Top.Mail.Ru

На 16-ай сесіі Мінгарсавета зацвердзілі бюджэт сталіцы на 2026 год

Заключнае сёлета пасяджэнне Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў прайшло ў Мінгарвыканкаме 23 снежня. У цэнтры ўвагі дэпутатаў — падвядзенне вынікаў выканання бюджэту горада Мінска на 2025-ы год, фарміраванне бюджэту сталіцы на будучы год, вызначэнне пераможцаў конкурсу сталічных грамадзянскіх ініцыятыў, якія будуць рэалізаваны ў 2026-м, і шэраг іншых тэм.


Аб выніках работы гарадскіх дэпутатаў

Як адзначыў старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран, у рамках работы з насельніцтвам дэпутаты гарсавета за 11 месяцаў 2025 года правялі больш за 1,5 тысячы асабістых прыёмаў, звыш тысячы сустрэч з насельніцтвам, атрымана больш за 2,6 тысячы зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. Добра зарэкамендавалі сябе выязныя мерапрыемствы: на працягу года сталічныя дэпутаты сумесна з памочнікамі ажыццяўлялі маніторынг тэрыторый сваіх выбарчых акругаў. У полі іх зроку былі стан дзяржаўных сімвалаў, умовы пражывання ў інтэрнатах, гандлёвыя аб’екты, пакосы зялёных зон, стан дрэў, дваровых праездаў, асвятлення тэрыторый. 

«Па аб’ектах гандлю было наведана больш за тысячу магазінаў крокавай даступнасці. У восеньскі перыяд ажыццяўляўся маніторынг і сельгаскірмашоў. Агульная заўвага, якую аператыўна мы з вамі дастаўлялі ў аддзелы гандлю і адміністрацыі раёнаў, — неабходнасць павелічэння ўдзельнай вагі тавараў беларускай вытворчасці з прымальнай выкладкай у прыкасавай зоне. Таксама выяўляліся выпадкі парушэння тэрміну прыдатнасці прадуктаў, санітарных нормаў, афармлення і гэтак далей. Усе гэтыя прапановы па ліквідацыі заўваг своечасова накіроўваліся як самім суб’ектам, так і ў адміністрацыі раёнаў для інфармавання і кантролю», — падкрэсліў Арцём Цуран.

Бюджэт па традыцыі — сацыяльна накіраваны

Дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў на 16-й сесіі зацвердзілі бюджэт сталіцы на 2026 год. Як адзначыў начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінгарвыканкама Уладзімір ЖУКОВІЧ, ён мае сацыяльную накіраванасць і сфарміраваны па даходах у памеры 13,2 мільярда, па расходах — у памеры 13,7 мільярда рублёў. «На фінансаванне сацыяльнай сферы плануецца накіраваць больш за 6 мільярдаў рублёў. У бюджэт закладзены рост заработнай платы, падтрымка сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян, расходы на стварэнне камфортнага гарадскога асяроддзя. Таксама плануецца накіраваць грашовыя сродкі на развіццё інфраструктуры ў горадзе-спадарожніку Смалявічах, рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў», — канкрэтызаваў Уладзімір Жуковіч.

Бюджэт на 2026-ы сфарміраваны з улікам прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на будучы год. У асноўным ён фарміруецца за кошт падаходнага падатку, падатку на прыбытак, а таксама зямельнага падатку і на ўласнасць. 

«Даходы бюджэту 2026 года сфарміраваныя 16 падатковымі і 45 непадатковымі крыніцамі, — удакладніла старшыня Пастаяннай камісіі Мінгарсавета па эканамічным развіцці, фінансах, бюджэце і прадпрымальніцтве Святлана КАЖЭКІНА. — Што датычыцца расходнай часткі, то звыш 44 % сродкаў будзе накіравана на сацыяльна-культурную сферу. Запланаваны 13-працэнтны рост заработнай платы ў бюджэтнай сферы». 

Яшчэ адзін вялікі расходны артыкул — гэта жыллёва-камунальная гаспадарка

Як удакладніў у сваім выступленні Уладзімір Жуковіч, на ахову здароўя ў 2026 годзе плануецца выдзеліць на 15% больш сродкаў у параўнанні з 2025-м. Расходы сфарміраваны з улікам маючага адбыцца ўвядзення ў строй новай паліклінікі ў жылым раёне Усходні, новых будынкаў гарадскога наркалагічнага цэнтра і інфекцыйнай бальніцы.

Што датычыцца расходаў на адукацыю, іх павялічаць на 13% адносна 2025 года. Яны будуць накіраваны ў першую чаргу на аплату працы работнікаў, выплату стыпендый навучэнцам, утрыманне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, неабходнай для арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Транспартная галіна сталіцы атрымае сродкі на набыццё рухомага саставу (на 49,8% больш у параўнанні з папярэднім годам), а значная частка фінансавання жыллёва-камунальных паслуг будзе накіравана на добраўпарадкаванне Мінска.

Аб’ём фінансавання Інвестпраграмы на 2026-ы — звыш 2 мільярдаў рублёў

У размове з журналістамі перад сесіяй старшыня Пастаяннай камісіі Мінгарсавета па горадабудаўніцтве, жыллёвай палітыцы, землекарыстанні і экалогіі Аляксандр ХІЖНЯК адзначыў, што Інвестпраграма 2025 года была беспрэцэдэнтная па сваім аб’ёме, яе памер — больш за 2 млрд рублёў. «І асноўны яе рэсурс сёння накіраваны ў ахову здароўя і адукацыю. Нямала сродкаў было таксама выдзелена на добраўпарадкаванне горада, развіццё вулічна-дарожнай сеткі. Павінен адзначыць, што ў цэлым наша будаўнічая галіна завяршае год нядрэнна, і, падводзячы вынік рэалізацыі праграмы, хацелася б падзякаваць усім тым, хто да гэтага датычны», — сказаў Аляксандр Хіжняк.

Па яго словах, аб’ём Інвестпраграмы на 2026 год, якую зацвердзілі падчас пасяджэння, супастаўны з леташнім. Таксама захаваны асноўныя прыярытэты: будаўніцтва жылля, аб’ектаў адукацыі, аховы здароўя, развіццё інжынерна-транспартнага забеспячэння.

Па словах старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірыны ГОНТАРАВАЙ, аб’ём фінансавання Інвестпраграмы складзе 2 мільярды 116 мільёнаў рублёў, з якіх 200 мільёнаў — крэдытныя рэсурсы банкаў на фінансаванне трэцяй лініі метро і рэканструкцыю Мінскай ачышчальнай станцыі. Таксама сродкі плануецца накіраваць на пагашэнне працэнтаў і асноўнага доўгу па раней выдадзеных крэдытах.

«Фактычна на капітальнае будаўніцтва аб’ектаў мяркуецца накіраваць 1 мільярд 821 мільён бюджэтных сродкаў. Асноўнымі прынцыпамі інвестыцыйнай праграмы з’яўляецца канцэнтрацыя бюджэтных сродкаў на аб’ектах, якія падлягаюць уводу ў эксплуатацыю ў 2026 годзе, якія маюць высокую ступень гатоўнасці, якія будуюцца па даручэнні кіраўніка дзяржавы, урада, а таксама адлюстраваныя ў мерапрыемствах па праблемных пытаннях і наказах грамадзян, выказаных кандыдатам у дэпутаты Мінгарсавета 29-га склікання ў ходзе перадвыбарнай кампаніі», — адзначыла спецыяліст.

Адзін з найбольш фінансуемых напрамкаў — сфера жыллёва-камунальных паслуг, добраўпарадкаванне. На гэтыя мэты прадугледжана 648 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, запланаваны работы па 17 аб’ектах аховы здароўя, 21 аб’екце адукацыі (дашкольнай і сярэдняй). У пераліку таксама значацца праекты ў галіне культуры, фізічнай культуры, спорту і не толькі.

Ініцыятывы працягнуць рэалізоўваць

Як паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Савета па самакіраванні і правапарадку Мінгарсавета Вячаслаў КУЗНЯЦОЎ, ад грамадзян і юрыдычных асоб усяго паступіла 70 ініцыятыў. Іх асноўная тэматыка — уладкаванне дзіцячых гульнявых і спартыўных пляцовак. 

«Першапачаткова прапаноўвалася рэалізаваць 38 грамадзянскіх ініцыятыў на суму, якая ў тры разы перавышае ўзровень бягучага года. У працэсе абмеркавання было прынята рашэнне дапоўніць пералік яшчэ адным праектам», — дадаў Вячаслаў Кузняцоў. 

Асноўнае патрабаванне аб фінансавым удзеле жыхароў захаваецца: 10% ад кошту праекта ўносяць ініцыятары (грамадзяне, арганізацыі, спонсары), а 90% кампенсуецца з бюджэту.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю