая непасрэдна знаходзіцца цяпер на палігоне, што называецца, была заспета знянацку ў перыяд заняткаў па агнявой падрыхтоўцы — атрымала сігнал на прывядзенне ў вышэйшую ступень боегатоўнасці. Адно з падраздзяленняў гэтай воінскай часці ўжо знаходзіццца на маршы ў раён, які прадпісана ў адпаведнасці з баявым распараджэннем заняць і ў далейшым выканаць там шэраг дзеянняў», — растлумачыў Валерый Булыга.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю