Сёлета беларусам, чый гадавы даход перавысіў 200 тысяч рублёў, упершыню трэба будзе запоўніць дэкларацыі і падаць іх у падатковую. Пра гэта паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі.
Каму трэба падаць
Штогод дэкларацыі аб даходах, падаткаабкладанне якіх ажыццяўляецца падатковымі органамі, падаюць каля 40 тысяч чалавек. Паводле статыстыкі мінулага года, 68 % дэкларацый падаецца ў сувязі з атрыманнем даходаў з-за мяжы. Дэклараваць трэба даходы, якія былі атрыманы за мяжой або з-за мяжы. Каля 20 % дэкларацый падаюць тыя, хто атрымаў даходы ад продажу маёмасці. Без дэкларацыі можна на працягу пяці гадоў прадаць адну кватэру, адзін жылы дом, адзін зямельны ўчастак, адзін гараж. Калі на працягу пяці гадоў прадаць дзве і больш кватэры, два і больш жылыя дамы, то, адпаведна, у дачыненні да другога аб’екта продажу неабходна падаць падатковую дэкларацыю.
Яшчэ адна катэгорыя, каму трэба запоўніць дэкларацыю, — тыя, хто атрымаў падарункі. Калі ў суме яны перавышаюць 10 431 беларускі рубель за 2024 год, трэба даць справаздачу перад падатковай. Падарункі ад блізкіх сваякоў на любую суму падаткам не абкладаюцца. Дэкларацыі трэба паспець падаць да 31 сакавіка, а аплаціць падаходны падатак трэба да 2 чэрвеня.
Звышдаходы і павышаныя стаўкі
Гаворка ідзе аб даходах, якія атрыманы ад крыніц у Беларусі па трох падставах:
- даходы па працоўных дагаворах;
- даходы ў выглядзе дывідэндаў;
- даходы па грамадзянска-прававым дагаворы, прадметам якога з’яўляюцца выкананне работ, аказанне паслуг, стварэнне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці.
Гэтыя тры віды даходаў сумуюцца, і даход, які перавышае 200 тысяч рублёў, абкладаецца падаткам па стаўцы 25 %. Пры гэтым залічваюцца падаткі, якія былі на працягу года ўтрыманы з даходаў, што перавышаюць 200 тысяч. Напрыклад, калі чалавек за год атрымаў заработную плату і дывідэнды ў суме 300 тысяч рублёў, адпаведна, яму неабходна падаць дэкларацыю, падатак будзе пералічаны з розніцы — са 100 тысяч рублёў. У гэтым выпадку ўлічваюцца толькі даходы, якія абкладаюцца, згодна з Падатковым кодэксам, па стаўцы 13 %. Калі яны на працягу года абкладаліся іншымі стаўкамі, то не ўлічваюцца пры падліку ліміту ў 200 тысяч рублёў.
«Напрыклад, гэта могуць быць стаўкі 0 %, 6 % па дывідэндах. Гэта можа быць стаўка 9 % па працоўных дагаворах ад рэзідэнтаў індустрыяльнага парка „Вялікі камень“. Гэта можа быць нават стаўка 13 %, прадугледжаная не артыкулам 214 Падатковага кодэкса, а іншым законам у дачыненні да працоўных даходаў ад рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій», — удакладніў Андрэй Кавалеўскі.
У каго дадаткова спытаюць?
Асобна цікавіцца падатковая тымі людзьмі, у якіх выяўляецца перавышэнне выдаткаў над афіцыйнымі даходамі. Андрэй Кавалеўскі растлумачыў, каго правяраюць у першую чаргу: «Гэтыя праверкі падатковыя органы
праводзяць кропкава, папярэдне прааналізаваўшы вялікі масіў інфармацыі аб выдатках. Але ўсё ж такі з праверкамі мы ідзём не да кожнага беларуса, таму што гэта, напэўна, няправільна». Падатковыя органы працуюць у першую чаргу з прадстаўнікамі бізнесу, якія падазраюцца ва ўтойванні даходаў і мінімізацыі падатковых абавязацельстваў.
Напрыклад, калі камерцыйнае прадпрыемства паспяхова функцыянуе, у яго зарплата практычна ва ўсіх работнікаў у памеры «мінімалкі». Узнікае пытанне: а як так і што гэта за заробкі такія? Пры гэтым заснавальнікі, топ-менеджмент набываюць дарагія транспартныя сродкі і нерухомую маёмасць. Менавіта да гэтых асоб у першую чаргу ў падатковых органаў узнікаюць пытанні.
Лепш гэта зрабіць своечасова
Калі кліент падатковай «забыўся» падаць дэкларацыю, па якой ён павінен аплаціць падаткі, і пратэрміноўка склала больш як 30 рабочых дзён, яму выставяць штраф у памеры 0,5 базавай велічыні з павелічэннем яго на 0,5 БВ за кожны поўны месяц пратэрміноўкі, але не больш за 10 базавых велічынь.
Чалавек спазніўся з выплатай падаходнага падатку — у такім выпадку, калі нявыплачаная або не цалкам выплачаная сума падатку перавышае адну базавую велічыню, гэта цягне накладанне штрафу ў памеры 15 % ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш за 0,5 базавай велічыні.