Top.Mail.Ru

Камбайнер Дзяніс Пшонны з ААТ «Маяк Высокае» Аршанскага раёна першым на Віцебшчыне намалаціў 1 тысячу тон зерня

Прозвішча — «хлебнае»

Лідарскія пазіцыі ён займае другі год запар. Летась Дзяніс адначасова з родным братам Яўгенам сталі першымі тысячнікамі. У гаспадарцы, дзе перадавік працуе трэці год, аб ім адгукаюцца як аб працавітым, адказным мужчыне, у руках якога спорыцца любая справа.

Рытм жніву задаюць лідары

Перадавіка ўшанавалі на рабочым месцы. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр РАГОЖНІК, уручаючы яму падзячны ліст і падарунак — тэлевізар, адзначыў, што прыклад Дзяніса Пшоннага паказальны, на ім вучацца іншыя аграрыі, уключаючы моладзь. Кіраўнік вобласці не ўстрымаўся і разам з героем дня зжаў колькі палос спелай пшаніцы. Ён таксама заўважыў, што каля чвэрці валавага намалоту Аршанскага раёна належыць ударнікам «Маяка Высокага».

У гэтай гаспадарцы збожжавыя і зернебабовыя належыць убраць на плошчы звыш 3 тысяч га, на раніцу 30 ліпеня зжата 33 % ад неабходнага. Намалочана 4 тысячы 300 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 43 ц/га. Планавы валавы збор складае 10 тысяч тон, але, мяркуючы па стане збожжавых, разлічваюць атрымаць і большы вынік.


— Калі любіш сваю работу, усё, за што бярэшся, удаецца, — дзеліцца сакрэтам свайго поспеху Дзяніс Пшонны. — На работу трэба ісці з добрым настроем. Гаспадарка падрыхтавалася да жніва выдатна: аб’яўлены нядрэнныя расцэнкі, заахвочванне, ёсць запчасткі, арганізаванае харчаванне. Сам працую на новым ротарным камбайне вытворчасці «Гомсельмаша» з 9-метровай жаткай і двайной сепарацыяй. Пры цяперашняй ураджайнасці бункер аб’емам 9,5 кубаметра напаўняецца за 15-20 хвілін. Машын на адвозцы збожжа хапае. Добра жаць, калі ёсць што жаць.

«Жытніца» паўночнага рэгіёна

Аршанскі раён па валавым намалоце збожжавых традыцыйна ўваходзіць у лік лідараў Віцебшчыны. За кошт высокай кадастравай ацэнкі ўрадлівасці глеб раён заўсёды атрымлівае высокія вынікі, ён лічыцца своеасаблівай «жытніцай» Віцебскай вобласці.

У гэтым годзе выкарыстоўваецца патэнцыял Аршаншчыны: павялічаны пасяўныя плошчы, у тым ліку пад азімую сяўбу. Гэта дае дадатковы ўраджай, а значыць і дадатковыя грошы. Акрамя таго што раён робіць важкі ўнёсак у забеспячэнне харчовай бяспекі Беларусі, ён актыўна экспартуе сельгаспрадукцыю. Чаму ж не рабіць тое, што добра атрымліваецца, у чым ёсць кампетэнцыі і вопыт, тэхнічныя і тэхналагічныя рэсурсы? Як сапраўдныя гаспадары тутэйшыя земляробы ўпэўнены, што не варта баяцца складаных задач і баяцца «пацець», каб дабіцца іх выканання. Кожны кавалачак зямлі павінны быць задзейнічаны.

Сёлетняя ўборачная на грамадскіх палях раёна ідзе ў планавым рэжыме з улікам добрага надвор’я, якое ўрэшце ўсталявалася. Уся тэхніка ў палях. Азімыя рапс і ячмень зжалі ў сціслыя тэрміны, надышоў час масавай уборкі пшаніцы. Ураджай нядрэнны, і галоўную задачу аграрыі бачаць у тым, каб захаваць яго не толькі падчас непасрэднай уборкі, але і пры транспарціроўцы, сушцы, далейшай перапрацоўцы. У першую чаргу выконваецца дзяржзаказ, астатняе — скарбніца гаспадарак: гэта і пасяўны матэрыял, і кармы для жывёлы, і крыніца папаўнення рахункаў.

У гэтым годзе ў галіну сельскай гаспадаркі Аршаншчыны масава паступае новая тэхніка: 12 энерганасычаных і 10 іншых трактароў, пяць камбайнаў. Пастаўкі працягваюцца.

— Штатныя механізатары сельгаспрадпрыемстваў падчас жніва, як правіла, перасаджваюцца на камбайны. Каб не дапусціць прастою энерганасычаных трактароў, сёлета мы зрабілі асаблівы акцэнт на прыцягненне механізатараў з іншых арганізацый для работы менавіта на тэхніцы, якая засталася без кіроўцаў. На працягу года кадраў хапае, каб працаваць планава, а ў пікавыя моманты, такія як жніво, трэба выкарыстоўваць рэзервы, — звярнуў увагу старшыня Аршанскага райвыканкама Леанід МОЙЖЫК. — Прыцягненне памочнікаў дазваляе паралельна з уборачнай весці падрыхтоўку да азімай сяўбы і выконваць іншыя неабходныя работы. Так, ужо ў гэтыя выхадныя прыступім да сяўбы азімага рапсу. Як толькі справімся з уборкай у сваім раёне, па неабходнасці гатовыя дапамагчы суседзям.

Кіраўнік раёна паведаміў, што, насуперак прагнозам нядобразычліўцаў, ні Аршанскі, ні які іншы рэгіён не адчуваюць праблем з пастаўкамі паліва. Яго хапае, ніякіх перабояў, як і з запаснымі часткамі, няма. Гэтыя пытанні рашаюцца цэнтралізавана, пад кіраўніцтвам і кантролем Прэзідэнта і абласной улады. Пабудавана зладжаная работа. Дызель і бензін выкарыстоўваюцца рацыянальна і эфектыўна, гаспадаркі ажыццяўляюць своечасовыя разлікі. Мэта — не згубіць ніводнае зярнятка.

Святлана ЯКАЎЛЕВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю